Сабраць лепшае i... паказаць на ўвесь свет

03.02.2005
"Звязда", 3 лютага 2005 г.


Такую задачу мае мiжнародны тэлеканал "Беларусь-ТБ"
З цырымонii ўрачыстага падняцця сцяга 1 лютага пачаўся адлiк афiцыйнага iснавання трэцяга ў структуры Белтэлерадыёкампанii i першага ў рэспублiцы мiжнароднага спадарожнiкавага канала "Беларусь-ТБ".
Прысутныя на адкрыццi тэлеканала VIP-персоны аднадушна адзначалi важнасць i значнасць зробленай справы. Як заўважыў намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта РБ Алег Праляскоўскi, у нашай краiне ўжо многiя праекты носяць ганаровае вызначэнне "прэзiдэнцкi", i новы тэлеканал - не выключэнне, бо сама iдэя яго стварэння належала менавiта кiраўнiку дзяржавы. А неабходнасць у гэтым наспела даўно: як высветлiлася, нават у суседняй Расii далёка не ўсе ведаюць, што i як насамрэч адбываецца ў Беларусi. "Асноўная задача новага канала - распаўсюджванне станоўчай iнфармацыi пра жыццё Беларусi на краiны блiзкага i далёкага замежжа. Сёння нам ёсць што паказаць i ёсць пра каго расказаць", - падкрэслiў старшыня НДТРК Уладзiмiр Мацвяйчук.
Да моманту адкрыцця "Беларусь-ТБ" нейкi час працаваў у так званым тэставым рэжыме, транслiруючы лепшыя праграмы БТ-1 i "Лада". Але ўжо за гэтыя днi неабходнасць, а галоўнае - запатрабаванасць новага тэлеканала неаднаразова была пацверджана пiсьмамi, мноства якiх прыходзiла ў Белтэлерадыёкампанiю з розных куткоў свету. Не толькi этнiчныя беларусы, але i проста зацiкаўленыя грамадзяне iншых краiн выказвалi сваю падзяку за магчымасць атрымлiваць своечасовую i праўдзiвую iнфармацыю пра Беларусь.
- Для тэлегледачоў нашай краiны нiчога не зменiцца, - паведамiў генпрадзюсар "Беларусь-ТБ" Вiктар Маючы. - Мы, канал, якi адбiрае лепшае з усёй створанай тэлепрадукцыi i рэтранслiруе гэтыя праграмы за межы рэспублiкi.
У структуры вяшчання новага канала (нагадаем, аб’ём вяшчання складае 16-17 гадзiн у суткi на рускай i беларускай мове) перавагу маюць сацыяльна-культурныя праграмы (37 працэнтаў), кiнапаказ (34 працэнты), далей iдуць музычна-забаўляльныя праграмы i навiны (15 i 12 працэнтаў адпаведна). Пакуль што «начынкай» тэлеканал забяспечваюць толькi БТ-1 i "Лад" (мастацкiя i дакументальныя фiльмы па дамоўленасцi прадастаўляюць "Беларусьфiльм" i "Белвiдэацэнтр"). Перагаворы з кiраўнiцтвам АНТ i СТБ наконт перадачы аўтарскiх правоў яшчэ не прынеслi канкрэтных вынiкаў, але ў перспектыве лепшыя праграмы з гэтых тэлеканалаў таксама трапяць у эфiр "Беларусь-ТБ".
Новы тэлеканал - гэта i прынцыпова новы тэхнiчны фармат вяшчання. Ужо ў маi на суперсучасную (у свеце ёй карыстаюцца ўсяго каля 20 тэлеканалаў) бясстужкавую тэхналогiю будуць пераведзены i "Беларусь-ТБ", i "Лад", i Першы нацыянальны. Вось як ахарактарызаваў гэты крок мiнiстр iнфармацыi Уладзiмiр Русакевiч: "Зараз мы становiмся паўнапраўнымi i паўнавартаснымi ўдзельнiкамi фармiравання мiжнароднай iнфармацыйнай прасторы".
...Калi гаварыць пра тэрыторыю, на якую распаўсюджваецца тэлесiгнал са спадарожнiка Intelsat 904, то гэта ў першую чаргу практычна ўся постсавецкая прастора, у тым лiку Расiя (тая частка, на якой пражывае 70 працэнтаў насельнiцтва - каля 120 млн чалавек), Украiна (з Белтэлерадыёкампанiяй ужо супрацоўнiчаюць 60 кабельных аператараў), краiны Прыбалтыкi (у Латвii "Беларусь-ТБ" нават больш запатрабаваны, чым "свае" тэлеканалы). На дадзены момант "Беларусь-ТБ" глядзiць прыкладна 1 мiльён кабельных абанентаў з усяго свету, а ў перспектыве гэта колькасць можа павялiчыцца ў некалькi разоў.
- "Беларусь-ТБ" будзе толькi рэтранслiраваць лепшае з ужо зробленага, альбо ў будучым плануецца стварыць нейкiя праграмы спецыяльна для мiжнароднага тэлеканала? - удакладнiлi мы ў генеральнага прадзюсара "Беларусь-ТБ" Вiктара Маючага.
- Я разглядаў бы гэта пытанне пад iншым вуглом. Адбор лепшых праграм ужо iснуючых каналаў для рэтрансляцыi праз "Беларусь-ТБ" - гэта i стымул, i павышэнне адказнасцi для тэлевытворцаў, каб даваць больш якасную прадукцыю.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.