Радыё "Сталіца" адзначыла дзень нараджэння

25.09.2015

"Звязда"

Дэвіз "Слухай любімае!", шматлікія перадачы на культурную і гістарычную тэматыку і, вядома ж, беларускі і замежны рок ужо сталі візітоўкай радыёстанцыі "Сталіца", якая напярэдадні адзначыла дзень нараджэння і пачатак новага вяшчальнага сезона маштабным рок-канцэртам "Ведай нашых" у адным з мінскіх клубаў.

- Наша радыёстанцыя - структурнае падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі, створанае на базе былой Мінскай абласной рэдакцыі Беларускага радыё, якая тады вяла вяшчанне 2 гадзіны ў суткі на Мінск і Мінскую вобласць. Пасля сур’ёзнай тэхнічнай мадэрнізацыі і прадуманай арганізацыйнай рэструктурызацыі "Сталіца" ператварылася ў сучасную радыёстанцыю, - згадвае яе дырэктар Алег Міхалевіч. Перад намі стаяла нялёгкая задача: стварыць дзяржаўную беларускамоўную радыёстанцыю, здольную канкурыраваць з недзяржаўнымі. І наш калектыў з гэтай задачай справіўся і даказаў, што дзяржаўнае радыё можа быць цікавым, уплывовым, канкурэнтаздольным.

Сёння "Сталіца" вяшчае 24 гадзіны ў суткі на ўльтракароткіх хвалях па ўсёй краіне і на частаце 105,1 FM у Мінску. Слухаюць яе і ва ўсім свеце ў рэжыме рэальнага часу праз інтэрнэт: у Еўропе, Кітаі, ЗША, Канадзе, Японіі, Аўстраліі… А ў Беларусі яна ўваходзіць у топ-5 самых папулярных радыёстанцый.

Музычна-забаўляльныя праграмы радыё "Сталіца" арыентаваны на моладзь і дарослых, якія цікавяцца рок-музыкай.

- У свеце налічваецца больш за 300 напрамкаў рока, - гаворыць намеснік дырэктара "Сталіцы" Дзмітрый Абрамчык. - І мы імкнёмся іх усе прадставіць у нашым эфіры: як найноўшыя кампазіцыі самых розных сучасных кірункаў, так і класіку, якая даўно палюбілася сталым меламанам.

Дарэчы, з новага сезона ў абноўленым выглядзе загучаў праект "Крок да рока". Беларускія рок-гурты прыходзяць на прамы эфір і ладзяць імправізаваныя "жывыя" канцэрты ў студыі.

- Але наш цэнтральны музычны праект называецца "Ведай нашых", - расказвае кіраўнік аддзела музычных праграм Таццяна Шышло. - Ён інтэрактыўны і мае на мэце адкрыць новыя імёны на айчыннай рок-сцэне. Мы даём магчымасць маладым і нераскручаным гуртам паспрабаваць сябе ў барацьбе за тытул "Песня месяца". Кожнае першае чысло 10 новых песень пачынаюць ратацыю ў эфіры. Галасаванне за найлепшую кампазіцыю адбываецца ў інтэрнэце. Абмежаванняў па мове песень няма, галоўнае, каб яны былі аўтарскія, арыгінальныя (кавер-версіі да ўдзелу ў конкурсе не прымаюцца). За год існавання праекта аб сабе здолелі заявіць шмат цікавых каманд.

- Менавіта так адбылося з намі, - заўважае лідар гурта Nevrіda Павел Таіпаў. - Дзякуючы праекту "Ведай нашых" мы знайшлі спонсара, які пачуў нас выпадкова ў прамым эфіры. Не трэба гнацца за лайкамі і рэпостамі ў сацыяльных сетках, лепш сканцэнтравацца на тым, каб рабіць якасны матэрыял, які зацікавіць патэнцыяльнага слухача.

Валяр’ян ШКЛЕННІК.