Пра футбол - з вуснаў спецыялістаў і прыгожай дзяўчыны

11.06.2010
"Звязда", 11 чэрвеня 2010 г.


На тэлеканале "ЛАД" да асвятлення падзей чэмпіянату свету па футболе - 2010, што адкрываецца 11 чэрвеня ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, падрыхтаваліся грунтоўна. Акрамя 34 трансляцый 34 гульняў, якія можна будзе ўбачыць як у прамым эфіры, так і ў рэжыме онлайн на сайце тэлеканала www.lad.tvr.by, агляд кожнага гульнявога дня а палове на дванаццатую ночы зробіць праграма "Час футбола". Дарэчы, пару яе вядучаму Мікалаю Хадасевічу досыць нечакана складзе... адна з самых тытулаваных беларускіх прыгажунь Юлія Сіндзеева.
Многія адразу зацікавіліся: новую "пасаду" Юля атрымала таму, што з'яўляецца актыўнай футбольнай прыхільніцай ці проста, як кажуць, за прыгожыя вочы, каб спартыўныя агляды было прыемна не толькі слухаць, але і глядзець? "Так, яна сапраўды вялікая прыхільніца футболу, - сцвярджае кіраўнік тэлеканала "ЛАД" Сяргей Кухто, - таму мы і прапанавалі Юлі Сіндзеевай паспрабаваць сябе ў якасці сувядучай". Зрэшты, ролю асабістага абаяння і прыемнай знешнасці таксама ніхто не адмаўляе.
Госці праграмы "Час футбола", спрактыкаваныя трэнеры і гульцы, выкажуць свае прафесійныя меркаванні пра матчы, што ўжо адбыліся, а таксама абмяркуюць шанцы камандаў на перамогу ў наступных гульнях. А на сайце "ЛАДа" заўзятары знойдуць, акрамя таго, поўны расклад гульняў і вынікі матчаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.