Сім-сім, адчыніся!

22.11.2013
"Звязда", 22 лістапада 2013 г.

 
З 1 снежня тэлеканал "Беларусь 5" трапіць у аналагавыя пакеты аператараў.
"Як і дзе можна ўбачыць спартыўны тэлеканал?" "Чаму ў праграме "Беларусь 5" ёсць, а ў тэлевізары няма?" З гэтымі і сотняй іншых пытанняў балельшчыкі некалькі тыдняў нястомна тэлефанавалі ў рэдакцыі газет, у Белтэлерадыёкампанію, да кабельных аператараў.
Яшчэ на пачатку месяца першы беларускі спартыўны тэлеканал быў даступны для прагляду далёка не ўсім, а дакладней, толькі жыхарам сталічнай вобласці - падпісчыкам лічбавых пакетаў "МТІС", "Космас-ТБ", "Аксіёма-Сэрвіс". І вось, нарэшце, у нас ёсць для балельшчыкаў і гледачоў добрая навіна. Нават дзве. З 18 лістапада сігнал тэлеканала РУП "Белтэлекам" дастаўляецца ва ўсе абласныя і раённыя цэнтры краіны, гэта значыць, яго могуць уключаць у свае сеткі кабельныя аператары на ўсёй тэрыторыі Беларусі - дастаткова звярнуцца ў "Белтэлекам" і Белтэлерадыёкампанію ды заключыць адпаведныя дагаворы, каб атрымаць правы на трансляцыю.
А з 1 снежня запланавана ўключэнне "Беларусь 5" у аналагавую сетку аператараў "Космас ТБ" і "МТІС". А значыць, матчы прэм'ер-лігі чэмпіянату Англіі па футболе, гульні КХЛ, гандбольная Ліга чэмпіёнаў, лёгкаатлетычныя спаборніцтвы і іншыя спартыўныя баталіі, дарэчы, многія - у прамым эфіры, - стануць бліжэй да беларускіх балельшчыкаў.