Павел Баранаў: "Любоў да адзінаборстваў у мяне з дзяцінства"

17.07.2015
"Звязда"

Спартыўны каментатар "Белтэлерадыёкампаніі" Павел Баранаў для многіх балельшчыкаў асацыюецца выключна з футболам. Нягледзячы на гэта, сам Павел здаўна каментуе бокс, барацьбу, цяжкую атлетыку і ўжо тры гады робіць відэачасопіс "Фактар сілы" пра адзінаборствы і сілавы экстрым, які выходзіць на тэлеканале "Беларусь 5". Менавіта гэтай тэме і прысвечана наша размова.

- Павел, вас не засмучае, што для многіх вы застаяцеся найперш футбольным каментатарам?
- Насамрэч, так яно і ёсць, але як для каго. Для многіх апошнім часам сітуацыя ў гэтым плане змяняецца. Я ўжо колькі гадоў, акрамя футбалістаў, працую таксама з тымі, хто займаецца адзінаборствамі, сілавымі відамі спорту. Аднойчы нашы бодзібілдары спыталі, чаму я прапусціў іх Кубак Беларусі. Сказаў, што працаваў на футбольным матчы чэмпіянату краіны. Вось для іх я больш вядомы, як каментатар, што займаецца менавіта сілавымі відамі спорту.

- Адказ на пытанне, чаму вы заняліся праектам "Фактар сілы", напэўна, ляжыць на паверхні?
- Так, любоў да адзінаборстваў у мяне з дзяцінства. Спачатку займаўся дзюдо, пазней - муай-тай, крыху боксам. Гэтая тэма вельмі блізкая мне. Я жыў у Мінскім раёне Уручча, і ў маёй школе працавала секцыя па дзюдо, філіял спартыўнага клуба "Вымпел". Гэты спорт быў даспадобы майму старэйшаму брату, з гэтай нагоды і я вырашыў, што дзюдо - гэта крута! Хапала ў секцыі і маіх сяброў, але далёка не ўсе надоўга затрымаліся. Я нядаўна бачыў, як у Гомелі з маленькімі дзецьмі працуе Ігар Макараў, наш славуты алімпійскі чэмпіён. Усё для дзяцей падаецца праз гульню. Так працуюць і астатнія нашы маладыя трэнеры. Гэта дзецям падабаецца. У іншым выпадку яны проста кінулі б заняткі ў секцыі. А ў нас ніякай гульні не было. Нас адразу кінулі ў працу, з’явіліся патрабаванні, ціск. Мне падабалася, аднак праз колькі гадоў трэніроўкі надакучылі, і, як трэнер мяне ні заахвочваў, я кінуў дзюдо. Мне тады было каля 16. А цяпер, калі працую на спаборніцтвах дзюдаістаў, проста бачу татамі, адчуваю, што нібы дадому вяртаюся. Калі б не было ў маім жыцці адзінаборстваў, калі б я не любіў тых, хто займаецца гэтай справай, не было б і нашай праграмы.

- Дарэчы, як назву выбіралі?
- Да яе прыйшлі не адразу. Бо ўсё ж такі няпроста прыдумаць назву, якая б добра запаміналася, стала брэндам. Да гэтай справы трэба падыходзіць адказна. Пайсці па лёгкім шляху і банальна назваць праект "Сілавы веснік" ці які-небудзь "Накдаўн"? Гэта не для мяне! Хацелася зрабіць так, каб можна было аб’яднаць розныя віды спорту па адной сілавой тэме. Мне здаецца, у нас атрымалася. У свой час выходзіла перадача "Асілак" Уладзіміра Даўжэнкі. На пачатку 1990-х, калі людзі масава цікавіліся культурызмам, яна глядзелася. І пэўныя традыцыі гэтай праграмы трэба было падхапіць. Толькі мы не спыніліся на адным культурызме, а пайшлі далей. Мы, напрыклад, пачалі ствараць рэйтынгі хакейных боек, калі паміж сабой на лёдзе б’юцца тафгаі, першымі ў нашай краіне на тэлебачанні распавялі пра амерыканскі футбол. Плануем узняць тэму значнасці сілавых адзінаборстваў у гульнявых відах спорту. Бо сілавая падрыхтоўка, бясспрэчна, прысутнічае ў любым кантактным відзе спорту.

- Заўжды цікавіла, што гэта за чырвоныя трубы, на фоне якіх вы здымаеце праграму?
- А гэта мая задумка - стыль "індастрыял". Нам хацелася зрабіць такі індустрыяльна-брутальны праект. Мне гэтая тэма даспадобы. Калі бачыш у музеі некаторыя мадэлі старадаўніх паравозаў, адразу заўважаеш, што яны большыя за многія сучасныя цеплавозы, і можна толькі ўявіць сабе, якая моц была схавана ў такой машыне. Калі падобны механізм працуе, яна не можа не ўражваць. Так адбывалася нават з некаторымі тагачаснымі кампазітарамі, якія стаялі ля вытокаў музычнага кірунку "індастрыал" і знайшлі ў рытмічным гомане машын тое, чаго ніколі раней не было ў прыродзе. Прамысловая рэвалюцыя спарадзіла вялізарны пласт культуры. Мяне падобная тэма цікавіла з 90-х. Вось я і вырашыў праграму зрабіць такім чынам. Атрымалася стылёва. Будзем прытрымлівацца гэтага і далей. У тым ліку дзякуючы незвычайнаму афармленню "Фактар сілы" заўважылі і ва Украіне, і ў Расіі. Глядзяць яго нават супрацоўнікі нашых амбасад у замежных краінах.

- 26-хвілінны хронаметраж праграмы апраўдвае сябе?
- Цалкам. Для відэачасопіса гэта самы аптымальны варыянт. Бо, напрыклад, 40-хвілінную праграму было б складана насыціць матэрыялам. На яе павінна працаваць вялікая каманда. І самае галоўнае - глядач стоміцца глядзець такую доўгую праграму. Апошні сюжэт не будзе ўражваць так, як першы. Другая частка перадачы з дынамічнай падачай матэрыялу з 5-7 сюжэтаў проста не запомніцца.

- Колькі людзей працуе над відэачасопісам?
- Прыкладна 7 чалавек рыхтуюць яго пастаянна. Але да нас часта просяцца ў праект збоку. Людзі хочуць мець да яго дачыненне. Я кажу: "Добра, толькі, калі ласка, праявіце сябе".

- Ці згодны з тым, што нашым барцам, тайскім баксёрам у адрозненне ад футбалістаў не хапае ўвагі і раскручанасці?
- Пагаджуся з гэтым. У мяне, як у аўтара "Фактара сілы", ёсць свая эгаістычная зацікаўленасць у тым, што яны не запатрабаваны. Зараз растлумачу. Падобная сітуацыя дае магчымасць выбіраць, з кім размаўляць, нам, а не ім. Тым, хто працуе з футбалістамі, хакеістамі, я шчыра спачуваю. Яны вельмі марудна ідуць на кантакт. У маёй сферы ўсё наадварот. Мяне літаральна бамбардзіруюць людзі, якія жадаюць, каб пра іх знялі сюжэт. Выбар робім мы. Але пры гэтым да сваіх герояў ставімся з павагай. Узяць тых жа барцоў. Ім, каб атрымаць званне заслужаных майстроў спорту, трэба перамагчы на чэмпіянаце свету. Гэта вельмі складаная задача, амаль геройскі ўчынак. І нашых волатаў трэба шанаваць, любіць, працаваць з імі, але пры гэтым спадзявацца, што ўвага з боку журналістаў іх не распесціць.

- А каго з нашых таленавітых спартсменаў "раскруціў" ваш праект?
- Аляксандра Курака - аднаго з наймацнейшых беларускіх спартсменаў у сілавым экстрыме. Акрамя нас, ім напачатку ўвогуле ніхто не цікавіўся. Для вялікай аўдыторыі пачалі першымі расказваць пра Аляксея Шабуню - вельмі вядомага атлета ў асяродку культурыстаў. У тым жа 2012 годзе Віталь Гуркоў, шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе, адназначна не быў такім вядомым, як зараз. Віталь - наогул цікавы, старанны хлопец. У нас з ім выдатныя стасункі.

- А якое інтэрв’ю ў рамках вашага тэлепраекта стала для вас неспадзяванкай, сапраўдным журналісцкім шанцаваннем?
- Гутарка з наймацнейшым чалавекам свету літоўскім стронгменам Жыдрунасам Савіцкасам, з якім мы плануем зняць паўнавартасны партрэтны сюжэт. Інтэрв’ю з Міхаілам Маміяшвілі - алімпійскім чэмпіёнам Сеула па грэка-рымскай барацьбе. Пры гэтым ён невядомы шырокай аўдыторыі, аднак у барацьбе вельмі ўплывовая асоба. Размаўляў і з Брэнданам Слэем - алімпійскім чэмпіёнам па вольнай барацьбе, трэнерам зборнай ЗША. Значных асоб з цікавымі думкамі хапала. Катэгарычна, дарэчы, нам ніхто не адмаўляў.

- У праграме вы імкняцеся адштурхоўвацца ад беларускага кантэксту. Нягледзячы на гэта, размова з Уладзімірам Клічко, найлепшым баксёрам свету ў суперцяжкай вагавой катэгорыі, магла б упрыгожыць праект?
- Безумоўна. На Алімпіядзе ў Афінах у мяне атрымалася папрацаваць у эфіры разам з яго братам Віталем. На той час у боксе ён займаў такія ж пазіцыі, як Уладзімір займае сёння. Ён быў суперзоркай, абсалютным чэмпіёнам свету. Пагутарыць з легендарнымі асобамі насамрэч можна. Проста трэба, каб дапамаглі пэўныя сувязі і Бог быў на тваім баку. У нашым кіраўніцтве федэрацыі бодзібілдынга ёсць тыя, хто знаёмы з Арнольдам Шварцэнегерам. Ён прыязджае на міжнародныя спаборніцтвы і паспрабаваць выйсці на яго таксама можна.

- Вашаму праекту ўжо тры гады. Многія перадачы і гэтага тэрміну не вытрымліваюць.
- Першыя два сезоны шмат энергіі даводзілася выдаткоўваць не толькі на творчасць і рэалізацыю ідэй, а на рэчы, якія шырокую аўдыторыю не павінны цікавіць. Я зразумеў: ажыццявіць усё задуманае можна толькі тады, калі кожны чалавек у камандзе - прафесіянал, дысцыплінаваны і адказны. І табе вельмі пашанцуе, калі будзеш працаваць з такімі людзьмі. Я моладзі заўжды кажу, што тэлебачанне, безумоўна, з’яўляецца творчасцю, але гэта найперш вытворчасць. Мы таксама робім прадукт. Што тычыцца новага сезона, крыху зменім афармленне, студыю, увядзём новыя рубрыкі, дабавім гумару, раз на месяц будзем рабіць акцэнт на дзіцячым спорце. Калі ўлічваць, што ідзе перадалімпійскі сезон, трэба засяродзіцца на алімпійскіх відах спорту: цяжкая атлетыка, адзінаборствы, штурханне ядра. Магчыма, запросім да нас прыгожых дзяўчат, гасцей. Больш увагі будзем надаваць усходнім адзінаборствам.
Старт сезона адбудзецца ў верасні. Мы ўжо запланавалі першыя праграмы. Выходзіць яны будуць па пятніцах на тэлеканале "Беларусь 5". Час - вячэрні, аднак ён будзе залежаць ад жывых эфіраў на нашым канале. Да сустрэчы на "Фактары сілы"!

Тарас ШЧЫРЫ.