Палiна Смолава: сябе паказаць!

14.01.2005
“Звязда” (дадатак - газета “Чырвоная Змена”), 14 студзеня 2005 г.


Прайшоў другi тур нацыянальнага конкурсу-адбору на ўдзел ў мiжнародным конкурсе песнi “Еўрабачанне”. З чатырнаццацi прадстаўнiкоў нашай сiнявокай краiны зараз толькi трое спаборнiчаюць за бiлет на Украiну. Гэта Палiна Смолава (першае месца па вынiках глядацкага галасавання), Анжэлiка Агурбаш (другое месца) i Наталля Тамела (трэцяе месца). Каму ж з iх усмiхнецца фартуна?
...З “Еўрабачаннем” нам апошнiм часам не шанцуе. Следам за дарослымi прэтэндэнтамi няўдача напаткала юнага Ягора Ваўчка. Але зараз, падобна на тое, справы мяняюцца да лепшага. Да меркаванняў аўдыторыi дадалiся ацэнкi прафесiянальнага журы. Такiм чынам, сярод удзельнiкаў пакуль лiдзiруе Палiна Смолава, вiдавочна абыходзячы сваiх канкурэнтак, як лiчаць спецыялiсты, i па вакалу, i па ўзроўню валодання англiйскай мовай.

- Палiна, у цябе ўжо ёсць вопыт мiнулагодняга адборачнага конкурсу. Што змянiлася, на твой прогляд, якiя недапрацоўкi былi ўлiчаны?
П.С.: Арганiзатары ўлiчылi галоўную памылку папярэдняга конкурсу - галасаванне. Аўдыторыя не павiнна цалкам вызначаць прэтэндэнта на ўдзел у “Еўрабачаннi”. Часткова паўтарылася сёлета другая памылка, якая датычыцца адбору выканаўцаў (а дакладней, iх ведання англiйскай). А яшчэ, мне падаецца, не варта арыентавацца ў плане музыкi на мiнулагодняе выкананне. Трэба глядзець у дзень заўтрашнi. Журы зрабiла на гэты конт пэўныя высновы, што вельмi радуе.

- На мiнулагоднi конкурс песню для цябе напiсаў Уладзiмiр Курловiч. Ты прадоўжыла з iм супрацоўнiцтва?
П.С.: Так. Музыка да маёй песнi “Smile” зноў напiсана Уладзiмiрам Курловiчам, а лiрыка - Майклам Галдзянковым.

- Уладзiмiр, пытанне да вас. Як вы лiчыце, што патрэбна для поспеху на “Еўрабачаннi”?
У.К.: Ды тое ж самае, што i раней: нестандартны падыход, уважлiвы аналiз агульнага ўзроўню артыста - ад яго валодання мовай да знешняга выгляду. Усё адыгрывае сваю ролю. Ну i, канешне, рэклама - “раскрутка” конкурснай песнi мае вялiкае значэнне. З гэтым у нас пакуль што складана, таму на поспех я не вельмi спадзяюся. Хаця несумненна бачу Палiну рэальнай прэтэндэнткай на найвышэйшае месца. Не таму, што яна спявае менавiта маю песню, а таму, што яна лепш за iншых валодае выкананнем у еўрапейскай манеры i, да таго ж, насамрэч мае вельмi добры голас. Галоўнае зараз - як яна сябе пакажа. А на будучыню, я мяркую, трэба стварыць iнфраструктуру для экспарту нашых песень i выканаўцаў на Захад. Цудоўны прыклад - Швецыя. Да 1975 года ў гэтай краiне не iснавала нi рок-, нi поп-хiт-парадаў. Але вось шведскi квартэт “АВВА” перамагае на “Еўрабачаннi” з англамоўнай песняй “Ватэрлоо” - i Швецыя, якая першапачаткова зусiм не рок-краiна, з падобным да беларускага менталiтэтам, з зайздросным пастаянствам выдае без усякiх “Фабрык” цудоўныя англамоўныя рок- i поп-калектывы. Мы можам рабiць тое ж самае. Трэба проста шукаць, вучыць, збiраць такiх людзей, якiя ведаюць англiйскую мову, музыку i ўвогуле заходнееўрапейскую культуру.

- Пытанне да Майкла Галдзянкова. Хто з сёлетнiх прэтэндэнтак, на ваш погляд, найбольш адпавядае ўзроўню “Еўрабачання”?
М.Г: Лiчу, што Палiна адпавядае еўрапейскiм стандартам. Яна, у адрозненне ад многiх нашых зорак, можа прыцягнуць аўдыторыю i нямецкую, i шведскую. Тое ж самае хачу сказаць i пра музыку Уладзiмiра Курловiча, майстра сваёй справы. Калi я ўпершыню пачуў яго песнi i кампазiцыi, быў прыемна здзiўлены ўзроўнем смеласцi i эксперыментальнасцi. У нас звычайна працэс стварэння музыкi празмерна цяжкавагавы, “прычасаны” i, як правiла, адстае ад таго, што робяць на Захадзе. Нашы музыканты вельмi часта зацыклiваюцца на ўзведзеным у культ прафесiяналiзме, але пры гэтым губляюць кураж, драйв i нават стыль. На Украiне, у Прыбалтыцы i ў Расii ўжо “завязалi” з бюракратызмам ад музыкi, вось чаму ў гэтых краiнах ёсць канкрэтныя поспехi. ...Калi гаварыць пра астатнiх фiналiстак адбору, то мне здаецца, што ў Анжэлiкi Агурбаш, нягледзячы на ўсе фiнансавыя магчымасцi i безумоўны талент, яўна недапрацаваны сучасны сцэнiчны вобраз. Тое ж, хаця i ў меншай ступенi, датычыцца Наталлi Тамелы - i гэта пры адметных вакальных даных.

- Ад вас можна будзе чакаць яшчэ нейкiх сумесных праектаў, акрамя конкурснай песнi?
М.Г.: Так, мы ўсе разам падрыхтавалi песню “Eager To Fight”. З майго гiтарнага “хiпацкага” шлягера Валодзя, вiртуозны iнструменталiст, зрабiў “забойны” танцавальны хiт. У хуткiм часе ён з’явiцца ў эфiры.

- Што ж, поспехаў усiм вам! Будзем чакаць новых песень.

Ганна ГЕРАСIМАВА.