Наш нумар будзе восьмы. А месца?

25.03.2005
"Звязда", 25 сакавіка 2005 г. (дадатак - газета "Чырвоная змена")


Беларуская дэлегацыя вярнулася з Кiева, дзе праходзiла ўстановачная сустрэча краiн-удзельнiц юбiлейнага, 50-га конкурсу песнi "Еўрабачанне-2005". Па вынiках жараб’ёўкi Беларусь выступiць у паўфiнале пад нумарам 8, акурат памiж Iзраiлем i Галандыяй. Адкрые паўфiнал Аўстрыя, завершыць Польшча. У Расii (яе прадставiць, нагадаем, наша зямлячка Наталля Падольская) 20-ы нумар, але - адразу ў фiнале.
Аднак гэта не адзiная i не самая галоўная навiна конкурсу, якi збярэ сёлета рэкордную колькасць удзельнiкаў - 39 (гэта лiчба была б круглай, калi б не адмовiўся ад удзелу Лiван). Як паведамiў намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii, кiраўнiк дэлегацыi Аляксандр Мартыненка, важныя карэкцiроўкi датычацца правiлаў тэлетрансляцыi "Еўрабачання". Так, сёлета ў абавязковым парадку ўсе ўдзельнiкi будуць транслiраваць на сваёй тэрыторыi i больш чым дзве гадзiны паўфiналу (19 мая), i тры з паловай гадзiны фiнальнага шоу (21 мая). Адпаведна, галасаваць з дапамогай SMS i тэлефонных званкоў i ў паўфiнале, i ў фiнале будуць жыхары ўсiх 39 краiн. Гэта, натуральна, падоўжыць цырымонiю, затое, скажам так, абвострыць канкурэнцыю i павысiць шанцы (у тым лiку i прадстаўнiцы Беларусi Анжэлiкi Агурбаш).
Вядучымi шоу стануць мiнулагодняя пераможца Руслана i вядомы ва Украiне ды-джэй Паўло; таксама будзе задзейнiчаны, хоць i не галоўным персанажам, адзiн з братоў Клiчко. Колеравая гама, у якой на гэты раз будзе аформлены конкурс, складаецца з салатава-зялёнага i сiняга колераў. На сцэне дабавяцца яшчэ жоўта-аранжавыя пражэктары, а сама сцэна, паводле задумкi арганiзатараў, зможа рухацца, мяняць узровень i ўвогуле iндывiдуальна "падладжвацца" пад кожнага канкурсанта. Праўда, гэта ўсё толькi ў перспектыве — пакуль што спартыўны комплекс у Кiеве, дзе мае адбыцца "Еўрабачанне-2005", поўным ходам рамантуецца.
Нямала чутак i здагадак хадзiла вакол конкурснай песнi "Love me tonight", напiсанай для Анжэлiкi грэчаскiмi аўтарамi i абранай беларускiм аргкамiтэтам лiтаральна ў апошнi момант. Як патлумачыў Аляксандр Мартыненка, гэта цалкам звычайная практыка - праводзiць нацыянальны адбор у два туры: на першым выбiраецца выканаўца, на другiм - песня для яго. Аналагiчным чынам, дарэчы, зрабiлi i многiя iншыя краiны, якiя трымалi свае конкурсныя песнi ў сакрэце да сустрэчы ў Кiеве. "Мы правялi перамовы практычна з усiмi дэлегацыямi, i наша песня - баюся сурочыць - зрабiла вельмi добрае ўражанне, паказаўшы, што Беларусь будзе сур’ёзным сапернiкам", - расказаў Аляксандр Мартыненка. Але з прагнозамi, на якое месца прэтэндуе беларуская канкурсантка, тэлевiзiйны чыноўнiк надзвычай асцярожны. Ён чакае, што выступленне прадстаўнiцы будзе "максiмальна добрым", а песня здолее заняць "годнае месца" сярод iншых.
З 5 красавiка Белтэлерадыёкампанiя блаславiць Анжэлiку Агурбаш у прома-тур, якi ахопiць Лiтву, Латвiю, Малдову, Балгарыю, Польшчу, Расiю, Украiну. У планах таксама пазначаны Грэцыя i Сербiя. Адпаведна, канкурсанты з iншых краiн, напрыклад з Мальты i Грэцыi, чакаюцца з выступленнямi ў Беларусi. З некаторымi ўдзельнiкамi "Еўрабачання-2005" наша краiна будзе абменьвацца своеасаблiвымi музычнымi "вiдэапрывiтаннямi" ад канкурсантаў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.