Ох, баляць мае крылы...

14.05.2009
"Звязда", 14 мая 2009 г.


Беларусь не прайшла ў фiнал песеннага конкурсу. Сумна, але не трагiчна
Што казаць - вы i самi бачылi, што ў дзесяцi электронных канвертах, адкрытых у першым паўфiнале вядучымi шоу, не аказалася назвы "Bеlаrus". Што да гэтага факта можна дадаць? Хiба тое, што калi вынiкi галасавання былi агучаныя, да нас падышоў фiнскi журналiст: "Вы з Беларусi? О, мне так шкада! Мы ўсе былi проста ўпэўненыя, што ваш выканаўца пройдзе ў фiнал". Мы - i вы, праўда? - на гэта таксама спадзявалiся, але што зробiш - нездарма паўтараюць разумныя людзi, што гэты конкурс непрадказальны.
Не дапамог нумару нi сапраўды шыкоўны вакал Пятра Елфiмава, нi моцны бэк-вакал Антона Тайменцава i колiшняга ўдзельнiка барткевiчаўскiх "Песняроў" Яна Жэнчака, нi рок-партыi фактурнага гiтарыста з гурта "Стая" Дзмiтрыя Мiкулiча, нi "кентэрвiльскi прывiд". Кацярына Мацкевiч - артыстка арыгiнальнага жанру, танцорка, на якой канцэнтравалася ўласна вiзуальная частка шоу - крылы, вецер, агонь i тыя самыя "Вочы, якiя нiколi не хлусяць".
 
Развiтанне славянкi
Магчыма, адыграла сваю ролю тое, што прапанаваную польскiм рэжысёрам Янушам Юзефовiчам пастаноўку крыху падкарэктавала на ўласнае бачанне расiйская каманда рэжысёраў, якая займаецца маскоўскiм "Еўрабачаннем". Магчыма, спрацаваў славуты геапалiтычны момант - дакладней, яго адсутнасць - за Беларусь у першым паўфiнале, па правiлах конкурсу, не маглi прагаласаваць нi Расiя, нi Украiна, нi Польшча, нi Лiтва з Латвiяй - краiны, якiя традыцыйна даюць нам высокiя балы. Магчыма, проста не хапiла крышачку ўдачы...
 
- Натуральна, мы расстроiлiся, - прызнаўся адразу пасля заканчэння трансляцыi кiраўнiк беларускай дэлегацыi Аляксандр Мартыненка. - Бо столькi працавалi над гэтым нумарам, старалiся, укладвалi мноства сiлаў. Але, вiдаць, чагосьцi не пралiчылi.

- Узровень шоу ў цэлым вам спадабаўся? Магчыма, былi пэўныя тэхнiчныя непаладкi, якiя мы не заўважылi?
- Паколькi гэта прамы эфiр, тэхнiчныя пагрэшнасцi iснуюць заўжды, але яны настолькi дробныя, што гэтага, бадай, нiхто не заўважыў, i я вельмi ўдзячны расiйскiм калегам за выдатную пастаноўку шоу. А потым, вынiк жа залежаў у любым выпадку не ад тэлевiзiйнiкаў - галасавалi гледачы з розных краiн; напэўна, мы не падалiся iм дастаткова пераканаўчымi, не змаглi спадабацца i запомнiцца за тыя тры хвiлiны, што доўжыўся нумар.
 Работу над памылкамi беларусы правядуць ужо дома - пасля закрыцця "Еўрабачання" неўзабаве адбудзецца спецвыпуск ток-шоу "Ход у адказ", дзе будзе абмяркоўвацца гэта тэма.
Пакуль жа частка дэлегацыi, якая выканала свае функцыi, у тым лiку i артысты, вяртаецца ў Мiнск, а тут застаюцца нашы каментатары, адмiнiстрацыйная група, тэлевiзiйнiкi i многiя журналiсты. Бо, як трапна выказалiся еўрапейскiя заўсёднiкi конкурсу, "адзiн стрэл аказаўся халастым, але ёсць яшчэ баявы патрон" - Аляксандр Рыбак. Гэты "нарвежац-беларус", адсвяткаваўшы ўчора 23-i дзень нараджэння, сёння выйдзе на сцэну "Еўрабачання" пад 6-м нумарам i выканае мо ў статысячны раз сваю "Казку" ("Fаirуtаlе"). На радзiме спевака, дарэчы, яна ўжо стала 7 разоў плацiнавай - была прададзена ў колькасцi больш як 70 тысяч копiй.
 
Ад матрошкi да мядзведзя
Сёння ўвечары адбудзецца другi паўфiнал, у якiм беларусы ўжо не галасуюць i не выбiраюць, але хварэць усё адно ёсць за каго. Акрамя ўжо названага прадстаўнiка Нарвегii, на сцэну выйдуць артысты з яшчэ 18 краiн - Украiны, Харватыi, Ірландыi, Латвii, Сербii, Польшчы, Кiпра, Славакii, Данii, Славенii, Венгрыi, Азербайджана, Грэцыi, Лiтвы, Малдовы, Албанii, Эстонii, Нiдэрландаў. Акрамя таго, у гэтым паўфiнале галасуюць Расiя i Францыя. Адзначым, што ў цэлым сённяшнi канцэрт разглядаецца як больш моцны - у iм удзельнiчаюць як мiнiмум чацвёра фаварытаў, якiм прагназуюцца высокiя месцы нават у фiнале. Аднак (паўтарэнне мацi навучання) не забываемся: "Еўрабачанне" справа такая непрадказальная...
Зрэшты, без усякiх прадказанняў магу паведамiць, што вы сёння абавязкова ўбачыце. Калi першы паўфiнал расiйскiя пастаноўшчыкi стылiзавалi пад рускiя народныя казкi, то ў другiм, як расказаў генеральны дырэктар расiйскага Першага канала Канстанцiн Эрнст, будуць з гумарам i самаiронiяй прадэманстраваны мiфы аб Расii, якiя распаўсюджаныя ў свеце. Напрыклад, на сцэне расставяць матрошак, адначасова стылiзаваных пад бярозкi, а таксама выведуць мядзведзяў, крыху паiранiзуюць з масленiчных гулянняў i з лубачных карцiнак.
Акрамя канкурсантаў, на сцэне "Еўрабачання" выступiць Дзяржаўны ансамбль танца iмя I. Маiсеева i "Церам-квартэт", якi на рускiх народных iнструментах выканае папуры з песень - пераможцаў конкурсу розных гадоў. Уяўляеце сабе "Vivа lа Divа" на балалайках? Я пакуль што таксама - не, таму пагляджу з задавальненнем.
Напрыканцы нагадаю 10 шчаслiўчыкаў, якiя перамаглi ў першым паўфiнале, i нумары, пад якiмi мы ўбачым iх у фiнале конкурсу 16 мая. З маленькiх матрошак артысты выцягнулi наступныя нумары: Iзраiль - 2, Швецыя - 4, Партугалiя - 6, Iсландыя - 7, Арменiя - 9, Боснiя i Герцагавiна - 12, Мальта - 14, Турцыя - 18, Румынiя - 22, Фiнляндыя - 24.
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.