Нiзкi старт да высокiх вяршыняў

16.09.2006
"Звязда", 16 сентября 2006 г.


Пазней за ўсiх раскрыла сакрэты новага тэлесезона Белтэлерадыёкампанiя. Затое i навiнаў тут аказалася больш чым у каго: новыя людзi, праекты, фарматы... I самае важнае - новая канцэпцыя Першага тэлеканала, якi старшыня БТРК Аляксандр Зiмоўскi назваў "галоўнай i ўдарнай сiлай сезона 2006-2007".

Застацца першым
БТ возьме назву Першы i будзе падтрымлiваць iмiдж першага канала Беларусi - у сэнсе, i найстарэйшага, i вядучага. Слоган "Гэта - Першы!" наглядна iлюстраваны прома-ролiкамi: Юлiя Несцярэнка, Ксюша Сiтнiк, Iван Цiхан, Пётр Клiмук, Юрый Гагарын, Пётр Першы... Дый новы лагатып - белая "адзiнка", аздобленая колерамi дзяржаўнага сцяга, - таксама празрыста намякае гледачам на першынства.
Вiзiтоўкай канала застаецца iнфармацыйнае i грамадска-палiтычнае вяшчанне. Стане больш навiнаў, а весцi iх вячэрнiя выпускi вядучыя будуць парамi, як гэта зараз модна ва ўсiм свеце. З’явiцца шмат новых тэлеперсон. На праграме "Добрай ранiцы, Беларусь" вядучыя ўвогуле зменяцца цалкам.
Таксама на Першы трапяць практычна ўсе палiтычныя праграмы, дакументальныя серыялы, журналiсцкiя расследаваннi i г.д. Выхадныя днi будуць насычаны забаўляльнымi праектамi, прычым большасць з iх - вытворчасцi самой Белтэлерадыёкампанii. Карацей, пазiцыi лiдара Першы будзе ўтрымлiваць любой цаной i так проста не здасць.

Усё наЛАДзiцца?
На "ЛАДзе" з прыходам новага генеральнага прадзюсара Сяргея Кухто таксама чакаюцца свежыя людзi i свежыя тэмы. Пры гэтым на долю канала па-ранейшаму прыпадае львiная доля дзiцячых, культуралагiчных i адукацыйных праграм, а палiтыка "ЛАДу" будуецца на прынцыпе "большасць новага - добра забытае старое". Дарэчы, сам Кухто прызнаўся, што нягледзячы на цяперашнюю высокую пасаду, месца вядучага "Вашага лато" ён пакуль што не пакiне.

Па традыцыi лепшыя праекты ўсiх беларускiх тэлеканалаў будуць iсцi ў эфiр "Беларусь-ТБ", аднак у новым сезоне, паводле слоў генпрадзюсара канала Валерыя Радуцкага, запланаваны выпуск уласных навiнаў i палiтычных праграм.

Новенькае, старэнькае i мiнулае
З пачатку кастрычнiка на Першым пойдзе шматсерыйны дакументальны цыкл, прысвечаны ўсiм нацыянальным паркам i запаведнiкам Беларусi - амаль што Animal Planet па-беларуску.
Мноства навiнак у забаўляльным вяшчаннi. Так, стартуе праект "Музычны плей-оф" - частка мiжнароднага праекта "The Global Battle of the Bands", якi iдзе ў 53 краiнах свету. Да снежня розныя беларускiя гурты будуць "бiцца" ў эфiры за выхад у своеасаблiвы плей-оф; пераможца гэтага нацыянальнага спаборнiцтва трапiць у Лондан на фiнал мiжнароднай "бойкi". Праект "Культурныя людзi" паспрабуе сумясцiць несумяшчальные - маскульт i культуру элiтарную. Праект "Усе стыхii" раскажа пра экстрэмальныя вiды спорту. Новы тэлечасопiс "Альманах падарожжаў" правядзе гледачоў па розных краiнах i гарадах свету. Акрамя таго, нам абяцаюць больш як сто прэм’ер фiльмаў самых розных жанраў; з серыялаў, у прыватнасцi, запускаецца расiйская меладрама "Каханне як каханне".
Прыемная навiна: на Першы вяртаецца беларускi КВЗ. "Так, мы можам закупiць лiцэнзiйнае шоу накшталт "Форт Баярд" цi "Зоркi на лёдзе", але рабiць гэтага не будзем. Бо прытрымлiваемся свайго ўласнага забаўляльнага фармату", - адзначыў на гэты конт Аляксандр Зiмоўскi.
А вось такiя праекты, як "Тэлесад", "Маем рэчы", "Звычайны незвычайны дзень", "Справы сямейныя" i шэраг iншых не перажылi мiнулы тэлесезон i сышлi з каналаў БТРК увогуле. Старшыня кампанii назваў гэты працэс абсалютна натуральным, паэтычна параўнаўшы развiццё тэлебачання з ростам дрэва (каналаў), якое перыядычна мяняе лiсце (вядучых i праграмы). "Калi творчыя людзi стамляюцца, спыняюцца ў развiццi або пачынаюць халтурыць, праграмы даводзiцца скарачаць", - дадаў галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыi тэлевытворчасцi БТРК Уладзiмiр Шпiтальнiкаў. З гэтага, вiдаць, вынiкае, што выбыўшыя праекты чымсьцi будуць заменены - як кажуць, "свята месца пуста не бывае". Але ж выбар усё адно застаецца за гледачом.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.