"Помні імя сваё"

20.10.2005
"Народная газета", 20 кастрычніка 2005 г.


Званок у Лідзе раздаўся ўвечары, калі сям'я Ананьевых вярнулася з дачы. У трубцы пачуўся знаёмы голас. "Няўжо з Ташкента?" - адразу не паверылі гаспадары. А затым пераканаліся, што так і ёсць. Нарэшце сваякі, з якімі паўтара дзесяцігоддзя не бачыліся, а апошні год наогул ніякіх вестак не мелі, адгукнуліся. Сувязь з імі наладзілася дзякуючы сумеснаму праекту Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і "Народнай газеты" "Помні імя сваё..." Праекту, які дапамагае знайсці тых, хто згубіўся ў віхуры войнаў і ў мірны час, хто паехаў на заробкі за мяжу і не вярнуўся, выйшаў у магазін па хлеб і бесследна знік.
- Так здарылася, што пісьмо, дзе я паведамляла новыя нумары тэлефонаў, у Беларусь не дайшло. I сувязь надоўга згубілася, - расказвае жыхарка Ташкента Славена Глазко. - Мы расхваляваны да слёз, што Ананьевы нас памятаюць, любяць. Мы таксама іх вельмі любім і чакаем у госці.
Расчуленая Славена выказала падзяку ў адрас праекта "Помні імя сваё...". А мы з калегамі парадаваліся за аднаўленне лідска-ташкенцкага сваяцтва. I звярнуліся да новых пісьмаў і просьбаў, якія патрабуюць увагі і дапамогі. Адно з іх, поўнае роспачы і надзеі, прыйшло з вёскі Дусаеўшчына Капыльскага раёна.
"Я, Іосіф Паўлавіч Паўлюкевіч, згодна з дакументамі, якія маю, нарадзіўся 1.01.1938 г. на адным з хутароў в.Пясчанка Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці (цяпер - вёска Пясчанка Салігорскага раёна Мінскай вобласці). У той час гэтая тэрыторыя знаходзілася ў Заходняй Беларусі і ўваходзіла ў склад Польшчы на мяжы з СССР. Толькі два гады таму я даведаўся, што мае бацькі прыёмныя, а дата нараджэння, імя, імя па бацьку і прозвішча, якія я нашу, несапраўдныя. Для мяне гэта трагедыя".
Прыёмныя, як аказалася, бацькі Іосіфа Паўлавіча маўчалі шмат гадоў. У 1983 годзе памёр Павел Нікіфаравіч. А два гады таму Надзея Адамаўна перад смерцю раскрыла тайну, не захацела несці яе з сабой у магілу. Толькі тады 66-гадовы мужчына сёе-тое даведаўся пра свае карані.
"Мой сапраўдны бацька - Юзэф Капса або Капсінскі (дакладна прозвішча мая прыёмная маці не памятала), польскі афіцэр, служыў на граніцы з СССР. Разам са сваёй жонкай, маёй маці, ён жыў на хутары, у доме, які здымаў у Паўла Нікіфаравіча Паўлюкевіча. Перад вайной бацьку перавялі на службу ў В.Чучавічы, што за 25 км ад хутара Пясчанка, - паведамляе далей аўтар. - Маці - Яніна Капса (Капсінская) не працавала, была хатняй гаспадыняй. Па звестках Н.А.Паўлюкевіч, я нарадзіўся 27 верасня 1937 года. Гэта было Узвіжанне, таму яна добра памятае.
Сапраўднае ж маё прозвішча, імя і імя па бацьку Юранд Іосіфавіч Капса (Капсінскі)".
Калі Чырвоная Армія заняла Заходнюю Беларусь, Юзэф трапіў у палон і разам з іншымі афіцэрамі адпраўлены ў Смаленскую вобласць, у Катынь, дзе і быў расстраляны. Прынамсі, так распавядала перад смерцю прыёмная маці.
Не пашкадавалі і жонку польскага афіцэра. Яе арыштавалі і адправілі ў Валагодскую вобласць на лесараспрацоўкі. Жанчына адтуль так і не вярнулася.
"За некалькі тыдняў да арышту маці прывезла мяне на хутар да Паўлюкевіча. Абяцала: калі выжыве, то вернецца і забярэ. Калі ж не, прасіла, каб застаўся за сына. Гаспадар прыняў мяне і глядзеў, як сваё дзіця. Усе дакументы пра маё нараджэнне прыёмны бацька знішчыў. Назвалі мяне Іосіфам, так я стаў Іосіф Паўлавіч Паўлюкевіч. I быў ім да 14 кастрычніка 2003 года, пакуль прыёмная маці не раскрыла тайну.
Дарагая рэдакцыя "НГ", дапамажыце разабрацца ў гэтай жудаснай для мяне трагедыі, набыць сваё сапраўднае, законнае імя і прозвішча - Юранд Іосіфавіч Капса (Капсінскі). Для мяне гэта вельмі важна. Хачу паведаміць прыкметы, аднолькавыя ў мяне з бацькам: на паясніцы з левага боку знаходзіцца вялікая радзімая пляма, яна перадаецца ў спадчыну па мужчынскай лініі. Пра гэта мая родная маці расказала прыёмнай, а яна - мне. Прыкмета павінна фігурыраваць у асабістай справе майго бацькі Юзэфа Капсы (Капсінскага), афіцэра польскай арміі 40-х гадоў. Прыёмная маці перадала мне таксама фотаздымак, на якім мае бацька і маці, і дадала, што гэта мой дакумент, усё, што засталося для пацвярджэння таго, што яны - мае бацькі. I яшчэ яна сказала мне, што я вельмі падобны на сваю маці - Яніну, такі ж светлы і канапаты.
Родзічы маіх бацькоў жывуць у Польшчы, а дзе - я не ведаю, не змог адшукаць. Калі гэта магчыма, прашу Вас дамагчы адшукаць іх".
Такая вось гісторыя чалавека, які пражыў большую частку жыцця пад чужым імем, бо так склаліся абставіны. Ён не выбіраў свой лёс, лёс выбраў яго. Гэта трагедыя не толькі аднаго чалавека, а цэлай дзяржавы. Дзякуй Богу і добрым людзям, ён застаўся жыць. Жыць у сям'і, хоць і прыёмнай. Многім жа, у тым ліку і дзецям, было накана-вана гібець і пухнуць з голаду ў "шчаслівай савецкай краіне", гарэць у хатынскім агні ў час Вялікай Айчыннай, стаць ахвярамі страшных вопытаў у фашысцкіх канцлагерах. Пра адзін з іх наш наступны допіс.
Да жыхароў Беларусі звяртаюцца супрацоўнікі польскага Дзяржаўнага музея на Майданку.
Майданэк - канцэнтрацыйны лагер у Любліне, на паўднёвым усходзе Польшчы. Ён стаў другім па велічыні ў Еўропе (пасля Асвенцыма) лагерам смерці, створаным нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны. Лічыцца, што за няпоўныя тры гады праз Майданэк прайшло больш за 300 тысяч вязняў 50 нацыя-нальнасцей. Больш за ўсё сярод іх было яўрэяў, палякаў і беларусаў.
Да сённяшняга дня не знойдзены многія карнікі і каты. Віну некаторых з кожным годам усё цяжэй даказаць. Недахоп матэрыялаў, сапраўдных дакументаў не дазваляе вызначыць дакладную колькасць прайшоўшых праз лагер людзей, а таксама ўсіх яго ахвяр.
Вялікую вышуковую работу праводзяць супрацоўнікі польскага Дзяржаўнага музея на Майданку, які функцыяніруе на месцы лагера з 1944 года. Яны звяртаюцца да ўсіх былых вязняў, .іх родных і блізкіх, да ветэранскіх арганізацый і саюзаў былых палонных канцлагераў з просьбай аб дапамозе ў зборы інфармацыі, якая датычыць вязняў і таго, што адбывалася ў лагеры ў гады вайны. Калі ў вас ёсць фотаздымкі, дакументы, картачкі, прысылайце іх у рэдакцыю нашага выдання. А мы перададзім іх у музей.
Апошнім часам мы ўсё больш беражліва адносімся да сваіх каранёў, не хочам быць "Іванамі, якія не памятаюць роднасці". Многія беларусы складаюць свой радавод, ганарацца сваімі продкамі, шукаюць магілы родных і блізкіх. Мінчанка Людміла Міхайлаўна Шолькіна таксама спадзяецца, што знойдуцца на беларускай зямлі сляды яе дзеда Міхаіла Шолькіна, імя па бацьку, як ёй здаецца, Міхайлавіч. Нарадзіўся ён у вёсцы Жалудкова Тумскага раёна Разанскай вобласці. А прапаў без вестак дзесьці ў 1914 годзе. Цяпер, калі актыўна вядуцца раскопкі, аднаўляюцца могілкі, рэстаўрыруюцца помнікі, магчыма, пашанцуе і ёй.
- Мне ўжо 68 гадоў, - паведамляе Людміла Міхайлаўна. - Як кажуць, усё маё будучае - у мінулым. Раней неяк не ўзнікала жадання ведаць пра сваіх родных, якія жылі ў дарэвалюцыйны час. А вось зараз вельмі захацелася даведацца, ці не ў гэтых месцах знайшоў спачын мой дзед. I калі атрымаецца, буду вельмі рада наведаць яго магілку.
Амаль паўстагоддзя таму апошні раз бачылася са сваёй кумой Вольга Данілаўна Нядведская (дзявочае прозвішча Прымачак). I цяпер яна вельмі хоча адшукаць Еву Максімаўну Казлоўскую, 1929 г.н., ураджэнку в.Зносічкі Ровенскай вобласці.
- У 1958 годзе мы з Евай жылі ў паўночным горадзе Інта Рэспублікі Комі, дзе яна і хрысціла маю дачку Ганну, - піша Вольга Данілаўна. - У гэтым жа годзе Ева разам са сваім мужам Паўлам і дачкой Вандай паехала ў Польшчу, і мы з ёй больш не бачыліся. Праўда, у яе есць яшчэ адна дачка ад першага шлюбу, якую завуць, здаецца, Лукер'я (Луша) Вакунько, Жыла яна на той час у горадзе Роўна ва Украіне. Вольга Данілаўна разам з дачкой, хросніцай Евы. жыве ў Маладзечне, выхоўвае дваіх унукаў.
- Калі ты, Ева, жывая і памятаеш Вольгу Прымачак і яе маленькую Ганначку, то вельмі прашу адгукнуцца, - просіць сяброўка.
- Дапамажыце знайсці маіх аднакласнікаў, вучняў 7-га "Б", выхаванцаў Паўловіцкага дзіцячага дома Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, якія знаходзіліся тут у перыяд з 1955 па 1959 год, - звяртаецца да нас і нашых калег з радыё жыхарка вёскі Муравілле Пралетарскага сельскага Савета Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці Галіна Іванаўна Шамшурава (дзявочае прозвішча Лістападава). - Мінула паўстагоддзя з той дзіцячай пары - і ўжо цяжка каго-небудзь адшукаць. Але, можа, хто адгукнецца, можа, дзеці або ўнукі пазнаюць на здымках сваіх родных. Вельмі хочацца даведацца хоць напрыканцы свайго жыцця пра лёсы блізкіх мне людзей.
Калі на пошукі аднакласнікаў спатрэбяцца фінансавыя сродкі - я аплачу расходы, - запэўнівае пенсіянерка.
Паважаная Галіна Іванаўна, наш сумесны праект рыхтуецца на дабрачыннай аснове. А шукаць людзей нам дапамагаюць таксама дабрачынна самыя розныя ўстановы, арганізацыі, чытачы і слухачы, якім вялікі дзякуй за дапамогу.

Калі вы згубілі родных і блізкіх, аднакласнікаў і аднакурснікаў у нашай краіне ці на іншым кантыненце, калі хочаце дапамагчы ў пошуках, ведаеце каго-небудзь з адшукваемых, звяртайцеся:
у рэдакцыю "Народнай газеты": 220013, г.Мінск, вул.Б.Хмяльніцкага, 10а,з паметкай "Помні імя сваё..."; Е-mail: regina@ng-daily.com, info@ng-daily.com;
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мінск, вул.Чырвоная, 4, перадача "Помні імя сваё..."; Е-mail: poisk@radio.tvr.by.

Рэгіна НОВІК, "НГ".