Пачуцці да радзімы - як песня

04.09.2015

"Звязда"


У
жыхароў розных куткоў краіны ёсць магчымасць перажыць іх разам з ансамблем народнай музыкі "Бяседа".

Канцэртнай праграмай у Гродзенскім каледжы мастацтваў стартавала маштабная акцыя "Любіць Беларусь!". Тэлеканал "Беларусь 3" Белтэлерадыёкампаніі наладзіў яе сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем "Белая Русь" і ансамблем народнай музыкі "Бяседа" пры падтрымцы Выдавецкага дома "Звязда". Творчае падарожжа вядомага калектыву пройдзе па ўсіх абласных і дванаццаці раённых цэнтрах краіны, а завершыцца 10 кастрычніка фінальным гала-канцэртам у Мінску. 

Гастрольны тур "Бяседа" распачала ў Гродне - дарэчы, на малой радзіме свайго мастацкага кіраўніка Леаніда Захлеўнага. 
- Наш тур праходзіць пад назвай "Любіць Беларусь!". Сваёй творчасцю мы хочам паказаць, як любім нашу Радзіму, і запрашаем сваіх слухачоў далучыцца да нас, раздзяліць з намі гэтыя пачуцці, - кажа Леанід Захлеўны. 


На канцэртах прагучаць не толькі вядомыя народныя і аўтарскія песні ў выкананні "Бяседы", якія даўно палюбіліся слухачам, але і прэм’ерныя творы. Рэпертуар у калектыву багаты, і ён не практыкуе тыражыраваць адну праграму ва ўсіх рэгіёнах. У розных гарадах яна будзе нечым адметная.

"Белая Русь" і Белтэлерадыёкампанія не ўпершыню звяртаюцца да тэмы гісторыі нашай краіны, яе культуры, традыцый. Першым вопытам супрацоўніцтва ў гэтым кірунку стаў праект "100 песень для Беларусі". Водгукі былі добрымі. І вось - новая акцыя, якая прапануе ўсім зацікаўленым дакрануцца да нашай песеннай спадчыны, атрымаць асалоду ад выдатнай музыкі. А таксама палепшыць сваё веданне беларускай мовы. Разам з "Бяседай" у вандроўцы па краіне ўдзельнічае
 вядучая праграмы "Размаўляем па-беларуску" на тэлеканале "Беларусь 3" Алена ТРАЦЭНКА. Падчас канцэртаў публіцы прапануюць не толькі далучыцца да народнай песеннай творчасці, але і віктарыну, каб паспрабаваць сябе ў якасці мовазнаўцаў.

Намеснік старшыні ГА "Белая Русь" Аляксандр ШАЦЬКО
 зазначыў, што ў навучальных установах цяпер шмат увагі надаецца менавіта беларускай культуры. Нядаўна, напрыклад, падвялі вынікі конкурсу "Залатое пяро "Белай Русі" сярод моладзі да 22-х гадоў. Прыйшло шмат работ пра Беларусь і на беларускай мове. Прычым не проста спампавалі з інтэрнэту нейкі рэферат, а напісалі ад душы, ад сэрца. Значыць, і ў школах, і ў сем’ях на такія тэмы гавораць, патрыятычныя імкненні дзяцей і моладзі падтрымліваюць.

Гэта тычыцца і папулярызацыі нашай песеннай спадчыны. Хтосьці лічыць, што яна нецікавая? Але той жа ансамбль "Бяседа" заўсёды збірае аншлагі і ў малых, і ў вялікіх гарадах. Людзі ахвотна прыходзяць на канцэрты, бо любяць беларускія песні. І не толькі, дарэчы, у нашай краіне.

- Народныя і аўтарскія беларускія песні настолькі прыгожыя, душэўныя, што мы іх выконваем з гонарам, - зазначае Леанід Захлеўны. - І ўсюды яны ўспрымаюцца гэтак жа эмацыянальна, як мы спяваем. Іх з захапленнем сустракаюць не толькі нашы землякі, але, напрыклад, і карэйцы, кітайцы, венесуэльцы. Напэўна, толькі таму, што ўсё робіцца шчыра, ад душы. А публіку не падманеш. Людзі быццам уваходзяць у "гульню", якую мы ім прапануем. Спяваюць з намі, танчаць пад нашу музыку. Для артыстаў такая еднасць са сваімі слухачамі - самае дарагое.

Салістка ансамбля "Бяседа" Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
 пераканана, што павагу да беларускай спадчыны трэба выхоўваць з дзяцінства:
- Мне часта даводзіцца бываць у журы розных конкурсаў, і вельмі прыемна, калі пяці-, шасцігадовыя дзеці выконваюць песні на роднай мове. Яны з маленства развіваюцца, імкнуцца ведаць культуру, абрады, гісторыю сваёй краіны. Гэта вельмі радуе, натхняе і нас, прафесійных выканаўцаў. Лічу, што на тэлебачанні, на радыё трэба больш папулярызаваць менавіта народныя беларускія песні.

А што тычыцца асабістых уражанняў… Аўтар гэтых радкоў неаднойчы быў на канцэртах "Бяседы", у тым ліку ў Беластоку, дзе ансамбль выступаў па запрашэнні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. І заўсёды - нейкая асаблівая энергетыка ў зале, калі тое, што праходзіць праз душу артыста, закранае і эмоцыі гледача. Хтосьці, мажліва, аб нечым задумаецца, зажурыцца. Альбо парадуецца, усміхнецца.


Так было і на гэты раз. Літаральна за кожную песню зала дзякавала ансамблю гучнымі апладысментамі, а некаторым вядомым хітам гродзенцы падпявалі.

- Проста супер! Таленавіта, нешаблонна, з цікавымі аранжыроўкамі, калі даўняя песня падаецца быццам на сучасны лад, - такія ўражанні засталіся, напрыклад, у Сяргея і Наталлі Васілевічаў.

Ліда прымала акцыю "Любіць Беларусь!" 3 верасня, а 4-га канцэрт ансамбля "Бяседа" пройдзе ў Слонімскім цэнтры культуры і адпачынку.

Да ведама:
Тым, хто не трапіць на канцэрт у рамках акцыі "Любіць Беларусь!", засмучацца не варта. Ёй будзе прысвечаны спецыяльны цыкл праграм на тэлеканале "Беларусь 3". Сачыць за навінамі акцыі можна на старонцы тэлеканала ў інтэрнэце http://3belarus.by/, а таксама на сайце Белтэлерадыёкампаніі http://www.tvr.by/.

Наша даведка
Ансамбль народнай музыкі "Бяседа" створаны ў 1991 годзе. "Бяседа" азначае, што сваякі, сябры збіраюцца разам, каб пагутарыць і паспяваць: "Пайшлі на бяседу", "Сядзім на бяседзе"… Канцэртныя праграмы ансамбля - быццам своеасаблівы тэатр песні з харавымі, сольнымі, інструментальнымі нумарамі ў аздабленні народных касцюмаў. Большую частку песень рэпертуару калектыву апрацавалі альбо напісалі яго мастацкі кіраўнік, народны артыст Беларусі Леанід ЗАХЛЕЎНЫ і вядучы музыкант Мікалай АЛЕШКА. Такія песні, як "За маладых", "Чарка на пасашок", "Маруся", "Запрагай-ка, бацька, коней" сталі ўжо шырока вядомымі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.