Шлягеры ў Магiлёве - як золата высокай пробы

09.11.2005
"Звязда", 9 лістапада 2005 г.


Завяршыўся IХ Мiжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер-2005 у Магiлёве"
На адкрыцці фестывалю мiнiстр культуры Леанiд Гуляка назваў "Залаты шлягер у Магiлёве" ўпрыгажэннем культурнага жыцця Магiлёўшчыны i ўсёй краiны. "Золата "Шлягера" пацверджана часам, таму яно высокай пробы", - сказаў са сцэны старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Барыс Батура. А старшыня Белтэлерадыёкампанii Уладзiмiр Мацвяйчук паведамiў, што сёлета ўпершыню канцэрты магiлёўскага фестывалю ўбачаць i пачуюць гледачы i слухачы ў многiх краiнах свету дзякуючы трансляцыям спадарожнiкавых каналаў "Беларусь-ТБ" i радыёстанцыi "Беларусь".
Адметнасцю сёлетняга фестывалю стаў "жывы" гук. Гэта iнiцыятыва новага мастацкага кiраўнiка "Залатога шлягера" Мiхаiла Фiнберга застанецца творчым прынцыпам фестывалю i надалей. Работу мастацкага кiраўнiка высока ацанiлi арганiзатары фестывалю: кажуць, ён выкладваўся на сцэне да канца i патрабаваў таго ж i ад iншых удзельнiкаў канцэртаў.
Магiляўчане сустракалi любiмых артыстаў не толькi кветкамi i апладысментамi - яны дапамагалi i ў арганiзацыi фестывалю. Акрамя прадпрыемстваў, дапамогу - напрыклад, у забеспячэннi транспартам - аказалi прыватныя перавозчыкi. Людзi вазiлi артыстаў на сваiх аўтамабiлях бясплатна.
Адметнасць "Залатога шлягера" - конкурс ВIА памяцi Уладзiмiра Мулявiна. Сёлета Гран-пры атрымаў ансамбль з Мiнска "Псалмяры". Гэтаму калектыву ўжо 10 гадоў. Яго мастацкi кiраўнiк i салiст Дзмiтрый Пятроўскi расказаў, што "Псалмяры" раней спявалi пераважна духоўную музыку, пакуль не вырашылi асвоiць i iншыя стылi. Песню на верш Уладзiмiра Караткевiча "На Беларусi Бог жыве", якая прагучала на конкурсе, Дзмiтрый назваў вельмi важнай, i ўдзельнiкi ВIА "Псалмяры" хацелi, каб яна прагучала як iх своеасаблiвая дэкларацыя.
Вакальна-iнструментальныя ансамблi, якiя бралi ўдзел у конкурсе, прадстаўлялi ўсе рэгiёны Беларусi, аднак былi вельмi розныя па музыцы, узросту i стылю. Напрыклад, "Вакзал" з Вiцебска, якi атрымаў першую прэмiю, зрабiў уражанне групы салiдных i разважлiвых дзядзькоў, а калектыў "Далi" з Мiнска, якi падзялiў трэцюю прэмiю таксама са сталiчнай групай "Neo" - маладой i вясёлай камандай, песня якой "Не з’язджайце за мяжу" вельмi спадабалася публiцы.
Другую прэмiю атрымала група з Магiлёўскай вобласцi "Хуткi смоўж" (разам з ВIА "Шкляры"). Гэты ансамбль са Слаўгарада спявае ў стылi "этнарок", i iх творчасць ужо заўважылi: "Хуткi смоўж" атрымаў запрашэнне на ўдзел у расiйскiм фестывалi "Нашэсце" ў наступным годзе.
Традыцыйны фестывальны канцэрт "Рамансiяда" мае на "Залатым шлягеры" сталых прыхiльнiкаў. Вядомы расiйскi спявак Сяргей Захараў, якi сёлета зноў прыехаў у Магiлёў, сказаў, што публiка любiць рамансы i ўвогуле душэўныя песнi, а таму такiя канцэрты нязменна збiраюць поўныя залы.
Сам Захараў расказваў журналiстам, што цяпер займаецца не толькi творчасцю, а найбольш - сваiм домам, дзе шмат кветак i альпiйскiх горак, сваёй вялiкай фанатэкай, дзе сабраны галасы вялiкiх спевакоў, i выхаваннем унукаў Станiславы i Яна.
А на магiлёўскiм фестывалi падрастае новае пакаленне спевакоў, прыхiльнiкаў рамансаў. Алег Панамароў браў удзел у "Залатым шлягеры" ў 1996 годзе: хлопчык з Горак запомнiўся прыгожымi спевамi па-iтальянску. А сёлета Алег, салiст магiлёўскага народнага аркестра Леанiда Iванова, зноў спяваў на фестывалi - на гэты раз па-беларуску, "Зорку Венеру".
Вельмi добра магiляўчане набывалi бiлеты на сольны канцэрт Аляксандра Малiнiна, якi прайшоў у межах фестывалю. Поўны аншлаг! Сам Малiнiн настолькi быў уражаны цеплынёй прыёму i душэўнай публiкай, што спяваў не гадзiну i 40 хвiлiн, як гэта было замоўлена паводле кантракта, а яшчэ на паўгадзiны больш i абсалютна бясплатна.
На прэс-каферэнцыi Аляксандр сказаў, што, паводле яго разумення, шлягер - гэта песня, якая пераходзiць як мiнiмум у наступнае стагоддзе. I такiя песнi ў яго рэпертуары ёсць, упэўнены Малiнiн. Яго "Берега", а таксама раманс "Поручик Голицын" спявала на канцэрце ўся зала магiлёўскага Лядовага палаца.
Канцэрт закрыцця фестывалю 6 лiстапада быў фактычна творчай вечарынай Аляксандры Пахмутавай i Мiкалая Дабранравава. Пахмутава на працягу амаль усяго канцэрта была за раялем i акампанiравала салiстам аркестра Фiнберга, якiя спявалi яе песнi. Мiкалай Дабранраваў чытаў свае вершы.
Дарэчы, на прэс-канферэнцыi Аляксандра Пахмутава расказала, што лiтаральна праз месяц споўнiцца 40 гадоў, як была напiсана iх вядомая песня "Нежность" з савецкай кiнастужкi "Три тополя на Плющихе". А на пытанне журналiстаў "Як захаваць пяшчоту ў зносiнах i пачуццях мужа i жонкi, якiя шмат гадоў разам?" Аляксандра Пахмутава працытавала Экзюперы: што важна глядзець не адзiн на аднаго, а ў адным накiрунку.
"Salsa boys", iнтэрнацыянальная каманда расiян i бразiльцаў, наладзiла на завяршэнне фестывалю лацiнаамерыканскi карнавал. "Мы не маем права выходзiць на сцэну з дрэнным настроем", - казалi завадныя ўдзельнiкi групы i ў прэс-цэнтры вучылi журналiстаў танцаваць "ча-ча-ча".
Народны артыст СССР Уладзiмiр Трошын, якi не першы раз прыязджае ў Магiлёў, спадзяецца, што "на фестывалi i далей не забудуцца на старога артыста". Яму ў будучым годзе спаўняецца 80 гадоў - як ён кажа, "каласальная лiчба з нулём".
Упершыню ў фестывалi брала ўдзел Валянцiна Талкунова. Сваю прэс-канферэнцыю пачала з разважанняў, чым бы яна хацела заняцца, акрамя музыкi.
- Бiзнэсам? Не, я не прадпрымальны чалавек, - кiвала галавой спявачка. - А вось выкладаць, займацца выхаваннем моладзi - можа быць. Добра было б весцi ўрокi эстэтычнай думкi.
Высветлiлася, што сям’я для спявачкi значыць вельмi многа, але сваякi лiчаць Валянцiну "народным здабыткам". Яна, як i яе брат Сяргей Талкуноў, якi спявае старадаўнiя рускiя песнi i рамансы, добра ведаюць, што калi артыст выходзiць на сцэну, то забываецца на ўсё - на сям’ю, настрой i абставiны жыцця, таму што на гэты час ён сапраўды сам сабе не належыць.
У вольны ад работы час Валянцiна любiць чытаць духоўную лiтаратуру i гатаваць. Яна нават падзялiлася рэцэптам салаты, якую гатуе спецыяльна для лепшай сяброўкi: крыветкi, капуста, яйкi, агурок, цыбуля, спецыi i падлiва.
Талкунова сказала, што сустрэла на "Шлягеры" сяброў, з якiмi даўно не бачылася. З Алегам Анофрыевым расцалавалася ў цягнiку: яны разам агучылi нямала мультыплiкацыйных фiльмаў, удваiх спявалi "Спокойнай ночи, малыши" i закалыхвалi некалькi пакаленняў дзяцей.
Алег Анофрыеў расказаў пра самае радыкальнае рашэнне ў сваiм жыццi: у 75 гадоў ён прадаў дом на Рублёва-Успенскай шашы пад Масквой i пераехаў на новае месца, у звычайную вёску, дзе наноў стаў будаваць сваё жыццё.
- Так, я з’ехаў з самага моднага месца, дзе жывуць нашы алiгархi, - пацвердзiў Анофрыеў. - Я збег ад высокiх агароджаў, ахоўнiкаў з аўтаматамi i ад паўлiнаў на лужках. Рублёўка стала смярдзючым "нью-йоркам" другога цi нават трэцяга гатунку. А я аказаўся ў становiшчы чалавека, якi нiжэй за ўсiх. Гэта прынiжальна, а ў сваёй звычайнай вёсцы я не вышэй за кагосьцi, а сам па сабе.
Цяпер Алег займаецца сваiмi двума сабакамi, бярэ ўдзел ў стварэннi вясковай капліцы. Яго дачка i ўнучка - урачы ў ЦКБ, лечаць людзей высокага сацыяльнага становiшча. А Анофрыеў захапiўся Бiблiяй, Евангеллем, бiблейскай археалогiяй i жыццяпiсам Аляксандра Македонскага. Кажа, што чытае з захапленнем i прыйшоў да высновы, што трэба верыць у Бога, бо гэта дапамагае жыць.
Увогуле арганiзатары сёлетняга "Залатога шлягера" лiчаць яго паспяховым. Паводле слоў намеснiка старшынi Магiлёўскага аблвыканкама, старшынi аргкамiтэта фестывалю Анатоля Глаза, набылi бiлетаў сёлета ў 2,5 раза больш за мiнулыя фестывалi. Палову бiлетаў на канцэрты выкупiлi прадпрыемствы i арганiзацыi вобласцi. I хоць не было канцэртаў у сельскiх раёнах Магiлёўскай вобласцi, але дэлегацыi адтуль прыязджалi на канцэрты ў Магiлёў i Бабруйск.
Арганiзатары "Залатога шлягера" былi вельмi акуратныя з фiнансамi, каб пазбегнуць любых непрыемнасцяў у гэтай сферы i аднавiць рэпутацыю магiлёўскага фестывалю. Артыстам выплацiлi аванс, а другую палову ганарару iм аддадуць на працягу гэтага тыдня. Грашовыя прэмii на конкурсе ВIА ўручалi прама на сцэне. Калi далей у распараджэннi аргкамiтэта будзе больш сродкаў, то плануецца аднавiць конкурс маладых выканаўцаў, павялiчыць колькасць фестывальных дзён, а таксама праводзiць "Залаты шлягер" штогод. Цалкам верагодна, што дзесяты па лiку, юбiлейны фестываль пройдзе ў наступным, 2006 годзе.

Iлона IВАНОВА.