"ПИН_КОД" раздае бонусы

04.03.2016

"Звязда"

У новым тэлесеместры гледачоў тэлеканала "Беларусь 2" чакае шмат сюрпрызаў, адзін з іх - выхад праекта "ПИН_КОД" у прамым эфіры. Што дазваляе гледачам кантактаваць з гасцямі ў студыі праграмы практычна "face to face".

"ПИН_КОД" - праект пра тое, што хвалюе і цікавіць маладое пакаленне. Гэтая праграма - пляцоўка для творчасці, на якой кожны можа заявіць пра сябе. Адметная рыса - гнуткасць: праграма лёгка трансфармуецца, прычым з улікам пажаданняў і пераваг гледачоў, якія цяпер, дзякуючы "жывому" фармату, сталі яшчэ бліжэйшымі да тэлеэфіру. З'явілася значна больш магчымасцяў для інтэрактыву: усё адбываецца тут і цяпер!

Праект дазваляе гледачам сумяшчаць карыснае з прыемным. І для гэтага варта праяўляць актыўнасць у афіцыйнай групе праграмы - vk.com/pіn_kod2015 - дзяліцеся сваімі думкамі з вядучымі, выбірайце гасцей выпускаў, задавайце пытанні, якія вас цікавяць, і ўплывайце на ход падзей у студыі. А ў дадатак - атрымлівайце падарункі!

У розыгрышах прызоў, напрыклад, можна займець квіткі на нашумелую кінапрэм'еру, на спектакль з удзелам вядомых акцёраў ці на модную вечарыну, магчымасць сустрэцца з кумірам ці стаць уладальнікам навамоднага гаджэта. У кожным выпуску будзе новы бонус. Адсочвайце інфармацыю ў афіцыйнай групе праекта, дзе абазначаюцца тэмы і ўмовы розыгрышу, а прызы чакаюць сваіх уладальнікаў!

Акрамя гэтага, у абноўленым фармаце "ПИН_КОДа" гледачы ўжо паспелі заўважыць з'яўленне новай рубрыкі Start Up. Парады прафесіяналаў, кансультацыі экспертаў, складанне бізнес-плана — аўтары праграмы вырашылі дапамагчы амбіцыйным маладым людзям, якія хочуць адкрыць свой бізнес, але не ведаюць як. З чаго пачынаць, пра што паклапаціцца ў першую чаргу, дзе ўзяць пачатковы капітал - бясплатныя майстар-класы ад сапраўдных гуру бізнесу глядзіце ў праекце.

Для тых, хто цікавіцца камп'ютарнымі гульнямі, у рубрыцы "Top-J" прадстаўлены займальныя агляды навінак, цікавыя факты і многае іншае. Яркім элементам праграмы стала рубрыка "МПД" (маладыя, паспяховыя, дзёрзкія), назва якой гаворыць само за сябе. Крэатыўныя прадстаўнікі моладзі, лідары, якія ўжо заявілі пра сябе і змаглі дабіцца высокіх вынікаў, тыя, з каго можна і трэба браць прыклад - героі сюжэтаў.

Нагадаем, праграма "ПИН_КОД" выходзіць у прамым эфіры маладзёжнага канала "Беларусь 2" чатыры разы на тыдзень, з аўторка па пятніцу ў 15.30. Паўторы - у 23.10. Глядзець праект можна таксама анлайн на сайце www.belarus2.by.

Алена ДРАПКО.