Сезонныя змены Першага

12.10.2007
"Звязда", 12 кастрычніка 2007 г.


Вяшчальны сезон 2007-2008 сёлета пачаўся на Першым канале ў кастрычнiку, i прынёс шэраг абнаўленняў. Прыярытэтам канала, як сцвярджае яго кiраўнiцтва, па-ранейшаму застаецца iнфармацыйнае вяшчанне.
Аб’ём вяшчання на Першым павялiчыўся - зараз ён складае 22 гадзiны ў суткi. Найбольш дынамiчна развiваецца Агенцтва тэлевiзiйных навiнаў: павялiчваецца колькасць штодзённых выпускаў навiн (зараз iх ужо 12, у вераснi было 9), а самi яны робяцца больш лаканiчнымi, але вельмi насычанымi. Эканамiчных выпускаў "Сфера iнтарэсаў" стала ўдвая больш. Iнфармацыйны канал "Панарама", акрамя дуэта Вiкторыя Сянкевiч - Юрый Круглiк, прадстаўляе новую пару вядучых: Iрына Якаўлева - Дзмiтрый Бачкоў. Гэтаксама персанiфiкаваўся вынiковы, нядзельны выпуск "Панарама тыдня": агляд падзей за тыдзень i ўласнае меркаванне выказваюць тры аўтары i вядучыя, Юрый Гроераў, Юрый Пракопаў i Максiм Кароткiн.
Сёння ў эфiры - першы выпуск адроджанага i абноўленага праекта "Жорсткая размова", аўтарская праграма старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Зiмоўскага. З 15 кастрычнiка бярэ старт новае грамадска-палiтычнае ток-шоў "Ход у адказ", дзе вядучы Аляксандр Мартыненка разам з гасцямi студыi i запрошанымi экспертамi будзе разглядаць сацыяльна значныя праблемы i абмяркоўваць шляхi iх вырашэння. Яшчэ адна новая праграма - аўтарскi праект Юрыя Азаронка "Мужыкi" з расповедам пра людзей, якiх навакольныя бясспрэчна прызнаюць сапраўднымi мужчынамi, з моцным духам i жыццёвай пазiцыяй.
У сезоне 2007-2008 АТН пакажа гледачам шэраг новых дакументальных вiдэафiльмаў уласнай вытворчасцi. Так, у найблiжэйшы час будзе паказаны фiльм "Цана жыцця" - пра людзей, якiя, нягледзячы на пастаўлены страшны дыягназ, сiлай духу перамагаюць хваробу; а таксама чарговыя фiльмы цыкла "Людзi на мяжы" пра жыццё пяцi беларускiх рэгiёнаў, што мяжуюць з iншымi дзяржавамi.
Паводле слоў Аляксандра Зiмоўскага, прамое супрацоўнiцтва БТРК i кiнастудыi "Беларусьфiльм", у вынiку якога, напрыклад, убачылi свет карцiны "Тры талеры", "Маёр Ветраў", "Вам заданне", пакуль што не працягваецца - няма iдэй, якiя зацiкавiлi б абодва бакi. Але, тым не менш, традыцыйна Першы канал абяцае прапаноўваць гледачам лепшае сусветнае i айчыннае кiно. Павялiчылася колькасць "дзённых" серыялаў - за кошт камедыйнага "Клава, давай!" (ЗША, 2002-2006) i дэтэктыўнага "Блiзняты" (Расiя, 2005). У вячэрняй серыяльнай лiнейцы прэм’ера - мiстычны дэтэктыў "Медыум" (ЗША, 2005-2007). 17 кастрычнiка ў вячэрнiм эфiры Першага канала яшчэ адна прэм’ера - шматсерыйная псiхалагiчная драма "Пастка" (Расiя, 2007) з Аляксандрам Абдулавым i Iрынай Алфёравай у галоўных ролях. Гэтаксама, як паведамiлi ў прэс-службе тэлеканала, плануецца працяг адной з самых паспяховых серыяльных прэм’ер мiнулага сезона - "Адчайныя хатнiя гаспадынi".
Прыемная навiна для меламанаў: у гэтым сезоне ў начным эфiры Першы пакажа серыю канцэртаў "Легенды сусветнага року". А гэта - лепшыя выступленнi сапраўды культавых гуртоў, у тым лiку ўнiкальны запiс выступлення Джымi Хендрыкса на фестывалi ў Вудстоку, канцэрты "Dеер Рurрlе", "Quееn", "Lеd Zерреlin" i многiх iншых. Аматараў спорту ў найблiжэйшы час чакаюць трансляцыi футбольных матчаў Лiгi чэмпiёнаў УЕФА i этапаў чэмпiянату свету па аўтагонках у класе "Формула-1".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.