Прамы эфір - як палёт у космас

09.10.2012
"Звязда", 9 кастрычніка 2012 г.


У праграме "Навіны рэгіёна" АТН Белтэлерадыёкампаніі змяняецца склад вядучых. З гэтага тыдня вядучымі выпускаў навін сталічнага рэгіёна будуць Юлія Аляксандрава, Алег Разановіч і Юлія Чаргінец. Гэтыя кадравыя перастаноўкі дазволяць сённяшнім карэспандэнтам паспрабаваць сябе ў новым амплуа і знайсці свайго гледача. Прыхільнікаў праграмы чакаюць таксама новыя рубрыкі. Эканамічнай тэматыцы будзе прысвечана рубрыка "Капітал" Якава Буты, а за афішай культурнага жыцця будзем сачыць разам з Ілонай Бутоўскай у рубрыцы "Сталічны праменад".
- Зразумела, што сёння кожны чалавек можа імгненна распаўсюдзіць любую інфармацыю па ўсім свеце. Разам з тым, назіраецца дэфіцыт лакальнай інфармацыі. Чалавек можа ведаць, што адбываецца ў Іраку ці ў іншай краіне, але дзе яму даведацца пра навіны свайго рэгіёна? Мы з ліку тых інфармацыйных крыніц, якія імкнуцца паведаміць людзям пра падзеі, якія адбываюцца побач з імі і цікавяць іх у першую чаргу, - расказаў намеснік загадчыка карэспандэнцкай сеткі АТН Белтэлерадыёкампаніі Павел Фірсаў. - А наша імкненне абнавіць склад вядучых абумоўлена тым, што чалавек, які з'яўляецца на экране і расказвае нам пра апошнія падзеі, павінен быць адукаваным, інтэлектуалам. Важна, каб ён шукаў стыль падачы інфармацыі, а не проста зачытваў напісанае кімсьці.
Рэгіянальныя тэленавіны - традыцыйная творчая пляцоўка для журналістаў і вядучых, якая з'яўляецца падмуркам для іх далейшага развіцця і кар'ернага росту. Тут ахвотна прымаюць практыкантаў, калі тыя жадаюць паспрабаваць сябе ў цікавай прафесіі. Улічваючы, што сёння своеасаблівы трэнд навіннай журналістыкі ва ўсім свеце - гэта журналіст, які працуе ў кадры, умее пісаць і прыгожа, правільна гаварыць, а таксама мае арыгінальную форму падачы інфармацыі ў эфіры, менавіта на такіх зроблена стаўка ў "Навінах рэгіёна". Новыя вядучыя будуць працаваць не толькі ў прамым эфіры, але і праз тыдзень змяняць адзін аднаго ў ролі мадэратараў, гэта значыць, будуць непасрэдна фарміраваць тэматыку кожнага выпуску. Такая структура працы дазволіць набірацца вопыту ў розных сферах, а таксама будзе спрыяць таму, што гледачы запомняць кожнага з іх.
Пакуль мы знаходзімся ў студыі, адкуль штодзённа ў 15:15 і 19:15 будуць вітаць сваіх гледачоў Юлія Чаргінец, Юлія Аляксандрава і Алег Разановіч, цікаўлюся ў іх: што ж адчувае чалавек, калі знаходзіцца ў прамым эфіры?
- Многія параўноўваюць гэтае пачуццё з палётам у космас. І я таксама сказала б, што гэта так, бо ёсць толькі ты і камера, - кажа Юлія Аляксандрава. Толькі ты ведаеш, што хочаш данесці да аўдыторыі і разумееш: неабходна пакінуць усе праблемы і хваляванні за парогам студыі. Таму нас чакае палёт у космас двойчы на дзень на працягу тыдня. 

Алена ДРАПКО.