Шукаць рэчы і... знаходзіць сябе

08.10.2005
"Культура", 8 кастрычніка 2005 г.


Чалавек надзвычай прывабны - з уважлівымі сінімі вачыма, стрыманымі, поўнымі годнасці рухамі, ён прыемна здзіўляў і сваёй адукаванасцю, далікатнасцю, шчырасцю. Алесь Матафонаў аказаўся тым суразмоўцам, пра якога журналісту адно марыць. Але падчас нашай прыемнай гутаркі з тэлевядучым Першага Нацыянальнага тэлеканала няўлоўнае "штосьці не так" не давала спакою. I раптоўна мяне "азарыла" - вопратка! Калі ў думках апрануць таленавітага журналіста ў сярэднявечны строй, усё становіцца на свае месцы. Алесь Матафонаў - гэта герой твораў Караткевіча, якому нават сучаснае адзенне не перашкаджае заставацца тым, хто ён ёсць. I гэтая думка адразу ж дапамагла мне ўбачыць свет гэтага чалавека. У нашу залу "V. I. Р." драматург па адукацыі і журналіст па нахтненні быў запрошаны з нагоды яго пятага праекта на Беларускім тэлебачанні - праграмы "Маем рэчы". Аднак, адштурхнуўшыся ад навіны, тэлевядучы закрануў і надзённыя тэмы беларускай культуры і, як і герой вядомага класіка, быў у размове катэгарычным і вельмі шчырым.

- Алесь, усё ж якія рэчы маюцца ў праграме "Маем рэчы"?
- Гэты новы праект быў прыдуманы разам з гісторыкам матэрыяльнай культуры Алесем Белым. Ён удзельнічаў у маіх мінулых перадачах, і я прапанаваў яму стаць сааўтарам праграмы. Гаворка ў праграме "Маем рэчы" ідзе не толькі пра рэчы матэрыяльныя, якія ляжаць у нас пад нагамі, а мы часам і не заўважаем іх, але і пра нашы традыцыі, якія сыходзяць у нябыт. Напрыклад, як рабіць беларускія сыр, дуду, люльку. Мы сустракаемся з тымі энтузіястамі, якія даюць жыццё старажытным беларускім рэчам, аднаўляюць традыцыі іх вырабу ў сучасным цывілізаваным свеце. Рэчы - гэта сведкі мінулых часоў, пасланне нашых продкаў, якое нясе важную інфармацыю. На жаль, той нажытак беларусаў, які дайшоў да сённяшняга часу праз ліхалецці і войны, не вельмі значны. Але і сёння можна знайсці шмат цікавага.

- Якімі унікольнымі рэчамі вы ўжо можаце пахваліцца?
- Зараз я збіраюся ехаць у Ракаў да энтузіяста, мастака, калекцыянера Фелікса Янушкевіча, са знакамітага роду Янушкевічаў. Гэты чалавек на сваім гародзе раскапаў столькі ўзораў старажытнай керамікі, колькі не знойдзеш падчас буйной археалагічнай кампаніі, і стварыў са сваіх знаходак музей. Ён проста ўважліва паглядзеў сабе пад ногі і знайшоў скарб. Гэта можа зрабіць кожны: заглянуць на гарышча суседа, падысці да бабулі, глянуць у яе куфар, і, хто ведае, якая знаходка вас там чакае?
Дарэчы, кажуць, не так даўно "знайшлося" Слуцкае Евангелле, якое знікла разам з крыжам Еўфрасінні Полацкай. Быццам бы нейкая бабуля знайшла гэту рэліквію ў сябе і зараз перадала царкве. Гісторыя, як бачыце, малаверагодная, але гэта значыць, што не трэба губляць надзею, што нашы нацыянальныя каштоўнасці страчаны назаўжды. Крыж Еўфрасінні Полацкай, Радзівілаўскі скарб, са стратай якіх мы ўжо змірыліся, раптам могуць знайсціся. Трэба толькі шукаць.

- Не кажучы ўжо пра дробныя "сведкі" мінулых часоў...
- Вы цалкам маеце рацыю. Паглядзіце, калі мы прыязджаем у іншыя краіны, з першых жа крокаў мы сустракаемся з рэчамі іншай культуры, так бы мовіць "візітоўкамі" краін. У Галандыі ядзім сыры, у Баварыі - п'ем піва, няўжо ў Беларусі ёсць толькі Строчыцы і Дудуткі? Устойлівых рэчаў-брэндаў якія атаесамляліся з нашай краінай, няма. А гэта можа быць тая ж старажытная люлька для палення тытуню, той жа славуты сыр, што рабілі ў Гарадзеі, і які ў свой час ішоў на экспарт у Кіеў Маскву, Санкт-Пецярбург... Наша павага да сваёй культуры і падштурхоўвае іншых цікавіцца ёй.

- Алесь, нельга не заўважыць вашага імпэту ў дачыненні да беларускай кулыуры. А адкуль вы родам?
- Я сам не з Мінска. Нарадзіўся ў Барысаве, але гадаваўся ў Клецку. Калі прыехаў у Мінск, паступіў ва Універсітэт культуры на драматургію, а потым апынуўся на тэлевізіі і заняўся візуальным мастацтвам.
Мне вельмі часта кажуць: маўляў Алесь так енчыць па Беларусі, так носіцца з гэтымі словамі, рэчамі... Справа ў тым, што я не абмяжоўваю сябе ва ўспрыманні гэтага свету. Я пазнаю яго праз пэўныя сімвалы, як і кожны з нас, і ў тым ліку праз беларускую мову. Дзякуй Богу, я вывучыў яе на тым узроўні, на якім зараз размаўляю. Кожная рэч мае сваё слова і значэнне, і калі мы цікавімся сваёй мовай і культурай, мы працягваем сэнс свайго існавання. Калі ведаеш і помніш свае мінулае, толькі тады і жывеш з гонарам.
Па Беларусі з усходу на захад прайшлося шмат ботаў, праехала гусенічных танкаў, значны кавалак таго, што нажылі нашы продкі, быў страчаны, але унікальнасць беларусаў у тым, што, нягледзячы на ўсе ліхалецці, яны здолелі захаваць сябе, пэўным чынам закансервавацца, каб у больш спрыяльныя часы пачаць ствараць сваю будучыню.
Прызнацца, я не ведаю, кім быў мой прадзед, адкуль прыйшоў мой род. Ведаю толькі тое, што мой дзядуля рабіў марозіва, валёнкі. Што ён маляваў узоры на посцілках, дыванах, на абрусах. Ведаючы толькі гэта, я спрабую зазірнуць у сябе і ўбачыць, хто я ёсць.

- У гэтым намеры, Алесь, я вас папракаць не буду. Мне падаецца, што шанаваць сваіх продкаў павінен кожны з нас...
- Так. Усе мы, вядома, жывём так, каб як мага болей аблегчыць сваё жыццё. Я маю на ўвазе: не вывучаць мову, не цікавіцца спадчынай. А вось калі мы не будзем шукаць сабе лёгкіх сродкаў існавання, наша культура нарэшце "прачнецца".

- Вы лічыце, што беларуская культура знаходзіцца ў, так бы мовіць, латэнтным стане?
- Пры ўсім пры тым, што на Беларусі адбываецца шмат імпрэзаў, канцэртаў, друкуюцца пісьменнікі, дастаткова прайсціся па вуліцах, каб зразумець, як не хапае ў нашым жыцці культуры. Вас павінны разрываць на часткі, цягнуць у залы, нават на дзесяць чалавек, каб паказаць, падзяліцца тым, што прыдумаў творца. Мастацтва і каханне - самае важнае, што ёсць у нашым жыцці. Гэта адно і тое ж. Калі не будзе кахання, не будзе мастацтва, а калі не будзе мастацтва - не будзе і жыцця. Мы ідзём па вуліцах і губляемся ў іх. Культура, хутчэй, хаваецца ўсярэдзіне нас. А яна павінна хлынуць на волю - дынамічная, сучасная, эксперыментальная.

- I якім павінна быць выйсце з сітуацыі, на вашу думку?
- Трэба ставіць тое, што піша моладзь, здымаць яе, няхай маладыя пакажуць на што яны здольныя. Давайце памыляцца, але давайце рабіць. Чым больш мы будзем здымаць, ставіць, іграць, тым больш народзіцца ў нашай культурнай прасторы надзвычайнага.
Я прачытаў у аднаго аўтара, што творца павінен знаходзіцца ў апазіцыі да ўсяго свету. Толькі калі ён змагаецца з жыццём, светам, з сабой, толькі тады ён здольны зацікавіць людзей. Ці многія з нашых пісьменнікаў мастакоў, музыкантаў ставяцца да сваёй працы так апантана?
Тым не менш, канешне, мне хочацца верыць і я веру, што наша мастацтва ўсё ж сутыкнецца з нашай рэчаіснасцю і будзе ўплываць на нашы думкі і жыццё з тою сілаю, на якую здольнае толькі яго вялікае слова. Ці не для гэтага я раблю сваю перадачу, спрабуючы паказаць штосьці новае? I ці не ўсе мы чакаем гэтага?

Аўтар і вядучая рубрыкі - Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.