Прамое ўключэнне

13.11.2010
"Звязда", 13 ноября 2010 г.


Што прымушае чалавека снедаць у 04:30 ранку? Калі б мы жылі ў Турцыі, я падумаў бы, што Рамадан. Але не. У вядучых Першага канала Беларускага радыё, якія працуюць у першую змену, іншага варыянту проста няма: прамы эфір пачынаецца ўжо ў шэсць...
Напярэдадні юбілею Беларускага радыё карэспандэнт "Звязды" завітаў у госці да калег-радыйшчыкаў і паназіраў за тым, як праходзіць дзень самага вядомага радыё краіны. А яшчэ - даведаўся, ці п'юць вядучыя для паляпшэння голасу курыныя яйкі, што робяць, каб не праспаць ранішні эфір і адкуль кіраўнік праграмы "Моўная хвілінка" бярэ прыклады для эфіру. Але пра ўсё па парадку. 

Тры будзільнікі, каб прачнуцца
 
Павел ЛАЗОВІК працуе на радыё ўжо дзявяты год. У дзяцінстве ён марыў аб прафесіі медыка. Але шэфства над школьнай газетай зрабіла сваё, і хлопец пайшоў на журфак. Сёння яго голас гучыць у эфіры кожны дзень.
Сёння ў Паўла першая змена:
- Я чалавек, якому, каб прачнуцца, патрэбныя знешнія раздражняльнікі. Ціхенька ўстаць і збірацца на працу ў цемры - гэта не для мяне. Мне патрэбны яркае святло, музыка, радыё, душ, сняданак па магчымасці... Гэта больш настройвае на працоўны лад.
Восенню і зімой прачынацца цяжэй: цёмна і птушак няма. Здаецца, што ўвесь горад спіць і толькі табе аднаму трэба ўставаць. Плюс наша беларуская звычка адключыць будзільнік і паляжаць "яшчэ пяць хвілін". А гэта небяспечна прасыпаннямі. Таму мяне будзяць будзільнік і два мабільнікі - усё заведзена на розны час. 
- Ці былі выпадкі, калі ўстаць своечасова не атрымлівалася?
- Праспаць?! - з асцярогай перапытвае Павел. - Не, такога не было. Вадзіцель дзяжурнай машыны, якая цябе забірае ў 05:20, абавязкова дачакаецца і вызваніць. Па дарозе на працу выкарыстоўваеш любую вольную хвілінку, каб распрацаваць звязкі, таму вадзіцель ужо прывык да нашых дзівосаў (усміхаецца). 
- Курыныя яйкі для голасу не п'яце?
-Не, такога не было, зрэдку - перапяліныя яйкі. Увогуле, стараюся выключыць з харчавання прадукты, якія могуць негатыўна уплываць на голас, -- арэхі, семкі, малочныя прадукты - усё тлустае. Сняданак радыёвядучага? Лёгкая ежа, якая проста дапамагае прачнуцца. Звычайна гэта гарбата альбо кава і ёгурт ці тваражок. 
- Пагадзіцеся, добра быць пішучым журналістам: ніхто цябе не чуе...
- У нас яшчэ лепш - нас яшчэ ніхто і не бачыць (смяецца).
Узгадваючы свае адчуванні падчас першага прамога эфіру, Павел адзначае: "З кожным эфірам хваляванне крыху меншае, а ўпэўненасці больш. Ужо не заўважаеш дробязяў, на якія траціш нервы і час на першым эфіры: а як буду гаварыць, што буду гаварыць, як уключаць мікрафон. Пасля ўсё робіш на аўтаматызме: галава працуе і рукі робяць. Слухач можа і не заўважыць, што штосьці на эфіры не атрымалася. Мы ж заўсёды адчуваем, у чым былі хібы. Але, калі адчуваеш падтрымку слухачоў, усё атрымліваецца якраз так, як ты хацеў. Гэта не можа не радаваць".
Павел звязваецца па тэлефоне з дзяжурным сіноптыкам Святланай РЫБАКОВАЙ - і слухачы даведваюцца пра самы цёплы дзень у гісторыі метэаназіранняў, пазначаны сённяшняй датай - 1927 год. На гадзінніку - хутка дзевяць. Павел толькі што адпрацаваў ранішнюю змену, уступіўшы месца ля мікрафона сваёй калезе... 

"Цуд радыё ў тым, што цябе пазнаюць незнаёмыя табе людзі"
 
...На сцяне эфірнай студыі - вялікі гадзіннік з секунднай стрэлкай. Часам нават здаецца, што ты чуеш яе рух. Праз акно прабіваюцца рэдкія промні асенняга сонца, але гукарэжысёр іх не бачыць: уся яго ўвага сканцэнтраваная на мікшарскім пульце. Насупраць яго ў навушніках сядзіць карэспандэнт з лістамі паперы ў руках. Поўная гатоўнасць. І...тры-два-адзін:
- Дзевяць гадзін у Беларусі. З навінамі ў студыі Вольга СЯМАШКА, добры дзень.
Журналіст, які чытае навіны ў прамым эфіры, павінен не толькі сам іх знайсці і апрацаваць. Падрыхтаваныя навіны спачатку трэба занесці на зацвярджэнне на другі паверх да дырэктара вяшчання, адтуль - на трэці паверх да стылістаў і толькі пасля вярнуцца на другі паверх у эфірную студыю...Гэта пры тым, што навіны чытаюцца кожную гадзіну, і кожную гадзіну гэта павінны быць "новыя навіны".
- За дзень я ў курсе 90 працэнтаў навін, што адбыліся ў краіне, - распавядае абаяльная вядучая Вольга СЯМАШКА. - Звычайна ў адным выпуску - 6-7 навін. Сінхрон займае ад 40 хвілін да хвіліны. Навіны мы не проста збіраем, але працуем і як перакладчыкі. Адаптуем тэкст, сочым, каб гэта былі кароткія сказы, каб у іх было менш лічбаў. 
- А як змагацца з жаданнем пазяхнуць, калі гэтае жаданне прыйдзе ў прамым эфіры, - скажам, падчас выпуску навін?
- Скажу шчыра, у мяне ніколі не было жадання пазяхнуць у эфіры (смяецца). Чалавек пазяхае, калі расслаблены. Прамы эфір расслабляцца не дае. Усе пяць хвілін, калі чытаеш навіны, ты максімальна сабраны і сканцэнтраваны. Галоўнае - эфір, пасля - хоць патоп.
У Вольгі за плячыма ўжо 10 гадоў эфірнай працы. На радыё яна прыйшла яшчэ калі вучылася на трэцім курсе ўніверсітэта:
- Цуд радыё для мяне ў тым, што, калі я куды-небудзь прыязджаю і кажу, што я Вольга СЯМАШКА, - людзі мяне ведаюць. Я іх не ведаю, а яны мяне ведаюць. Гэта трошкі бянтэжыць, але і радуе - значыць, твая праца не праходзіць дарма.
Праца для Вольгі асабістаму жыццю не перашкаджае. "У мяне цудоўны муж і сын. Муж з радыё не звязаны, хоць сямейныя пары ў нас на працы таксама ёсць". 

"Уначы не працуем, але тэксты сняцца"
 
Стыльрэдактары. Людзі гэтай прафесіі запатрабаваныя не толькі ў кожнай газеце, але і на кожным тэлеканале. Беларускае радыё - не выключэнне.
- Мы павінны вычытаць падрыхтаваны журналістам тэкст і адправіць яго ў эфір без памылак, - раскрываюць "Звяздзе" свае козыры стылісты Таццяна ДРАГАВЕЦ і Кацярына САЧАНКА, выпускніцы філалагічнага факультэта. - Калі ў матэрыяле слова ўжыта няправільна, мы заўважым адразу. Можа, хтосьці і не заўважыць, але толькі не мы...
- Уначы не працуем, але тэксты часам сняцца, - не то жартам, не то сур'ёзна кажа Таццяна ДРАГАВЕЦ.
У працоўным кабінеце стыльрэдактараў пяць сталоў. На кожным - процьма слоўнікаў. Шафа ля сцяны таксама застаўленая энцыклапедыямі і даведнікамі. Ля дзвярэй - люстэрка, сімвал таго, што ўсе стылісты тут - жанчыны. На камп'ютарах - вялікі он-лайн гадзіннік з секундамі. Гэта як напамін: праца на радыё ідзе ў секундах.
Асобна парадаваў вока звяздоўскі каляндар з зубрамі, які таксама вісіць у кабінеце. Нашу газету калегі па родным слове абавязкова чытаюць.
- А я рыхтую тэксты "Моўных хвілінак", - гаворыць стыльрэдактар Вераніка БАНДАРОВІЧ. - Агучвае іх Таццяна ШУШАКОВА, тэхнічная дапамога - гукарэжысёр Ігар ПІСЫГІН. У нас ёсць два праекты - "Роднае слова", які выходзіць кожную сераду ў 21:40 (20 хвілін) і праект "Моўная хвілінка", які выходзіць тры разы штодзень.
Сумнявацца ў прафесіяналізме Веранікі не прыходзіцца: у навуковым багажы дзяўчыны ўжо ёсць кандыдацкая дысертацыя на тэму "Музычная лексіка ў старабеларускай мове: структурна-семантычны, этымалагічны і дэрывацыйны аспекты"...
- У пошуку прыкладаў мне дапамагае стыльрэдактарская праца. Кожны дзень чытаеш праграмы сваіх жа калег і заўважаеш пэўныя хібы. А яшчэ - кожны ездзіць грамадскім транспартам, чытае шыльды па горадзе. На такім жывым матэрыяле і ствараюцца праграмы "Моўная хвілінка" і "Роднае слова".
Вельмі радуе, што ёсць прамая сувязь: нам тэлефануюць, пішуць лісты. Ёсць і пастаянныя слухачы, якія нават падказваюць тэмы. Слухацкі дыяпазон вельмі шырокі - ад школьнікаў да людзей пажылых. Прычым слухачы з вельмі шырокімі захапленнямі - і фізікі, і лірыкі, і хімікі. Цешыць, наколькі добра яны пішуць лісты па-беларуску...
- Самае цікавае з тых агрэхаў, якія дапускаюць нашы журналісты, - гэта наватворы. "Трацікалій" замест "трыцікале", "пераасвядоміць" замест "пераасэнсаваць", "прыгажавацца" замест "красавацца". Класіка жанру - таўталогія і плеаназмы (галоўны прыярытэт, плацяжы па выплаце зарплат). Адмысловая справаздачнасць на гэты конт у нас вядзецца, таму журналісты пра свае памылкі ў курсе.
Але на памылках вучацца, бадай, усе журналісты. Таму на стылькарэктуру ніколі не крыўдзяцца, нездарма ж любімае беларускае слова ў Веранікі БАНДАРОВІЧ - слова "ладзіць". 

Калі левая нага ведае, куды пайшла правая
 
Працоўны кабінет Алены ДАВІДОВІЧ, куратара інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання, асаблівы. І не толькі таму, што ў Алены Анатольеўны заўсёды ўключаны радыёпрыёмнік. Менавіта ў яе кабінеце кожны дзень праходзяць планёркі і складаецца план работы на заўтрашні дзень.
- Паглядзіце - гэта план асноўных запісаў, - дастае спісаны чарнілам ліст паперы Алена Анатольеўна і тлумачыць: - Вось - запісы, якія ёсць зараз (фарміруюцца яны за дзень). Гледзячы на іх, вядучы навін ужо можа спланаваць свае выпускі. Напрыклад, Таццяна Цітавіцкая сёння ў 11:00 пойдзе на пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў. Яно звычайна доўжыцца гадзіну. Значыць, галоўныя моманты на выпуск навін у 12:00 ужо будуць. У 15:00 Таня Зянько пойдзе ў БДУ на ўзнагароджанне лаўрэатаў. Недзе ў 16 гадзін яна вернецца і ў 17:00 ужо прынясе гукавы файл. Сёння ў Жодзіна разам з дзяржкантролем паехаў наш спецыяльны карэспандэнт, адтуль ён прывязе рэпартаж для праграмы "Радыёфакт"...
Усе навіны фарміруюцца па днях і знаходзяцца на дыску камп'ютара нашай дырэкцыі. Вось я адкрываю агульную сетку, дзе можна ўбачыць, над якімі навінамі зараз працуе Вольга Сямашка, якая заступіла ў змену... 

"Каардынацыйная дырэкцыя". "Вяшчальная дырэкцыя". "Блок запісу і мантажу" (далей - БЗМ) ...Недасведчанаму чалавеку шыльды на калідорах Беларускага радыё раскажуць няшмат. Таму варта завітаць хоць бы ў апошнюю.
Рэдактара Наталлю КАВАЛЬСКУЮ я застаў за працай у БЗМ:
- Зараз я раблю сюжэт у праграму "Беларусь-Расія"- зводжу ўсе матэрыялы ў адзін, - дзеліцца журналістка. - Праграма выходзіць па нядзелях, праект маштабны. А паколькі я - адказная за гэты праект, працую над ім сама.
Наталля ў шэрагах радыйшчыкаў вось ужо 14 гадоў. Як лічыць журналістка, праца на радыё - гэта спалучэнне розных талентаў. Тут і журналістыка, і майстэрства мантажу, і перакладу, і стылістыкі. Калі на тэлебачанні ёсць дакладнае размежаванне - робіш гэта і гэта, то на радыё - трохі інакш. Галоўныя якасці радыйшчыка на думку Наталлі, - уменне думаць аналітычна, валоданне добрай дыкцыяй, а таксама ўменне не толькі гаварыць, але і думаць па-беларуску.
У госця не атрымліваецца прыйсці на эфір. Што рабіць?
А вось сапраўды: што рабіць? Дзмітрый РУБАШНЫ, вядучы праграмы "Актуальны мікрафон"і загадчык аддзела падрыхтоўкі палітычных праграм на радыё, працуе з 1993 года. І як расказаў журналіст, з такой праблемай сутыкаюцца вельмі рэдка.
- Такіх выпадкаў не ўзгадаю. Але калі нават і здарыцца - ёсць некалькі надзейных людзей, з якімі можна пагутарыць на тую ж самую тэму. Яны адменяць усё і прыедуць на эфір. Я вельмі ўдзячны кіраўнікам нашых міністэрстваў, канцэрнаў і прадпрыемстваў за тое, што яны разумеюць, наколькі адказная наша работа і заўсёды ідуць нам насустрач.
- Колькі часу журналіст звычайна рыхтуецца да эфіру?
- Для таго, каб падрыхтавацца да эфіру, трэба прачытаць не адну кніжку. Нельга сказаць, што да эфіру рыхтуюся гадзіну, альбо дзве, альбо пяць - рыхтуюся ўсё жыццё... Беларускае радыё, бадай, адзінае, якое можа размаўляць з людзьмі на тэмы, якія хвалююць кожнага чалавека. Таму і партрэт журналіста на радыё - чалавек, які разумее людзей, цікавы суразмоўца. 

"Давер слухачоў для нас найважнейшы"
 
"Радыёфакт", "Пастфактум", "Роднае слова", "Сустрэчы з песняй", "Моўная хвілінка"...Ідзеш па калідоры радыё і не можаш паверыць, што ўсе гэтыя праграмы ствараюцца тут - у сценах гэтага невялічкага будынка.
- Мы апісваем жыццё штодня. Мы ствараем радыёлетапісы нашага жыцця, нашай краіны. Кожная хвіліна - гэта хвіліна гісторыі, - гаворыць галоўны дырэктар Беларускага радыё Антон ВАСЮКЕВІЧ. - У нас вельмі багатыя фонды. Калі ў 2050-м годзе зойдзе ў архіў чалавек, каб у яго склалася ўражанне, з чаго ж пачыналася стагоддзе. А яно пачыналася так, гучалі вось такія галасы, падымаліся вось такія тэмы, гучала вось такая музыка.
Мне хацелася б, каб слухачоў Беларускага радыё станавілася больш. Каб радыё для іх было цікавым, карысным, каб нашы слухачы заўжды маглі сказаць: "Я чуў гэта па радыё - значыць, так ёсць насамрэч". Давер слухачоў для нас вельмі важны. Нездарма наш дэвіз - "Будзем разам". Будзем разам, дарагія слухачы!
Ілья ЛАПАТО.
 
Р.S. Плёну і здзяйснення ўсіх мар! З найлепшымі пажаданнямі ад старэйшай сястры "Звязды".
Кур'ёзы ў студыі:
Аднойчы на прамы эфір у студыю быў запрошаны вядомы артыст Міхаіл БАЯРСКІ. Якім жа было здзіўленне вядучага і гукарэжысёра, калі артыст у прамым эфіры ...закурыў. І хоць рабіць гэта строга забаронена, вядомай персоне зрабілі выключэнне. Эфір з БАЯРСКІМ быў разбіты выпускам навін. Калі ў студыю чытаць навіны прыйшоў другі журналіст, Міхаіл БАЯРСКІ нікуды і не сышоў - так і курыў, седзячы побач. Журналіст чытаў выпуск навін, а Міхаіл БАЯРСКІ ўважліва слухаў і пазіраў, час ад часу ўцягваючы тытунёвы дым... Журналісты гэты эфір помняць і сёння.