Немагчымае - магчыма!

12.05.2007
"Звязда", 12 мая 2007 г.


"Еўрабачанне-2007"
Сёння ўвечары - дакладней, у ноч з суботы на нядзелю - значная частка беларусаў "прылiпне" да тэлеэкранаў, каб даведацца пра вынiкi мiжнароднага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2007", што праходзiць у Хельсiнкi. Пакуль рана загадваць, якое месца спадарыня Удача адвядзе для Беларусi. Але дакладна адно: iмя Дзмiтрыя Калдуна ўжо запiсана ў гiсторыю ўдзелу Беларусi ў конкурсе. Няхай не залатымi лiтарамi - але нязмыўным чарнiлам. 21-гадоваму выканаўцу ўпершыню ўдалося зрабiць тое, над чым бiлiся папярэднiя тры ўдзельнiкi - вывесцi краiну ў фiнал "Еўрабачання". I гэта калi не перамога, то прарыў - адназначна.
Сёлетняе шоў многiя паспелi ахрысцiць "парадам фрыкаў" - мноства яркiх фарбаў, сцэнiчных пераапрананняў i нестандартных iмiджаў (прыгадаць хоць бы Сярдзючку). На гэтым фоне выгадна выдзяляюцца нешматлiкiя рокеры, натхнёныя леташнiм поспехам "Лордзi", прыхiльнiкi класiчнага, нават опернага, накiрунку (Славенiя, Латвiя) i этна-матывы (Грузiя, Сербiя, усе Балканы i г.д.). Беларусь, вiдаць, "узяла" не толькi магутным пiярам з шакаладным "Куфэркам Калдуна", але i нечаканым мiнiмалiзмам - у параўнаннi з гламурным каляровым клiпам простая i эфектная чорна-белая сцэнiчная пастаноўка з першых дзён спадабалася лiтаральна ўсiм: i журналiстам, i фанатам. Але гэта яшчэ не гарантавала поспеху - "Еўрабачанне", няхай сабе i тройчы конкурс для хатнiх гаспадынь, славiцца непрадказальнасцю...
28 краiн выступiлi ў паўфiнале, i толькi 10 з iх "свяцiла" далейшая барацьба. Вядучы тасаваў канверты пакутлiва доўга. I першым з фiналiстаў назваў... Беларусь. З палёгкай уздыхнулi не толькi нашы каментатары, але i ўсе тэлегледачы - гэта адчувалася амаль фiзiчна. Дарэчы, у гадзiну ночы не спала, па сцiплых падлiках арганiзатараў, рэкордная аўдыторыя - каля 200 мiльёнаў гледачоў ва ўсiм свеце, уключаючы Азербайджан i Аўстралiю, якiя транслявалi конкурс. Кожную краiну-"выхадца" ў фiнал сустракалi ровам i апладысментамi. Нам жа быў важны вялiкi беларускi сцяг, якi буйным планам паказалi фiнскiя аператары, i агульнае - мы зрабiлi гэта! Беларусь - 3, Македонiя - 6, Славенiя - 7, Венгрыя - 8, Грузiя - 11, Латвiя - 14, Сербiя - 17, Балгарыя - 21, Турцыя - 22, Малдова - 24. Менавiта пад гэтымi нумарамi канкурсанты выступяць у фiнале, дзе, нагадаем, выступяць 24 краiны.

Сцiснутыя на ўдачу кулакi сёння нам яшчэ спатрэбяцца. Каб даведацца, як справы ў беларускай дэлегацыi, мы дазванiлiся ў Хельсiнкi кiраўнiку праекта "ЕўраФэст" Аляксандру Ціхановічу.
- Самы страшны момант у конкурсе - гэта абвяшчэнне вынiкаў. Я выйшаў з каментатарскай кабiнкi мокры, як мыш. Нiколi не думаў, што прадзюсарская работа такая стрэсавая, артыстам быць лягчэй. Я так перажываў, праўда... Першым вiншаванне прыслаў Алег Елiсеенкаў - даслаў СМС "Ура! Вiншую!". А зараз ужо тэлефон не змаўкае. Расслабляцца нельга, гэта толькi першы крок.
Канешне, у гiсторыi "беларускага Еўрабачання" гэта перамога, але самае галоўнае яшчэ наперадзе. Сёння мы далi Дзiму крыху паспаць, але не разнявольваемся - яшчэ 2 рэпетыцыi i фiнал. Атрымалi чарговую порцыю "ўлiванняў" ад Кiркорава, але гэта нармальна, ён меў рацыю - я глядзеў тэлевiзiйную карцiнку, а ён - жывое выступленне, па якому зрабiў некалькi заўваг.
- Чамусьцi ўсе спрачаюцца, цi ўзяў Дзiма апошнюю ноту, у якой таксама была маленькая "фiшка" песнi "Wоrk Yоur Mаgiс"?
- Ён выцягнуў ноту, але гэта было не абавязкова рабiць. Гэта нiяк не ўплывае на вынiкi, галасаванне заўжды штука непрадказальная, вы ж бачыце. Зараз, напрыклад, букмекеры прымаюць стаўкi на перамогу адной з трох краiн - Швецыi, Сербii цi Беларусi. Не ведаю, як для нас складзецца фiнал, але хачу выказаць вялiкую ўдзячнасць усiм тым, хто на ўсiх этапах падрыхтоўкi i правядзення конкурсу падтрымлiваў нас: Белтэлерадыёкампанii, Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, Мiнгарвыканкаму, Маладзёжнаму тэатру эстрады, айчынным вытворцам - заводам "Крышталь" i "Камунарка", якiя зрабiлi цудоўную прома-прадукцыю, яна тут усiх уразiла; МЗС, консульству ў Талiне, асабiста нашаму паслу ў Лiтве i Фiнляндыi Уладзiмiру Дражыну, i ўсiм журналiстам, хто асвятляе конкурс, - дзякуй, падтрымку краiны за плячыма мы адчуваем, i гэта вельмi дапамагае... Падтрымайце нас i ў фiнале, калi ласка!

Прадзюсар Белтэлерадыёкампанii Анастасiя Цiхановiч расказала, што нумарам, якi выпаў, беларускiя ўдзельнiкi задаволены: "Калi пачулi, што Беларусь назвалi першай, хто прайшоў у фiнал, мы ў зялёным пакоi проста вар’яцелi - крычалi, адбымалiся, скакалi ад радасцi. Трэцi нумар - добра. Мы ўжо зразумелi, што ў пачатку выступаць прасцей, бо напрыканцы многiя выканаўцы паспяваюць "перагарэць" ад хвалявання".
Конкурсны нумар Беларусi дапаўняцца нейкiмi "фiшкамi" не будзе - галоўнае, лiчаць у дэлегацыi, каб выступленне прайшло чыста. Наконт канкурэнтаў таксама гавораць асцярожна - а сапраўды, што тут скажаш, калi прызнаныя фаварыты Андора, Кiпр i Швейцарыя нават не выйшлi з паўфiналу, а ў фiнале ўсе ўдзельнiкi лiчацца вельмi моцнымi?
- Мне здаецца, што тыя, хто прайшоў з паўфiналу, знаходзяцца ў больш выйгрышным становiшчы, бо яны крыху знаёмыя гледачам, - вось i ўсе прагнозы, што рызыкнула даць Анастасiя Цiхановiч.

Што застаецца? Прытрымаць у сабе негатыў i настроiцца на лепшае. Як спявае Дзiма Бiлан, якi таксама знаходзiцца зараз у Хельсiнкi i "хварэе" ў тым лiку за Калдуна, "немагчымае магчыма". Адзiн раз Беларусь ужо гэта пацвердзiла. Хварэем за нашых, спадарства!