Паслязаўтра стане вядомы пераможца дзіцячага "Еўрабачання-2012"

29.11.2012
"Звязда", 29 лістапада 2012 г.


Беларуская дэлегацыя прыбыла ў Амстэрдам, дзе праходзіць сёлета дзіцячы песенны конкурс "Еўрабачанне". Удзел у ім бяруць прадстаўнікі 12 краін. Беларусу Ягору Жэшку з песняй "А мора-мора..." выпала адкрываць творчае спаборніцтва.
Праблемы з аплатай пражывання нашай дэлегацыі ў атэлі, якія ўзнікалі, вырашаны. "Даляцелі, засяліліся, пазнаёміліся з іншымі ўдзельнікамі - у цэлым усё ў нас нармальна, - супакоіла ў тэлефоннай размове кіраўнік дэлегацыі, выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 2" Людміла Барадзіна. - Пералёт перанеслі добра. За здароўе нашых хлопцаў і дзяўчат таксама не хвалюемся: тут на некалькі градусаў цяплей, чым у Мінску". Значыць, прывезеныя беларусамі паўтары сотні прома-шалікаў са сняжынкамі могуць і не спатрэбіцца, застаўшыся ў новых сяброў і фанатаў толькі сімпатычнымі сувенірамі?
Зрэшты, ці ўдасца арганізатарам незалежна ад надвор'я зладзіць для артыстаў і гледачоў "Зімовую казку" і ці здзейсняць удзельнікі конкурсу сёлетні дэвіз "Разбі лёд!" - усё гэта мы ўбачым і пачуем падчас прамой трансляцыі ў суботу, 1 снежня. Цяпер жа ў беларускай каманды шчыльны працоўны графік: юныя выканаўцы запісалі відэавізітоўку краіны і развучвалі танцавальную пастаноўку з удзелам усіх канкурсантаў, учора ў іх прайшла першая 40-хвілінная рэпетыцыя, а ўвечары адбылася экскурсійная паездка па каналах Амстэрдама. На чацвер запланавана другая, удвая карацейшая рэпетыцыя конкурснага нумара, а ў пятніцу адбудуцца два генеральныя прагоны, на адзін з якіх дапускаюцца і гледачы па білетах.
У суботу ж - у 22.15 глядзім прамую трансляцыю шоу на "Беларусь 1" і спадарожнікавым "Беларусь-ТБ". І трымаем кулакі за ўдзельнікаў: акрамя саліста, Ягора Жэшкі, на сцэне будуць танчыць і падпяваць Ілья Волкаў, Данііл Ях, Каця Кічкайла і Наташа Несцяронак. Абвяшчаць, каму дасталіся сімпатыі Беларусі, выпала мінскай шасцікласніцы Машы Драздовай, а закулісным сябрам беларускіх тэлегледачоў стане наш каментатар - карэспандэнт Першага канала Беларускага радыё Павел Лазовік, які дэбютаваў у гэтай якасці яшчэ падчас дзіцячага "Еўрабачання-2010" у Мінску.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.