Смех як лекі. Без рэцэпта

22.08.2014
"Звязда", 22 жніўня 2014 г.

 
На "Беларусь 2" прыйдуць новыя "Інтэрны".
Камедыйны серыял пра складаныя ўзаемаадносіны пацыентаў, урачоў і яшчэ не зусім урачоў - учарашніх выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў, якія трапляюць на "баявое хрышчэнне" да харызматычнага і дэспатычнага тэрапеўта Быкава, за тры гады пераўзышоў па рэйтынгах бадай усе расійскія сіткомы і заваяваў сэрцы мноства гледачоў: ад моладзі да пенсіянераў. І вось цяпер, без помпы і фанфар, стартуе чацвёрты сезон серыяла - з новымі і старымі героямі і сюжэтамі, узятымі, здаецца, проста з гісторый хвароб. 
У доктара Быкава (Іван Ахлабысцін), які выпусціў у свет медыцыны некалькі урачоў - папярэдні набор інтэрнаў, з'явіліся новыя "падвопытныя" падначаленыя, набраныя па выніках своеасаблівага кастынгу на профпрыдатнасць: Аляксей Мальцаў, які прыехаў з Таржка ў Маскву набірацца вопыту, каб вярнуцца і ўзняць на новы ўзровень раённую бальніцу; залічаная па "блаце" пляменніца найлепшага сябра Быкава, доктара Купітмана, прыгажуня Сафія Калініна, якая старанна ўтойвае ўласную кемлівасць; і патомны ўрач Максім Карнееў, той яшчэ авантурыст і прыдумшчык. Кампанію ім складаюць добра знаёмая гледачам старшая медсястра Люба, а таксама маленькі сын Быкава і галоўурача бальніцы Настассі Кісягач, санітары, абслуговы персанал і, безумоўна, пацыенты - кожны са сваімі праблемамі і балячкамі.
Ці будзе гэта настолькі ж смешна, як у мінулых сезонах? Пачынаючы з 25 жніўня, паглядзім - штотыдзень з панядзелка па чацвер у вячэрнім эфіры (19.50), з наступным дзённым паўторам.

Вікторыя ЗАХАРАВА.