Сакрэт натхнення радыёжурналіста

23.05.2015

"Звязда" 

Брэст як культурная сталіца гэтага года стаў цэнтрам прыцягнення для канала "Культура" Беларускага радыё, супрацоўнікі якога зладзілі выязную сустрэчу з прыхільнікамі і пастаяннымі слухачамі.

Вядучыя і артысты, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у праграмах канала, арганізавалі вечар "Радыё "Культура" прэзентуе" ў Брэсцкай абласной філармоніі. У фае была адкрыта фотавыстава Марыны Бацюковай, у ёй можна было пабачыць творчыя будні калектыву, хвіліны працы над радыёпраграмамі, эмоцыі супрацоўнікаў у студыях і па-за іх межамі.

Сам канцэрт, які вялі журналісты канала Марыя Дуброўская, Вікторыя Грыб і Уладзімір Трапянок, прайшоў з любімымі і пастаяннымі выканаўцамі "Культуры". Тут госці маглі паслухаць выступленне Брэсцкага камернага аркестра і ансамбля "Крэсіва", піяністку Таццяну Старчанку з ансамблем "Класік-джаз-трыа", салістку Беларускай дзяржаўнай філармоніі Дзіну Трухан-Багданаву. На канцэрце выступіў рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі, які чытае на радыё творы айчыннай і замежнай літаратуры, а таксама музыкант Эдуард Ханок.

Пасля мерапрыемства ў тых, хто працуе над радыёэфірамі "Культуры", быў час на простую гутарку з усімі ахвотнымі, падчас яе слухачы задавалі пытанні і выказвалі свае думкі. Па выніках паездкі канал рыхтуе спецыяльны праект "Тыдзень Брэста на канале "Культура", які прагучыць у эфіры ў апошні тыдзень вясны, з 25 па 31 мая.

Рэдактар канала "Культура", кіраўнік праекта "Мэры Попінс" (дарэчы, артысты-ўдзельнікі праекта таксама выступалі на канцэрце) Таццяна Гулевіч сказала, што настрой у каманды быў выдатным яшчэ з раніцы: "Чатыры з паловай гадзіны ў дарозе з дружным калектывам, у склад якога акрамя журналістаў увайшлі артысты і музыканты, што маюць плённыя стасункі з нашым радыёканалам, праляцелі незаўважна. А ўжо ў канцы дня, пасля канцэрта, у нас заставаўся час на нефармальныя размовы з прыхільнікамі нашага канала і мы агучылі шчырыя словы падзякі ў адрас новых сяброў, якіх адшукалі на Брэсцкай зямлі. Назапашаныя станоўчыя эмоцыі ствараюць тую неабходную творчую атмасферу, каб пачаць рыхтаваць новы праект".

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.