Сардэчны дзякуй - сардэчным людзям

31.01.2009
"Звязда", 31 января 2008 г.


З розных куткоў Беларусi прыходзiлi лiсты-напамiны пра мужнасць, гераiзм, мiласэрнасць i выключную любоў да людзей, блiзкiх i далёкiх. Такiх гiсторый тэлеканал "ЛАД" прыняў больш за паўсотнi. А 12 з iх прагучаць на ўсю краiну. Днямi ў малой зале Палаца Рэспублiкi фiнiшавала маштабная акцыя "Вялiкае сэрца".
Большасць з тых гiсторый мы ўжо чыталi, чулi цi бачылi ў выпусках навiнаў. Многiя ў паўсядзённай руцiне прайшлi амаль незаўважанымi. Напрыклад, учынак маладых вайскоўцаў Арсенiя Лабовiча i Аляксандра Жандарава, якiя выратавалi ў метро жанчыну - мацi дваiх дзяцей страцiла прытомнасць i ўпала проста на рэйкi. Або звычайны незвычайны цуд - работа ўрача-рэанiматолага Сяргея Канькова, якi правёў у аперацыйнай суткi (!) i здолеў выцягнуць з таго свету тапельца. Цi непрактычная дабрыня Генадзя Малашчанкi з Ушачаў, якi стаў добрым чараўнiком i Дзедам Марозам для цэлага сацыяльнага прытулку.
Іншыя гiсторыi, наадварот, такiя яркiя, што хоць цяпер выкарыстоўвай iх як сюжэт для фiльма - баявiка (у галоўнай ролi - супрацоўнiк лiдскай "Аховы" Алег Кучынскi, якi адзiн затрымаў узброенага рабаўнiка банка), кранальнай меладрамы (гiсторыя незвычайнай, але моцнай i дружнай салiгорскай сям'i - Аляксандра Артамонава i 4-ох яго прыёмных сыноў, якiя гатовы бацьку ў лiтаральным сэнсе насiць на руках), або фiльма-катастрофы (у параўнаннi з магiлёўцам Аляксандрам Дробышавым, якi на месцы вялiзнай аварыi здолеў патушыць пажар, дапамагчы людзям у легкавых аўто, змятых аўтобусам з п'яным кiроўцам, аказаць пацярпелым найважнейшую - першую медыцынскую дапамогу, - галiвудскiя супергероi адпачываюць).
I ўсё ж пра ўсе гэтыя гiсторыi, мужныя, гераiчныя, мiласэрныя ўчынкi, i галоўнае, людзей, якiя на iх здатныя - нашых сучаснiкаў - зусiм не лiшне напомнiць яшчэ раз. Тым больш што дзякуючы вядучым-расказчыкам цырымонii "Вялiкае сэрца", акцёрам Максiму Панiматчанку i Дзмiтрыю Пусцельнiку, падзеi "ажывалi" на вачах... Улiчваючы спецыфiку прэмii, арганiзатары адмовiлiся ад звыклай формы канцэрта, хоць усё ж невялiкiя музычныя паўзы былi. I гэта, напэўна, правiльна - бо, па праўдзе кажучы, выслухаць усе 12 гiсторый запар i застацца спакойным, з сухiмi вачыма было б амаль нерэальна.
Мяне асабiста ўразiлi дзве акалiчнасцi. Першая - што сярод 12 лаўрэатаў (яшчэ адна прэмiя была прысуджана цэламу аб'яднанню - валанцёрскаму маладзёжнаму руху БРСМ "Добрае сэрца") палова - маладыя людзi ва ўзросце да 30 гадоў. А значыць, усе папрокi ў адрас "падрастаючага пакалення", якое быццам бы счарсцвела i можа раўнадушна прайсцi мiма чужой бяды, разбiваюцца ўшчэнт перад гэтымi подзвiгамi - выратаванне людзей на вадзе, на пажары, на рэйках метро або на краi моста... Другая акалiчнасць - гэта ўчынак Наташы Каламоец, адной з нямногiх дзяўчат у лiку лаўрэатаў.
18-гадовая дзяўчына, зграбная, сiмпатычная, невысокая, не тое каб вельмi дужая на выгляд. Словам, звычайная. Але чамусьцi менавiта яна, адзiная з вялiкай вёскi, кiнулася ў ахоплены полымем дом i выцягнула на сабе аднавяскоўца - пажылога мужчыну кiлаграмаў пад 80. Людзi стаялi ля веснiчак, гаманiлi - мо, згарэў ён ужо? I нiводны не кiнуўся на дапамогу. На Наташы, калi яна здолела выцягнуць мужчыну з дома, ужо гарэла кофта. Адкачваць пагарэльца да прыезду "хуткай" ёй дапамагала сястра. Той, дарэчы, апрытомнеў у бальнiцы i нават не памятаў, што з iм здарылася. Наташа, якая ў той вечар увогуле збiралася на дыскатэку, цiхенька вярнулася дадому i легла спаць. Бацькi нiчога не ведалi i толькi ранiцай заўважылi прапаленае адзенне, ды яшчэ потым суседзi патэлефанавалi з расповедам. А што выратаваны, як аддзячыў? "Ды не было нiякай там падзякi, - з лёгкай усмешкай узгадвае Наташа. - Мацi толькi пахвалiла, што маладзец. Ну, сябры яшчэ перажывалi за мяне". Але крыўды дзяўчына не трымае i пра ўчынак свой нiколькi не шкадуе - як можна было не дапамагчы, добры ж чалавек, не п'янiца нейкi прапашчы. "Увогуле, якi б чалавек нi быў, заўжды трэба дапамагчы, - тут жа папраўляе Наташа сама сябе. - Бо гэта ўсё адно жывы чалавек. Можаш не прайсцi мiма - не праходзь. Мо ў свой час мiма тваёй бяды таксама не пройдуць". Гераiняй сябе Наташа Каламоец не лiчыць - наадварот, калi на вулiцах яе пазнавалi, адмаўлялася - "не, гэта не я". А ў вёсцы яе да таго паважалi, бо заўжды была баявой, адчайнай...
Iншыя лаўрэаты збольшага таксама свае ўчынкi подзвiгамi не называюць, а сябе ў героi не запiсваюць. I тым не менш, яны - героi. Яны побач з намi, сярод нас, i, хочацца верыць, могуць праявiцца ў кожным з нас. Бо часам, як заўважыла вядучая "ЛАДа" Саша Снегiна, у жыццi здараюцца выпадкi, "калi нават самая маленькая дапамога важнейшая за самае вялiкае спачуванне". 
Прэмiя "Вялiкае сэрца" - для людзей, на чалавекалюбстве якiх трымаецца свет - як спадзяюцца арганiзатары, стане традыцыйнай, i высакародныя ўчынкi нашых суайчыннiкаў не застануцца незаўважанымi. Тэлеверсiю ж першай цырымонii ўручэння гэтай прэмii "ЛАД" пакажа 1 лютага.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.