"Прапаўзці ад стала да шуфляды ракам, памятаючы, што ты лялька..." - Жыццё за кадрам, альбо Як здымаюць "Калыханку"

07.06.2011
"Звязда", 7 чэрвеня 2011г.


Прасторны павільён Белтэлерадыёкампаніі, дзе "жывуць" Маляваныч і кампанія, ажывае кожны панядзелак а 10-й гадзіне. За дзень тут здымаюць адразу пяць выпускаў праграмы - на ўвесь тыдзень, таму акцёры Іна Ганчар, Эмілія Пранскутэ, Уладзімір Варанкоў, Аляксандр Ждановіч і Алена Бікранёва могуць смела назваць бутафорскі пакой другім домам. Прынамсі, па панядзелках.
- Вось кажуць, што панядзелак - цяжкі дзень, - гаворыць рэжысёр "Калыханкі" Наталля ДАНДУКОВА. - Для нашай жа каманды ён цяжкі, пакуль мы не дайшлі да студыі (усміхаецца. - аўт.). Там ужо пачынаюцца весялосць, жарты і розыгрышы. Для нас панядзелак - яркі дзень.

Хто ў цераме жыве?

Сёлета якраз "Калыханку" назвалі лепшай праграмай для дзяцей і юнацтва падчас 7-й нацыянальнай прэміі "Тэлевяршыня", і, як трапна пажартаваў тады акцёр Аляксандр Ждановіч (ён жа Маляваныч), "дзякуй, што за 30-гадовую гісторыю "Калыханка" ўсё ж не засталася незаўважанай".
...На здымачнай пляцоўцы 10 сафітаў: у кадры - вечар. Ля мікшарскага пульта нясе вахту гукарэжысёр, мастак па касцюмах нарыхтоўвае чарговыя аксесуары для Яны і Топы. Максімальна сканцэнтраваная рэжысёр (яна пастаянна робіць паметкі ў сцэнарыі) і ўважлівы аператар - вочы праграмы.
Глядач не бачыць, як пад сталом, седзячы на падушках, а часта і проста, на кукішках, лялькамі кіруюць акцёры. Не бачыць гэтых чаравікаў, адстаўленых убок, - нехта з артыстаў пераабуваўся; не бачыць прымацаванага да ножак стала сцэнарыя, па якім арыентуюцца акцёры. Не бачыць мінеральнай вады пад сталом, непрыкметным застаецца і маленькі тэлевізар, па якім акцёры адсочваюць карцінку з камеры. Але адно адчуваюць дакладна - шчырыя эмоцыі і пазітыўны настрой, які ад артыстаў перадаецца і лялькам.

Рэжысёр дае каманду. Хвілінная гатоўнасць. Паехалі.
 
- Мы часам адну "Калыханку" пішам трыццаць хвілін, а іншы раз - і чатыры з паловай гадзіны, - расказвае "Звяздзе" акцёр Уладзімір Варанкоў, які агучвае мядзведзяня Топу. - Шмат бывае драбязы, якую дэталізуюць сцэнарысты, таму даводзіцца дэманстраваць кожны жэст.
- У мяне кожны сцэнарый за ўсе 20 гадоў, якія я працую ў якасці Топы, пачынаецца са слёз, - працягвае з усмешкай Варанкоў. - Чытаю сцэнарый і дзіву даюся: "На дрэве вісіць Топа галавой уніз і трымае ў лапах арэлі, на якіх катаецца Яна..." Вы ўявілі? - Тут чалавек такое ці зробіць, а трэба, каб лялька. А такі сцэнарый - кожны другі. Нашы сцэнарысты часам настолькі захапляюцца, што забываюць пра акцёраў. "Топа і Яна падыходзяць да шуфляды, выцягваюць яе і пачынаюць там корпацца, а знайшоўшы неабходную рэч, прыносяць яе да стала". Усё добра, каб гэта рабіў чалавек. А ты прапаўзі ракам ад стала да шуфляды, высунь, пакалупайся, дастань і прынясі (усміхаецца. - Аўт.). І ты - лялька!
Але часамі бывае наадварот: чым цяжэйшыя ўмовы ў сцэнарыі, тым больш нечаканым атрымліваецца эфект:
- Калі аднойчы напісалі, што Сплюшык катаецца на каньках на лёдзе, мы доўга думалі, як гэта зрабіць, - распавядае акцёр. - Бо лялька змайстравана такім чынам, што ногі ў яе не могуць рухацца. Але ў выніку Сплюшык у нас не толькі стаяў на каньках, але і катаўся, і нават падаў.
І рукі, і вочы ў акцёраў падчас здымак занятыя. Таму, каб не вучыць на памяць сцэнарыі да ўсіх пяці выпускаў, акцёры прымацоўваць сцэнарый да ножак стала, а для зручнасці абводзяць у гэтых паперках свае словы фламастарам:
- Мы спрабавалі ўжо за гэтыя гады сцэнарыі вучыць. Але калі стрымліваецца тэкст, знікае імправізацыя. А дзяцей не падманеш - таму, каб было прасцей, тэкст чытаем з лістоў.

"Хто звязвае шнуркі Маляванычу?"
 
І калі акцёраў, якія працуюць пад сталом, ніхто не бачыць, то акцёр Аляксандр Ждановіч працуе ў кадры. А як ён запамінае свае словы? Маляваныч - стрэляны верабей. Ён свае словы ... прымацоўвае да камеры.
- Зрок у мяне добры, - працягвае акцёр. - Ён і выручае - я вешаю тэкст на самую камеру і падглядаю (усміхаецца. - Аўт.). А чытаць так, каб гэтага не заўважылі гледачы, - гэта сапраўднае мастацтва (смяецца - Аўт.). За 15 гадоў, якія я правёў у вобразе Маляваныча, гэтым майстэрствам авалодаў цалкам.
Як расказала "Звяздзе" рэжысёр перадачы Наталля Дандукова, акцёры, якія працуюць пад сталом, - вялікія аматары да розыгрышаў.
- Часцей за ўсё, пакуль Маляваныч сядзіць на крэсле, яны прывязваюць яму шнуркі да ножкі стала альбо крэсла - і акцёр устае ўжо разам з крэслам (смяецца. - Аўт.). Вось толькі я ніколі не паспяваю заўважыць, хто гэта робіць: Яна ці Топа...
- У нас заўжды весела, - прызнаецца актрыса Іна Ганчар, якая агучвае лісічку Яну. - А яшчэ сцэнарыі касцюміраваныя!

Сцэнарысты: "Іграць дзяўчат-красунь Маляваныч адмаўляецца"

Сярод сцэнарыстаў "Калыханкі", як ні дзіўна, мужчын няма. Сюжэты да дзіцячай перадачы прыдумляюць жанчыны: Вольга Шчукіна, Ларыса Есарція, Алена Фурсава, Наталля Грэчышкіна і Вольга Асмолава. У кожнай з іх ёсць свой месяцовы тэмплан - 22 сцэнарыі "Калыханкі" на пяцярых. У выніку за месяц кожная падае па шэсць-сем тэм.
- З сямі тэм у аўтара прымаецца 4-5, - праводзіць лікбез Ларыса Есарція, - Дзелім па-брацку: амаль у кожнай з нас раз на тыдзень выходзіць свая тэма. Загадчык аддзела сочыць, каб тэмы не паўтараліся. Выпуск адной "Калыханкі" доўжыцца 14 хвілін. Падводка - тры хвіліны. Гэта значыць, трэба напісаць каля 2,5-3 лістоў у друкаваным варыянце. Але адна рэч - напісаць, іншая - ажывіць на экране, дзе працуюць ужо ўсе разам: і рэжысёр, і аператар, і акцёр.
- А раней працавалі без тэмплана, - узгадвае сцэнарыст Алена Фурсава. - Гэта сёння трэба канкрэтныя тэмы заяўляць. Я часам лаўлю сябе на думцы, што на гэтую тэму я ўжо пісала (смяецца. - Аўт.), але пасля падумаеш і знаходзіш нейкі іншы паварот. Галоўнае, каб маленькім было цікава. Мову стараешся наблізіць - глядзіш на свет вачыма дзіцяці.
Жартаўліва ўзгадваюць жанчыны і выпадак з акцёрам Аляксандрам Ждановічам:
- Маляваныч заўсёды просіць: давайце мне вобразы, чаму я ў вас заўсёды такі сухар. Дык мы яго і Кашчэем, і дамавым, і лешым, і піратам... Аднойчы мы загуляліся і... Тэма была "Гуканне вясны". І Маляваныч па сцэнарыі павінен быў пераапрануцца ў дзяўчыну-красуню - з вянком на галаве. Але іграць жанчыну акцёр адмовіўся. Давялося на хаду перарабляць сцэнарый - чучала лялькі зрабілі з саломы...

- Калі ў дзіцячым садку ў маёй унучкі пытаюць, ці праўда гэта, што яе дзядуля - Топа, яна адказвае: мой дзядуля толькі дапамагае Топу, - з гонарам адзначае акцёр Уладзімір Варанкоў. - Увогуле, выпускі "Калыханкі" стараюся не прапускаць. А апошнія тры з паловай гады, як нарадзілася ўнучка, прапусціць калыханку нельга зусім: роў па хаце стаіць такі, што ого-го! У такія хвіліны сваю працу люблю яшчэ больш (усміхаецца. - Аўт.)

Топ-5 фактаў пра "Калыханку":
1. Назву "Калыханка" (ад слова "калыхаць") упершыню прыдумала рэдактар галоўнай рэдакцыі "Калыханкі" Ніна Шоба. Кажуць, гэтую назву жанчына прысніла.
2. У кадры герой Маляваныч носіць акуляры, але насамрэч зрок у акцёра Аляксандра Ждановіча добры і акулярамі ён не карыстаецца.
3. Усе акцёры "Калыханкі" маюць прафесійную адукацыю і працуюць у тэатрах.
4. Каб зняць напружанне пасля працоўнага дня, акцёр Уладзімір Варанкоў кожны панядзелак ходзіць у лазню.
5. Некаторы час усе мультфільмы ў праграме перакладаліся на беларускую мову. Але ад гэтай ідэі ў выніку адмовіліся: вельмі цяжка было знайсці беларускамоўных артыстаў, якія маглі б дакладна перадаць тэмбр галасоў вядомых акцёраў Папанава і Лявонава.

Ілья ЛАПАТО.