Штосьці "ікрамётнае"

10.10.2014
"Звязда", 10 кастрычніка 2014 г.

 
Памятаеце, як герой фільма "Іван Васільевіч мяняе прафесію" прадстаўляў на "царскім банкеце" меню? "Ікра чорная! Ікра чырвоная! Ікра заморская, баклажанавая!". А вось беларускія тэлевізійнікі ў новым сезоне назбіралі ікры айчыннай, інфармацыйнай - з найбольш яркіх і "смачных" падзей, якія адбываюцца ў так званым свецкім жыцці.
Забаўляльны прадукт, які з гэтага атрымаўся, так без лішніх разваг і назвалі: "Ікра", а прадстаўляць яго ў суботнім эфіры тэлеканала "Беларусь 2" запрошаны вядомыя па здымках у тэлешоу Івана Урганта і леташнім адборы на "Еўрабачанне" блізняты Дар'я і Вольга Кароль.
Карміць наведнікаў свецкай тэлекухні абяцаюць гарачым і смажаным: навінамі шоу-бізнесу, рэпартажамі з гучных тэатральных прэм'ер, выстаў і прэзентацый, эксклюзіўнымі інтэрв'ю з вядомымі артыстамі і г.?д. Напрыклад, у першым выпуску карэспандэнты "Ікры" прарваліся ў грымёрку да спявачкі Святланы Лабады і распыталі яе пра вельмі і вельмі асабістыя рэчы, а таксама пабывалі на дабрачынным канцэрце ў падтрымку прадзюсара Максіма Алейнікава і высветлілі, як ужываюцца на адной сцэне розныя склады гурта "Топлес" і колькі грошай беларускія артысты гатовы самі ахвяраваць на дабрачыннасць...
Усе наступныя порцыі - прабачце, выпускі праграмы - як абяцаюць яе стваральнікі і абаяльныя вядучыя, будуць не менш насычанымі і цікавымі. Праверыць гэта нескладана: кожную суботу ўвечары на "Беларусь 2". Смачна есці!