"PRO спорт" на "Беларусь 5" - у абноўленым фармаце

16.10.2015

"Звязда"

Інфармацыйны складнік тэлеканала "Беларусь 5" змяняе свой фармат. З кастрычніка спартыўныя навіны, што выходзяць пад агульнай назвай "PRO спорт", цяпер прадстаўлены ў эфіры фарматамі: "PRO спорт. Навіны гадзіны", "PRO спорт. Навіны", "PRO спорт. Вынікі дня".

Так, па буднях у вячэрні прайм-тайм (прыкладна ў 19.00) выходзіць 5-хвілінны выпуск, дзе гледачоў коратка знаёмяць з вынікамі дня і анонсам вячэрніх трансляцый з уключэннямі з арэн, апошнімі навінамі перад гульнямі і іншай інфармацыяй, якая можа зацікавіць напярэдадні матча. У канцы кожнага дня балельшчыкаў і тэлегледачоў чакае расшыраны выніковы выпуск спартыўных навін хранаметражом 10 хвілін.

мя гэтага, штодня на працягу ўсяго эфірнага дня на "Беларусь 5" будуць выходзіць хвілінныя "Навіны гадзіны", задача якіх - інфармаваць тэлеаўдыторыю аб самых свежых і аператыўных падзеях, цікавых, захапляльных момантах са свету спорту. У суботу і нядзелю праграма "PRO спорт. Навіны" будзе ў выглядзе выніковага выпуску па завяршэнні дня.

З 19 кастрычніка па панядзелках на тэлеканале "Беларусь 5" з’явіцца новая інфармацыйна-аналітычная праграма "PRO спорт. Вынікі тыдня", дзе будуць прадстаўлены не проста навіны, а спартыўная аналітыка, падвядзенне вынікаў тыдня, з вылучэннем галоўнай тэмы (ёй будзе прысвечана большая частка эфірнага часу). У студыю праграмы запросяць гасцей - герояў тыдня - альбо людзей, якія маюць дачыненне да той ці іншай падзеі ў спартыўным жыцці тыдня. Плануецца, што не абыдзецца новы праект і без інтэрактыву: тэлегледачы змогуць задаваць свае пытанні па тэлефоне ці пакінуўшы на афіцыйных старонках тэлеканала ў сацыяльных сетках.