Шэсцьдзесят фiльмаў пра вайну

07.05.2004
“Звязда”, 7 мая 2004 г.


Беларускае тэлебачанне зрабiла падарунак для ветэранаў вайны i ўсiх аматараў кiнакласiкi. З канца красавiка i да 3 лiпеня - Дня вызвалення Беларусi ад фашысцкiх захопнiкаў - па Першаму нацыянальнаму тэлеканалу i тэлеканалу “Лад” будзе паказана 60 лепшых фiльмаў пра Вялiкую Айчынную вайну, сярод iх больш за 30 вядомых беларускiх стужак, некалькi прэм’ер, у тым лiку - сусветная.

- Мы рыхтавалiся да акцыi з мiнулага года i пастаралiся ўключыць сюды i старое любiмае народам кiно, i прэм’еры, i дакументальныя стужкi, - расказаў “Звяздзе” генеральны дырэктар Дырэкцыi лiцэнзiйнных праграм i кiнапаказу Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Канстанцiн Вераб’ёў. - Разам з тым мы iмкнулiся найбольш прадставiць нацыянальнае кiно.

- Вельмi добрая задума - паказаць у межах гэтай акцыi як мага больш беларускiх фiльмаў пра вайну, бо гэтыя фiльмы - самае моцнае, самае значнае, што ёсць у беларускiм кiно, - падзялiлася сваiмi думкамi старэйшы кiнакрытык Ефрасiння Бондарава. - Гэта фiльмы не столькi пра вайну, колькi пра людзей на вайне, пра тое, дзеля чаго яны ваявалi. Калi выйшла “Альпiйская баллада”, Чынгiз Айтматаў напiсаў у “Правде”, што гэта сапраўднае нацыянальнае беларускае кiно. Гэта фiльмы, якiя адказваюць на пытанне, чаму мы ў той вайне перамаглi.

Пачалася акцыя “Ваеннае кiно” любiмым серыялам “Семнаццаць iмгненняў вясны”, якi гадоў дзесяць па Беларускiм тэлебачаннi не паказваўся i якi быў куплены Белтэлерадыёкампанiяй спецыяльна для паказу ў гэтыя днi. У святочныя днi будзе паказана трылогiя “Доўгiя вёрсты вайны” Аляксандра Карпава (“Беларусьфiльм”) паводле твораў Васiля Быкава: “Жураўлiны крык”, “Атака з ходу” i “На ўсходзе сонца”.
У гэтыя ж днi, 8-9 мая, адбудзецца сусветная тэлевiзiйная прэм’ера - чатырохсерыйны мастацкi фiльм “На безыменнай вышынi” вядомага беларускага рэжысёра Вячаслава Нiкiфарава.
Да 3 лiпеня на тэлеэкранах адбудзецца яшчэ некалькi прэм’ер. Будзе паказаны першы фiльм дакументальнага цыкла “Абелiскi” (“Белвiдэацэнтр”). Стужка расказвае пра подзвiг 19 воiнаў-памежнiкаў, якiя першымi ўступiлi ў бой 22 лiпеня 1941 года. Дакументальны фiльм “Дарогi партызанскага камбрыга” (“Белвiдэацэнтр”) раскажа пра Героя Савецкага Саюза Вiктара Iльiча Лiвенцава, якi прайшоў баявы шлях ад першых дзён вайны да Парада Перамогi, кiраваў падполлем у Бабруйску i фармiраваў партызанскiя атрады, узначальваў знакамiтую 1-ю Бабруйскую партызанскую брыгаду.
Мы зноў зможам паглядзець адны з лепшых твораў, прысвечаных Вялiкай Айчыннай: “Баладу пра салдата” Чухрая (галоўныя прызы на 7 кiнафестывалях), “Ляцяць жураўлi” Аляксея Калатозава (тры вышэйшыя ўзнагароды Французскай кiнаакадэмii, у тым лiку за лепшую жаночую ролю Таццяне Самойлавай), “У шэсць гадзiн вечара пасля вайны” (М.Ладынiна i Я.Самойлаў), асаблiва любiмы франтавiкамi фiльм Барыса Барнета “Подзвiг разведчыка” з Паўлам Сказачнiкавым, кiнаэпапею Вiталiя Чацверыкова “Полымя”...
Гэта фiльмы, якiя адным нагадаюць iх маладосць, а астатнiм раскажуць шмат такога, перад чым варта схiлiць галаву. Перад тымi, першымi.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.