"Рарытэт" з гісторыяй у абмен на новы тэлевізар

03.02.2016

"Звязда"

Тэлеканал "Беларусь 1" аб'явіў акцыю "Новыя гарызонты". Яна дае магчымасць кожнаму тэлегледачу стаць уладальнікам новага тэлевізара. У выніку будзе адабрана 6 пераможцаў. Акцыя прысвечана 60-годдзю Беларускага ТБ і праводзіцца сумесна з кампаніяй "Гарызонт".

Удзельнікам яе можа стаць кожны, хто пажадае. Для гэтага трэба мець стары тэлевізар маркі "Гарызонт", "Беларусь" ці "Беларусь 1" (аказваецца, і пад такой гандлёвай маркай вялася вытворчасць тэлевізараў на "Гарызонце") і выканаць некалькі ўмоў.

"Неабходна зрабіць фотаздымкі "рарытэта" і падмацаваць іх гісторыяй пра тое, як ён у вас з'явіўся. Калі ў вас захаваліся яшчэ і дакументы на гэты тэлевізар, то сфатаграфуйце і іх (вам яны залічацца пры падвядзенні вынікаў). І самае галоўнае, калі прэтэндэнт трапіць у лік пераможцаў, то ў яго павінна быць магчымасць прыехаць са сваім экспанатам раніцай 12 лютага ў Белтэлерадыёкампанію для ўдзелу ў фінале акцыі", - растлумачыў выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 1" Яўген Папковіч.

Даслаць свае гісторыі і фотаматэрыялы трэба да 5 лютага на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9 (пазначыўшы "Беларусь 1" - "НОВЫЯ ГАРЫЗОНТЫ") альбо на адрас электроннай пошты: bеlаrus1@tvr.bу.

Пераможцаў акцыі вызначаць журы ў складзе супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі і ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Гарызонт". І гэтыя шчасліўчыкі 12 лютага стануць гасцямі праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!", дзе змогуць прадэманстраваць свае рарытэтныя экспанаты ў прамым эфіры і стаць уладальнікамі шасці новых тэлевізараў.

Алена ДРАПКО.