Праект "Подых струн" выйшаў за межы тэлеэфіру

01.04.2016

"Звязда"

Праект "Подых струн" на канале "Беларусь 3" выйшаў за межы тэлеэфіру. Сумесна з Палацам культуры г. Маладзечна Белтэлерадыёкампанія арганізавала аднайменны конкурс бардаўскай песні. 11-13 сакавіка ў культурнай сталіцы Беларусі-2016 прайшла серыя бардаўскіх канцэртаў. Галоўнай падзеяй фестывалю стаў гала-канцэрт з удзелам членаў журы, канкурсантаў і мясцовых калектываў.

На гала-канцэрце тэлефестывалю "Подых струн" і былі вызначаны пераможцы конкурсу бардаўскай песні ў наступных намінацыях: Гран-пры - "Клуб Арганізаваных Бардаў" г. Гродна; "Лепшы выканаўца" - Таццяна Шубзда; "Лепшы аўтар тэксту" - Кацярына Ваданосава (за твор "Русалка"); "Лепшы аўтар музыкі" - Ігар Падчыненкаў (напісана на словы Алены Касьян "Пока парит твой голос надо мной..."). Як вядома, праект "Подых струн" выходзіць на канале "Беларусь 3" кожную нядзелю ў ранішнім эфіры вось ужо другі год. Вядучы праграмы - вядомы акцёр і выканаўца аўтарскай песні Анатоль Длускі запрашае гледачоў на сустрэчу з беларускімі бардамі. Адметнасць "Подыху струн" у тым, што перадача выходзіць у фармаце "жывы гук". Барды выконваюць вядомыя і ўласныя кампазіцыі, адказваюць на пытанні вядучага і тэлегледачоў.

На сайце "Беларусь 3" праходзіць галасаванне за лепшую кампазіцыю па выніках кожнай праграмы. Дзякуючы галасам прыхільнікаў праекта і былі адабраны лепшыя песні для конкурснай праграмы фестывалю "Подых струн".

- Першапачаткова было больш за пяцьдзясят канкурсантаў, з якіх журы, з улікам галасавання на старонцы праекта "Подых струн", выбрала 15 фіналістаў - выканаўцаў самых папулярных кампазіцый. Аднак асноўным крытэрыем для адбору канкурсантаў у фінал стала выкананне песні менавіта пад акустычную гітару, што вылучае жанр бардаўскай песні сярод астатніх, - расказала прадзюсар "Беларусь 3" Алена Манькоўская.

У склад журы першага рэспубліканскага фестывалю бардаўскай песні ўвайшлі аўтары-выканаўцы Юрый Несцярэнка і Наталля Паўлюшчык, лаўрэаты айчынных і міжнародных фестываляў Аляксандр Баль і Вольга Залеская і вядучы праекта "Подых струн" Анатоль Длускі. Старшыня - кампазітар, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алег Елісеенкаў.

Тэлевізійную версію гала-канцэрта першага рэспубліканскага тэлефестывалю аўтарскай песні "Подых струн" можна будзе ўбачыць у эфіры канала 10 красавіка.

Алена ДРАПКО.