"Пра надвор'е можна расказваць бясконца"

04.04.2014
"Звязда", 4 красавіка 2014 г.

 
Кажуць, жанчына стварае пагоду ў доме. А наша гераіня амаль сямнаццаць гадоў расказвае пра надвор'е з экрана тэлевізара. Святлану Панкратаву гледачы ведаюць як вядучую праграмы "Навіны надвор'я", якая цяпер ідзе на тэлеканале "Беларусь 1", і праекта "Тэлебарометр", дзе з нядаўніх пор адбыліся перамены. Пры сустрэчы з вядомым "народным сіноптыкам" удалося пагаварыць пра надвор'е і даведацца спосаб, як быць шчаслівымі круглы год...

- Як успрынялі навіну, што праграма "Тэлебарометр" змяніла фармат?
- "Тэлебарометр" быў не асноўным праектам, а анонсам да "Навін надвор'я" на працягу апошніх трох гадоў. Быў перыяд, калі гэтая праграма з'яўлялася асноўным выпускам, а потым назву змянілі на "Навіны надвор'я". Таму, пасля майго пераходу са сваёй праграмай на "Беларусь 1", на тэлеканале "Беларусь 2" "Тэлебарометр" вырашылі ператварыць у вялікі праект, дзе змяніўся не толькі вядучы, але і сама праграма. Магчыма, трэба было па-іншаму назваць яе, бо "Тэлебарометр" стаў за гады свайго існавання брэндам, да якога прызвычаілася аўдыторыя і, безумоўна, кардынальныя змены будуць выклікаць пэўны рэзананс як сярод гледачоў, так і ў акружэнні спецыялістаў, што займаюцца стварэннем праграмы. Тое, што вядучым стаў мужчына, момант, магчыма, нават станоўчы, а вось наконт змены беларускай мовы на рускую - пытанне спрэчнае. Але гэта ўжо вырашаць кіраўніцтву. Людзі, якія ствараюць сёння "Тэлебарометр", апантаныя сваёй працай, таму, думаю, усе нюансы з часам вырашацца...

- Водгукі гледачоў якія?
- Некаторыя не задаволены, успрымаюць перамены як нейкі эксперымент, які варта перачакаць. Людзі прывыклі да праграмы, таму сёння некаторыя здзіўлена пішуць: маўляў, як так атрымліваецца, што вось ужо трэці тыдзень, а вас няма ў эфіры? І тут хацелася б патлумачыць: ні я, ні мая праграма нікуды не зніклі, мы проста змянілі месца існавання ў сетцы вяшчання. І той момант, што "Навіны надвор'я" цяпер ствараюцца Агенцтвам тэлевізійных навін, дазваляе нам працаваць больш аператыўна. Варта цяпер патэлефанаваць некаму і паведаміць цікавую навіну - і мы зможам аператыўна зрабіць на падставе гэтага сюжэт для эфіру. Раней не заўсёды так атрымлівалася, хоць і стараліся запісваць праграму бліжэй да даты выхаду.

- Як вам працуецца ў новым калектыве?
- На "Беларусь 1" у мяне добрая каманда на чале з кіраўніком - Лізай Казаковай. Аказалася, там сярод калег ёсць прыхільнікі майго праекта. Мы актыўна ўсе ўключыліся ў працу. Надвор'е - яно ж застаецца надвор'ем заўсёды, і вакол гэтай тэмы можна абмяркоўваць розныя пытанні, бо шмат што залежыць у жыцці менавіта ад прагнозаў.
Некалі я ўжо працавала тут, але быў перыяд, калі нас перавялі на тэлеканал "Лад", які цяпер называецца "Беларусь 2", таму сёння, можна сказаць, я вярнулася ў былую атмасферу, толькі што калектыў змяніўся. Аднак я не баюся перамен, бо часам яны вельмі нават патрэбны ў жыцці.

- На праграме "Навіны надвор'я" вы працуеце ўжо больш за 15 гадоў. Не ўзнікала жадання змяніць тэму?
- У праекце я з 1997 года, але і да сёння ён не страціў для мяне сваёй цікавасці. Паўтаруся, пра ўсё, што мае дачыненне да надвор'я і да прыроды, можна расказваць бясконца. Вось, дарэчы, была нядаўна на дачы. А там перад зімой мы не абрэзалі вінаград, ажыну, маліну. Злавіла сябе на думцы: "Было б цікава параіцца са спецыялістам, як зрабіць усё цяпер, каб не нашкодзіць будучаму ўраджаю!" Чым не тэма для сюжэта? І такія тэмы заўсёды побач у жыцці. Рыхтуючыся да кожнай новай праграмы я ўсё яшчэ раблю для сябе адкрыцці. Пра звыклае трэба расказаць па-новаму, што таксама стымулюе ў працы.

- Ваш прыход на тэлебачанне пачаўся з кастынгу дыктараў. Як зразумелі, што працаваць для гледача - гэта ваша стыхія?
- Я на кастынгу зразумела, што мяне вельмі прываблівае праца на тэлебачанні, і хацела трапіць у лік тых, каго выберуць для далейшага супрацоўніцтва. Тады я яшчэ вучылася на акцёрскім, але ўжо разумела, што кожны раз расказваць са сцэны адно і тое ж па-новаму мне складана (не лічыла я сябе Актрысай). А тут адкрывалася перспектыва раскрываць нязведанае. Бо на тэлебачанні жывеш у рытме, калі адна карцінка змяняе другую за лічаныя секунды, - гэта маё. Тады нават спазняцца адвучылася, бо вельмі хацелася застацца ў прафесіі. І, мабыць, над гэтым працую і сёння.

- Ніколі не шкадавалі, што не сталі актрысай?
- Ведаеце, быць артысткай, прычым не істотна спявачкай, актрысай альбо нават цыркачкай - гэта была мая запаветная мара з дзяцінства. Таму, магчыма, калі сур'ёзна задумацца над пытаннем, то і адшукала б у сабе шкадаванне. Можа з мяне магло нешта і атрымацца. Для мяне важна, каб былі зносіны з жывымі людзьмі, бо хочацца і самой нечым дзяліцца з імі, і ад іх атрымліваць станоўчы зарад. А вось у адпачынку мне патрэбны цішыня і спакой, тады толькі ўдаецца набрацца новых сіл і зноў вярнуцца ў вірлівае жыццё.

- Адпачываць любіце, наколькі ведаю, у сямейным коле...
- Так, лепшы адпачынак для мяне ў кампаніі мужа і дзяцей. Цяпер яшчэ і зяць з'явіўся. Раней мы вельмі любілі ездзіць на Браслаўскія азёры, а апошнія некалькі гадоў яшчэ і на мора выязджаем. Стараемся сабрацца ўсе разам. Загадзя ўзгадняем свае планы на адпачынак. Напрыклад, на будучае лета думалі пра паездку ва Украіну, але з улікам апошніх палітычных падзей пакуль невядома, ці спраўдзяцца нашы жаданні.

- Улічваючы вашу любоў да адпачынку на прыродзе, наколькі важны для вас камфорт і што патрэбна для яго забеспячэння?
- Калі казаць пра адпачынак, то ў нас ёсць палатка, дзе можна свабодна перамяшчацца ў поўны рост. Абавязкова бяром з сабою душ, газавы балон, словам, усё неабходнае заўсёды пад рукой...
А наогул па жыцці я найбольш камфортна адчуваю сябе тады, калі ведаю, што з маімі роднымі і блізкімі ўсё добра. А ў побыце ўсё можна змяніць пры жаданні, таму тут паняцце камфорту для мяне адноснае.

- Для вас сям'я заўсёды была ў прыярытэце?
- Безумоўна! Для жанчыны менавіта сям'я павінна стаяць на першым месцы. Мне здаецца, тыя, хто спачатку імкнецца рабіць кар'еру, проста маскіруюць свае страхі, мінулыя расчараванні і памылкі ў адносінах. Бог стварыў жанчыну перш за ўсё для таго, каб яна была маці. У гэтым наша прызначэнне, галоўнае шчасце і працяг нас саміх на зямлі.

- Як ставіцеся да так званага грамадзянскага шлюбу, які многія ўспрымаюць магчымасцю прыгледзецца адзін да аднаго?
- Гэта вялікі міф, які трэба развейваць. Вось глядзіце: кожны мужчына хоча ажаніцца з чыстай дзяўчынай. Возьмем яблык: калі адзін пакаштаваў, то вялікая верагоднасць, што другі ўжо не захоча ад яго адкусваць. Альбо, калі другі адкусіць, то першы, хутчэй за ўсё, адмовіцца даядаць. Таму трэба разумець, наколькі такая тактыка перашкаджае ў пабудове адносін. Нават статыстыка сведчыць, што жанчына ў сужыцці лічыць сябе замужняй, а мужчына ўспрымае сябе свабодным чалавекам. А калі ў такім саюзе з'яўляюцца дзеці, то яны, як і іх маці, у выпадку чаго не абаронены ніякімі правамі. Пры разрыве адносін мужчына і жанчына таксама не ўсведамляюць, што страчваюць сям'ю... Таму не варта так правяраць сябе на сумяшчальнасць. Лепш наогул не толькі юрыдычна афармляць адносіны, а яшчэ і вянчацца. Тады Бог бласлаўляе саюз закаханых і аберагае яго.

- Вас замужжа змяніла?
- Я стала па-сапраўднаму шчаслівай!

Алена ДРАПКО.