Новыя імёны "Маладых талентаў"

18.12.2015

"Звязда"

Сёлетні V Рэспубліканскі творчы радыёконкурс "Маладыя таленты Беларусі", які праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё з верасня па снежань, завершаны. А вось імёны яго пераможцаў будуць гучаць яшчэ не раз. Бо, відаць, для многіх юных талентаў спаборніцтва становіцца пачаткам вялікага шляху ў музыцы.

У гэтым годзе на ўдзел у конкурсе было пададзена 300 заявак ад маладых музыкантаў з розных куткоў Беларусі. У фінальны, трэці, этап прайшло 90 прэтэндэнтаў, што сімвалічна, бо само спаборніцтва было прымеркавана да 90-годдзя Беларускага радыё і Года моладзі. Творчасць канкурсантаў ацэньвала аўтарытэтнае журы, якое ўзначальваў народны артыст Беларусі, намеснік старшыні Беларускага саюза кампазітараў Эдуард Зарыцкі. У склад журы ўвайшлі таксама артыстка Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Вікторыя Алешка, член Беларускага саюза кампазітараў, загадчыца аддзялення "Мастацтва эстрады" Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Атрашкевіч, выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 1" Людміла Барадзіна, генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Кірыл Казакоў, вядучая салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Настасся Масквіна, загадчыца аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Сямёнава, народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч, народны артыст Беларусі, член Беларускага саюза кампазітараў Эдуард Ханок.

У адпаведнасці з палажэннем, журы конкурсу прыняло рашэнне: у намінацыі "Спадчына" аб’яднаць усе ўзроставыя катэгорыі і падзяліць на дзве групы (паднамінацыі) - ансамблі і салісты, а намінацыю "Эстрадны вакал" у сярэдняй узроставай катэгорыі таксама падзяліць на дзве групы - ансамблі і салісты .

Па выніках праслухоўвання "жывога выканання" ў Вялікай студыі Дома радыё найлепшымі сталі: у намінацыі "Эстрадны вакал" - Хэленэ Мэрааі (Мінск), Надзея Місякова (Мінск) і Аліна Мілаш (Івацэвічы). Сярод тых, хто дэманстраваў свае здольнасці ў намінацыі "Інструментальная музыка" журы вызначыла пераможцамі Кацярыну Блінкову (Мінск), Марыю Цхоўрабаву (Мінск) і Рамана Ждановіча (Салігорск). У намінацыі "Спадчына" сярод ансамбляў найлепшым на гэты раз стаў народны хор імя Глінкі (Мінск), а з ліку салістаў найбольш яркім палічылі выступленне Паліны Муравіцкай (Мінск). Многім іншым удзельнікам дасталіся таксама прызы і спецыяльныя дыпломы.

Музычныя творы ў выкананні пераможцаў і ўладальнікаў спецыяльных прызоў можна пачуць у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. У прыватнасці, у праграме "Маладыя таленты Беларусі" кожную нядзелю ў 11.30 радыёслухачоў чакаюць сустрэчы з удзельнікамі конкурсу. Варта нагадаць, што раней лаўрэатамі і прызёрамі гэтага творчага спаборніцтва былі такія артысты, як Алена Ланская, Кірыл Ермакоў, Лідзія Заблоцкая і многія іншыя.

Слухайце Першы нацыянальны канал Беларускага радыё і адкрывайце для сябе новыя імёны маладых таленавітых музыкантаў.

Алена ДРАПКО.