"Пасольства ў кіно" пад канскім сонцам

07.05.2011
"Культура", 7 мая 2011 г.


Беларусь упершыню прымае ўдзел у найпрэстыжным кінафестывалі
З 11 па 22 мая праходзіць 64-ы Канскі міжнародны кінафестываль, бадай, самы знакаміты ў свеце. Гэтым разам упершыню за гісторыю суверэннай Беларусі наша краіна будзе прадстаўлена на ім у спецыяльным павільёне. Цягам пятнаццаці гадоў беларусы сочаць за падзеямі ў сонечным Канне дзякуючы спецыяльнаму карэспандэнту Белдзяржтэлерадыёкампаніі Алегу ЛУКАШЭВІЧУ і яго здымачнай групе. А сёлета наш калега ўзначаліў падрыхтоўку беларускага фестывальнага прадстаўніцтва на Лазурным Беразе. Карэспандэнт "К" напярэдадні сённяшняга Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі вырашыў даведацца, чым можа здзівіць Беларусь дасведчаную канскую публіку і як нашаму кінамастацтву "штурмаваць" фестывальныя "вяршыні".

Нашы ў Канне

- Алег, што будзе ўяўляць з сябе наш павільён у Канне?
- На Канскім фестывалі ёсць даўняя традыцыя: побач з фестывальным палацам будуюць так званую "вёску"- шэраг стандартных павільёнаў, кожны з якіх займае прадстаўніцтва той або іншай краіны. Прычым "вёсак" звычайна дзве: другая знаходзіцца крыху далей, ля гарадской мэрыі. Беларусь упершыню будзе прадстаўлена ў выглядзе павільёна, але адразу ў самай прэстыжнай - побач з "сэрцам" форуму. Гэта, лічу, вялікая пашана для нас: некаторыя краіны чакаюць сваёй чаргі па некалькі гадоў. Навічкам у Канне звычайна прапануюць арганізаваць уласны стэнд на мясцовым кінарынку, адкрыць сваю пляцоўку, каб ведаць усе магчымасці новага ўдзельніка. Што да Беларусі, то давер да нашай краіны - вельмі высокі, калі нам адразу прапанавалі павільён на самім фестывалі.

- Чаму павільён, на вашу думку, вырашылі адкрыць у Канне менавіта сёлета?
- Беларусь - дзяржава, у якой існуюць даўнія кінематаграфічныя традыцыі, мы маем сваю школу дзіцячага, анімацыйнага, дакументальнага кіно. Таму нам трэба актыўней заяўляць аб сабе як аб краіне, дзе ёсць магчымасці здымаць добрыя стужкі. Свой павільён у Канне вельмі ў гэтым дапамагае, у тым ліку - у пошуках партнёраў для сумесных пастановак. Дарэчы, у 2008 годзе ўласныя павільёны ў Канне займелі Расія і Украіна, сваё прадстаўніцтва мае Грузія. А сёлета нацыянальныя павільёны адкрываюць Азербайджан, Эстонія і Чарнагорыя. Дарэчы, у адносінах да Украіны канская "рэклама" ўжо дзейнічае: не ў апошнюю чаргу дзякуючы прадстаўніцтву на Лазурным Беразе, украінскі бок прыняў удзел у здымках двух вельмі гучных праектаў сезона - пераможцы мінулагодняга "Лістапада" "Шчасце маё" Сяргея Лазніцы і карціны "У суботу" Аляксандра Міндадзэ. Асноўным фундатарам нашага ўдзелу выступіла Белдзяржтэлерадыёкампанія, у падрыхтоўцы нацыянальнага павільёна актыўна ўдзельнічае Міністэрства культуры рэспублікі, зрабіў свой унёсак "Беларусьфільм".

- Але ці дастаткова павільёна ў Канне для таго, каб справы ў сферы кіно, прынамсі, у капрадакшне, на Беларусі пашлі шпарчэй?
- Канскі павільён, зразумела, не панацэя. Больш за тое, сам факт яго існавання яшчэ нічога не азначае: павільён - толькі нагода для таго, каб зрабіць працу па папулярызацыі нашай краіны ў свеце кіно больш інтэнсіўнай, наогул, у многім навучыцца працаваць. Самае важнае ў Канне - падцягвацца да ўзроўню іншых удзельнікаў, навучыцца "плаваць" у "вадзе" самага вялікага фестывалю, знаёміцца, атрымліваць інфармацыю, і гэтак далей. Немагчыма выйсці на салідны ўзровень, знаходзячыся выключна ў межах Беларусі! Канскі павільён - не камерцыйная палатка, гэта своеасаблівае "пасольства" нашай краіны. Калі мы хочам здымаць кіно на сусветным узроўні, то і "гуляць" павінны па адпаведных правілах. Кіно мусіць прыносіць прыбытак, а для таго, каб гэта адбывалася, трэба ўлічваць меркаванне аўдыторыі. Адчуць усе нюансы сусветнай кінамоды магчыма толькі, рэгулярна наведваючы буйныя кінафорумы, дзе трэба глядзець максімальную колькасць стужак ды кантактаваць з лідарамі індустрыі. Неабходна абавязкова быць актыўнымі і прапаноўваць праекты замежным прадзюсарам, шукаць партнёраў - не толькі ў Канне, але менавіта на буйных кінарынках з добрай рэпутацыяй.

Заяўка на давер

- Якім чынам удалося атрымаць магчымасць займець павільён?
- Заяўка была пададзена Белтэлерадыёкампаніяй адразу пасля заканчэння мінулагодняга фестывалю, але яго адкрыццё стала вынікам перамоў, якія доўжыліся амаль цэлы год. Каб стаць сваім у Канне, патрэбен значны час: пятнаццаць гадоў таму я першы раз трапіў туды ў якасці карэспандэнта. Паступова знаёміўся з арганізатарамі, удзельнікамі, браў інтэрв'ю у зорак сусветнага кіно. Дарэчы, апошняе - таксама не так проста для навічкоў. Выбітныя дзеячы сусветнага кінематографа маюць стасункі з прэсай толькі праз сваіх агентаў. Таму спачатку трэба было даказаць сваю добрасумленнасць, прафесійны ўзровень. Калі ў Канне зразумелі, што журналісты Беларускай тэлерадыёкампаніі - надзейныя асобы, то і да нашай краіны пачалі ставіцца з цікавасцю, павагай, а ў выніку вырашылі адкрыць беларускі павільён, які, мы спадзяёмся, стане тут пастаянным.

- Наколькі я ведаю, Белтэлерадыёкампанія мае свае планы ў кінавытворчасці?..
- Любая буйная тэлекампанія з развітой краіны займаецца сваёй кінавытворчасцю. Наша - не выключэнне, і яна будуе актыўную палітыку ў гэтым кірунку. У тым ліку, гаворка - пра ўласную, а таксама сумесную вытворчасць з Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм". Вось чаму яшчэ так важна мець сваё прадстаўніцтва на самым уплывовым кінафоруме свету. Тут для нас адкрываецца вельмі вялікае поле дзейнасці. І патрэбна надзейна на ім замацавацца. Апошнім часам у нас у галіне кіно назіраюцца вялікія змены да лепшага, прымаюцца новыя законы, з'яўляюцца цікавыя праекты. Але нічога ніколі лёгка не даецца - да сапраўднага міжнароднага прызнання трэба ісці доўга і вельмі ўпарта, як тое рабілі іншыя краіны. Калі ў нас ёсць жаданне праз пэўны час быць прынятымі ў Канне са сваімі стужкамі, то трэба добра разумець тыя запыты, на якія разлічаны гэты або любы іншы фестываль класа "А". Спадзяюся, уласны павільён дапаможа нам зразумець гэтыя патрабаванні міжнароднай кінасупольнасці.

- Што можа стаць нацыянальным "кінабрэндам" - тым, чым Беларусь кінематаграфічная будзе адрознівацца ад іншых дзяржаў?
- Абсалютна спецыфічнае, "этнаграфічнае" кіно пра ўнутраныя пытанні сёння нікому не цікавае, бо цяжка зразумелае нават суседзям. А сучаснасць патрабуе абсалютнай празрыстасці, разумення пастаўленых у стужцы праблем, нават у супрацьлеглай кропцы зямнога шара. У кіно настаў час для "канвертуемых" сюжэтаў і мастацкай мовы, якія заўсёды будуць цікавыя людзям. Каб перадаць у кінатворы нацыянальную адметнасць, не абавязкова рабіць фільм зразумелым адно для жыхара іншай краіны- трэба карыстацца агульначалавечым "кодам", і тады нацыянальная спецыфіка будзе працаваць толькі ў плюс.

Найпрэстыжны з прэстыжных

- Чаму Канскі фестываль лічыцца самым прэстыжным у свеце?
- Бо французы не шкадуюць грошай на самыя лепшыя прэзентацыі і шоу, запрашаюць на сваё кінасвята зорак і знакамітых асоб з усяго свету, а галоўнае- паслядоўна ствараюць міф аб сваім фестывалі як аб найвялікшай падзеі. Шмат хто нават не ўяўляе сабе, што такое Канн, але ведае, што гэта нешта шыкоўнае і недасяжнае. Нездарма кожны год у Канне атрымліваюць акрэдытацыю каля чатырох тысяч журналістаў, у тым ліку і з нашай краіны. Такім чынам, "формула" канскага поспеху: вялікія сродкі, вялікія зоркі, звязаныя з апошнімі скандалы і- у першую чаргу - добрае кіно. Калі добрага кіно раптам няма, то на першае месца выходзяць скандалы. Але цікавыя стужкі ў Канне звычайна знаходзяцца. Крытыкі, дарэчы, штогод пішуць, маўляў, канскі конкурс "гэтым разам слабейшы за мінулы". Але магу сказаць: кожны год у Канне бывае мінімум два выбітныя творы кінамастацтва, аб якіх доўга гавораць.

- У Беларусі таксама ёсць свой міжнародны кінафорум. Зразумела, што "Лістапад" пакуль не прэтэндуе на статус фестывалю класа "А", але як нам заняць сваё месца на сусветнай фестывальнай "карце"?
- Любы праект (і кінафорум - не выключэнне) павінен адказваць на пытанне, для чаго ён прызначаны. Калі "Лістапад" дакладна акрэсліць свае задачы, то стане развівацца больш паспяхова. Між тым, якасны міжнародны форум патрэбны, у першую чаргу, нам самім, нашай краіне. Бо мы ствараем сваё кіно, і нам не трэба замыкацца ў чатырох сценах. А для гэтага мусім запрашаць да сябе іншаземных прафесіяналаў, для чаго і патрэбен "Лістапад".

- Як змяніўся Канскі фестываль за пятнаццаць гадоў, што вы на ім працуеце? У які бок ён эвалюцыянуе?
- Самыя відавочныя змены - тэхнічныя. Цяпер у Канне шмат камп'ютарнай тэхнікі, усё аўтаматызавана. Кінатэхналогіі таксама змяніліся і, у пэўным сэнсе, сталі прасцейшыя. Кожны ахвотны можа ўзяць лічбавую камеру, зняць стужку, зманціраваць яе на камп'ютары і прэтэндаваць на ўдзел у форумах. Сёлетні Канн гэта пацвярджае, бо сярод удзельнікаў ёсць такія рэжысёры. Не трэба, аднак, забываць, што галоўнае - свой, асабісты, цалкам арыгінальны, погляд на свет. Калі вы зацікавіце ім адборшчыкаў фестывалю класа "А", то атрымаеце вялікі шанц быць уключаным у шэраг самых знакамітых кінематаграфістаў свету. Аднак, што засталося за гэтыя гады ў Канне нязменным - сур'ёзны ўзровень і прынцыповасць адбору стужак у конкурс і паралельныя праграмы. Канн таму і мае такую высокую рэпутацыю, што нязменна вытрымлівае гэты ўзровень, мае пэўны шэраг пастаянных аўтараў, у які вельмі цяжка трапіць. Але калі вы глядзіце кіно, адабранае для Канна, дык будзьце ўпэўнены: гэта - сапраўднае мастацтва! І мне вельмі хочацца, каб праз пэўны час у Канне з'явілася беларускае кіно.

Антон СІДАРЭНКА.