"Самы час вам правесці дзіцячае "Еўрабачанне"

13.06.2009
"Культура", 13 июня 2009


"Дзе сустрэлі вестку пра тое, што дзіцячае "Еўрабачанне-2010" пройдзе ў Мінску?" - запытаўся на самым пачатку размовы ў намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі, тэлевядучага і прадзюсера Аляксандра МАРТЫНЕНКІ. "Сустрэў, зразумела, на працоўным месцы, а вось амаль упэўнены ў такіх прыемных навінах быў яшчэ пад час "дарослага" песеннага спаборніцтва ў Маскве", - адразу "закруціў" інтрыгу суразмоўца. Зрэшты, нездарма за ранішняй кавай з Аляксандрам Мартыненкам неаднаразова гучалі словы "сацыяльная значнасць", "брэнд", "крэатыў" у дачыненні да дзіцячага "Еўрабачання". Заўважым, у каманды Белтэлерадыёкампаніі, што займаецца конкурсам, ужо ёсць канкрэтныя задумы, якім быць шляху да фіналу і самой кульмінацыі спеўнага спаборніцтва праз паўтара года.

"Вызначальнай цаглінкай стала "Мінск-Арэна" 

- А пачалося ўсё, як ужо згадаў, у Маскве, - пакрысе раскрывае сакрэты Аляксандр Мартыненка, - дзе адбываліся папярэднія перамовы. Там жа беларуская каманда зладзіла другую прэзентацыю нацыянальнага праекта па правядзенні дзіцячага "Еўрабачання-2010" у Мінску. Арганізатары адзначылі, што мы маем вельмі высокія шанцы, і, хаця рашэнне на афіцыйным узроўні яшчэ не было прынята, выказалі ўпэўненасць: конкурсу ў наступным годзе праходзіць у Мінску! На трэцяй прэзентацыі праекта - у Кіеве - мне ўжо не давялося пабываць, але члены дэлегацыі адразу патэлефанавалі з радаснай навіной.

- На ваш погляд, чым "узяў", уразіў міжнароднае журы беларускі праект?
- Лічу, што "ўзяў" журы не столькі праект, колькі прэзентацыя, з якой мы выходзілі на конкурс. Апошнім часам мы вельмі шчыльна працуем з аргкамітэтам менавіта па дзіцячым "Еўрабачанні": ладзім па 2 - 3 сустрэчы на год з прадстаўнікамі краін - членаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза. І, зразумела, не проста пасядзець-паслухаць выязджаем, а прапануем свае ідэі для большай прыцягальнасці конкурсу ў медыя-прасторы, для павышэння інтарэсу з боку саміх дзетак-удзельнікаў. Магу сказаць, што нашыя прапановы станоўча ацэньваліся ў ЕВС. Там нават жартавалі: беларусы вельмі актыўныя - самы час вам правесці дзіцячае "Еўрабачанне". Што ж, як кажуць, нібы ў ваду глядзелі! Доўгі час паўставала пытанне толькі аб тым, каб канчаткова падрыхтаваць пляцоўку "Мінск-Арэны", бо для конкурсу, зразумела, патрабуюцца пэўная плошча сцэны, тэхнічныя памяшканні... І завяршэнне будаўніцтва комплексу стала той апошняй цаглінкай, якую мы своечасова дадалі ў беларускую прэзентацыю.

- Неаднаразова журналісты ў кантэксце менавіта дзіцячага "Еўрабачання" вядуць размову пра зніжэнне цікавасці да конкурсу з боку краін - удзельніц ЕВС. Вядома, што ў беларускага боку ёсць план канкрэтных захадаў для падтрымання інтарэсу да творчага спаборніцтва...
- Мы плануем з усімі краінамі правесці персанальныя перамовы, пацікавіцца, што іх, магчыма, не задавальняе, паспрабаваць зняць праблемы, дапамагчы зрабіць умовы знаходжання дэлегацыі больш камфортнымі... Так, усе тэлеканалы сёння змагаюцца за рэйтынгі, і часам такія сацыяльныя праекты з пункта гледжання камерцыйнай выгоды для тэлекампаній не запатрабаваныя. Але ж мы будзем імкнуцца запэўніць сваіх калег, што ёсць нейкія рэчы, дзеля чаго можна ахвяраваць грашовым інтарэсам. І, фактычна, такія перамовы вядуцца з дня, калі стала вядома рашэнне журы аб месцы правядзення дзіцячага "Еўрабачання2010".

Удалая стратэгія - высокі рэйтынг

- Вы закранулі тэму сацыяльнай значнасці праекта. Беларусь за чатыры гады зрабіла сапраўдны міжнародны брэнд з дзіцячага "Еўрабачання", і сацыяльны брэнд - у першую чаргу. Мо таму і цікавасць да дзіцячага спеўнага спаборніцтва ў рэспубліцы не меншая, чым да "дарослага"?
- Пра гэта сведчаць і лічбы рэйтынгаў: сярод еўрапейскіх краін мы ўваходзім у лік тых, дзе вельмі высокія паказчыкі трансляцый гэтага конкурсу сярод хатніх вяшчальнікаў. ЕВС пра гэты факт ведае, і яго кіраўніцтва шчыра ўдзячнае нам за тое, што мы змаглі зрабіць гэты конкурс настолькі папулярным. Лічу, у гэтым вялікая заслуга прадстаўнікоў усіх СМІ краіны.

- Традыцыйна, у дні правядзення дзіцячага "Еўрабачання" адбываюцца майстар-класы зорак сцэны з сусветным імем для юных артыстаў. Ці запланаваны такія мерапрыемствы ў Мінску?
- Гэта адзін са стандартных пунктаў праграмы гэтага конкурсу. І "зорка" не толькі дае ўрокі майстэрства, але і прымае ўдзел у адкрыцці або закрыцці гала-канцэрта. Канешне, такую "зорку" запросім у Мінск, але казаць пра персаналіі пакуль яшчэ зарана

- У чым, на ваш погляд, асаблівасць прадзюсінгу менавіта дзіцячага "Еўрабачання"?
- Найперш у тым, што праца вядзецца з дзецьмі: трэба ўлічваць іх псіхалогію, высокую адчувальнасць як да перамогі, так і да паражэння. Але ж сам конкурс - тэлевізійны, таму мы памятаем, што яго аўдыторыя вельмі шырокая. Відовішча павінна быць цікавае ўсім узроставым групам.

Сустрэнем бігбордамі!

- Ведаю, што Белтэлерадыёкампаніяй запланаваны шэраг акцый, якія выведуць гэты конкурс у цэнтр увагі не толькі саміх удзельнікаў, але і мінчан...
- Сапраўды, мы запланавалі сустрэць маленькіх артыстаў бігбордаміна вуліцах беларускай сталіцы, трансляцыямі іх кліпаў на экранах Белтэлерадыёкампаніі, каб кожны з іх адчуў сябе маленькай зорачкай на вялікай сцэне дзіцячага "Еўрабачання". І, натуральна, каб ніхто не застаўся абдзеленым увагай з боку гледачоў і СМІ. Дарэчы, тут хачу адзначыць, якую ўвагу надаюць беларусы ўдзельнікам сёлетняга "Еўрабачання". Шчыра кажучы, не чакаў такога эфекту!

- І тут, мусіць, дала вынік праца ўсёй творчай групы. Але крэатыў - крэатывам, ды хацелася б вярнуцца да тэмы сацыяльнай значнасці ў кантэксце дзіцячага "Еўрабачання-2010", тым больш, калі конкурс набудзе, як мінімум, агульнагарадскі маштаб.
- І тут ёсць канкрэтныя напрацоўкі, якія мяркуем увасобіць у жыццё. За кожным з удзельнікаў дзіцячага конкурсу замацуем адзін з класаў сталічных школ, каб юныя артысты адчулі сваю запатрабаванасць, а нашы школьнікі - зацікаўленасць. Шырокае кола мерапрыемстваў правядзём з удзелам спевакоў і для выхаванцаў дзіцячых дамоў. Думаецца, якраз кантакт паміж дзецьмі розных народаў стане найлепшай рэкламай для конкурсу і доказам яго запатрабаванасці: і ў Беларусі, і ў свеце.

Крэатыўны інфармацыйшчык

- Здаўна ваш экранны вобраз асацыіраваўся ў мяне з вядучым Агенцтва тэлевізійных навін, што, натуральна, вымагае засяроджанасці, сур'ёзнага падыходу. Апошнія некалькі гадоў на пасадзе намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі вы працуеце больш у напрамку крэатыўнага праграмавання эфіру і рэалізацыі праектаў іншай, забаўляльнай, накіраванасці. Дык каго ж, так бы мовіць, у вашай асобе больш - інфармацыйшчыка ці крэатыўшчыка?
- Вядома ж, вядучага навін! Праца ў інфармацыйнай службе мне бліжэйшая паводле свайго тэмпарытму, настрою. Аднак і ў другім накірунку адкрыў для сябе безліч цікавага і невядомага. Тэлебачанне - усё ж рэч шматгранная. Я знаходжу для сябе ў прадзюсерскай дзейнасці нямала таго, што таксама блізка мне, а падавалася б, зусім і не ўласцівае. Часам нават здзіўляюся!

- За апошнія гады на тэлеэкране з'явілася нямала вядучых, рэпарцёраў маладога веку. Чым вылучаецца гэтае пакаленне і ягоны шлях да гледача?
- Вылучаецца найперш тым, што мы набіраем сёння, у асноўным, рэпарцёраў, а не вядучых. Гледзячы на іх у працэсе працы, ацэньваючы стыль падачы інфармацыі, некаторым прапануем прайсці Школу вядучых, якая функцыянуе пры Белтэлерадыёкампаніі. Да нашага знанага спецыяліста, Ірыны Маісеевай, звяртаюцца, апроч тэлевізійшчыкаў, яшчэ і многія прадстаўнікі бамонду, хто жадае паспрабаваць свае сілы на экране. Але хачу падкрэсліць, што праца на тэлебачанні ў ХХІ стагоддзі - гэта праца без выхадных, святаў, ненармаваны дзень ды яшчэ багата нюансаў, якія з экрана і не заўважыш.

- Гэта і ёсць формула сучаснага тэлебачання?
- Не, хутчэй, - умовы працы.

Пра культуру - сучасна, прыгожа, годна

- І апошняе: як ацэньваеце аб'ёмы і якасць тэлевяшчання на культурную тэматыку?
- Лічу, што праграмы культурнай тэматыкі - тое, чаго ніколі не бывае зашмат. Мы максімальна намагаемся павялічваць аб'ёмы такога вяшчання. Вядома, не ўсё атрымліваецца ідэальна, але ж асвятленне падзей і праблем сферы культуры - адзін з прыярытэтаў нашай дзейнасці. На маю думку, пра гэта сведчыць і праект "Зямля беларуская", дзе якраз і акцэнтуем увагу на нашай культуры, спрадвечных традыцыях кожнага рэгіёна, гісторыі. Канешне, у новым сезоне мяркуем увесці ў сетку новыя праекты ў аспекце культурнага складніка. І, галоўнае, пастараемся гэта зрабіць сучасна, прыгожа, годна.

Усе на "... Арэну"!

Васіль РАІНЧЫК, дырэктар - мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады, народны артыст Беларусі, кампазітар, старшыня журы нацыянальнага адбору дзіцячага "Еўрабачання-2009":

- Цудоўна, што дзіцячае "Еўрабачанне-2010" пройдзе, нарэшце, у Беларусі. Гэта красамоўна сведчыць аб павышэнні ролі нашай краіны ў еўрапейскай супольнасці. Чаму было прынята такое рашэнне? Найперш, лічу, на гэта паўплывалі добра праведзеныя перамовы. Па-другое, сказалася і наша геаграфічнае становішча - у цэнтры Еўропы. У свеце таксама добра ведаюць наш менталітэт - гасціннасць, сардэчнасць, прыязнасць і павагу да прадстаўнікоў іншых культур. Важным спрыяльным фактарам стала і тое, што хутка ў нас адкрыецца шматфункцыянальны комплекс "Мінск-Арэна", які і стане "арэнай" для дзіцячага спаборніцтва. Ну, і, вядома, хацелася б верыць, што не самай апошняй прычынай правядзення дзіцячага "Еўрабачання" ў Беларусі сталі шматлікія перамогі нашых юных зорачак на гэтым прэстыжным форуме. Па праўдзе, калі меркаваць па выніках дзіцячага "Еўрабачання", наша дзятва можа лічыцца, бадай, самай спеўнай у свеце, бо некалькі перамог запар прадстаўнікоў адной краіны на "Еўрабачанні" - гэта рэкорд, годны ўнясення ў кнігу Гінеса. Беларусы ўжо з першага ўдзелу ў гэтым спаборніцтве літаральна скарылі Еўропу: Вольга Сацюк у 2003 годзе, нагадаю, заняла чацвёртае месца. Потым былі першае месца Ксеніі Сітнік у 2005-м, другое - Андрэя Кунца ў 2006-м, зноў першае - Аляксея Жыгалковіча ў 2007-м. Пасля такой гронкі вышэйшых узнагарод мінулагодняе шостае месца, на якое выйшла трыо Дашы Надзінай, Аліны Молаш і Карыны Жуковіч, - таксама добры паказчык. Так што засталося прыкласці ўсе намаганні, каб дзіцячае "Еўрабачанне-2010" стала адным з самых запамінальных і яркіх для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў.

Сяргей ТРАФІЛАЎ.