"Наперад у мінулае!" да новай фольк-зямлі

05.05.2012
"Культура", 5 мая 2012 г.


Што застаецца на "кухні" народнай песні?
Ужо за некалькі месяцаў праграма "Наперад у мінулае!" тэлеканала "Беларусь 2" даказала: глядзець яе варта не толькі каб пачуць спевы фальклорных калектываў з розных куткоў нашай краіны, але і для таго, каб пабачыць захопленыя твары эстрадных артыстаў, якія, судакрануўшыся з песенннай спадчынай продкаў, не могуць стрымаць сваіх эмоцый.
Што кажуць вядучым праграмы зоркі эстрады пасля "падарожжа ў мінулае"? Якімі спевамі ды легендамі часцей за ўсё "частуюць" тэлевізійную групу мясцовыя калектывы і жыхары? І які далейшы шлях тэлепраекта, што распачаў свой рух у пошуку песенных цікавостак? Пра гэта ды шмат што іншае карэспандэнт "К" распытаў тэлежурналістку Аксану ВЕЧАР.

- Аксана, давайце вернемся якраз-такі ў мінулае. У чыю светлую галаву прыйшла ідэя стварэння вашай праграмы?
- Звычайна ў нашай камандзе галоўным генератарам ідэй з'яўляецца Анатоль Вечар. Ідэя гэтага тэлепраекта, як і тузін іншых прапаноў самых розных кірункаў ды жанраў, існавала вельмі даўно, але чамусьці пылілася ў "доўгай шуфлядзе". Сёлета ўдача павярнулася да нас тварам, і ў студзені бягучага года мы, нарэшце, зрабілі пілотны праект - "Наперад у мінулае" з'явілася ў сетцы перадач.

- Якую аўдыторыю вы разлічвалі прывабіць да тэлеэкранаў?
- Мяркую, што атрымалася прывабіць розныя пакаленні. Цікавіцца моладзь, але, як бачым па водгуках, нас вельмі ахвотна глядзіць і пакаленне нашых бацькоў. У прыватнасці, мая мама кажа, што гэта - лепшая праграма, якую мы стварылі з Анатолем. А былі ж "Акалада", "Прасоўванне"! Такія словы, безумоўна, прыемныя.

- А якія водгукі тых калектываў, чые спевы ўжо прагучалі ў праграмах?
- Водгукі - станоўчыя. У Смалявіцкім раёне, дзе мы пабывалі неаднойчы, зазначаюць, што наша праграма стала ўжо кшталту любімага серыяла. Кажуць, нават старшыня аднаго з мясцовых калгасаў у суботу імкнецца завяршыць усе справы да часу пачатку перадачы: маўляў, тое зрабіў, гэта - таксама, усё, пабег глядзець "Наперад у мінулае".

- Цікава, як у "рэале" адбываецца сустрэча сучасных артыстаў і фальклорных калектываў? Наколькі яны адно аднаму цікавыя?
- Першае, што адразу хочацца ўзгадаць у адказ на пытанне, - гэта як сустракалі Аляксея Хлястова ў Путчыне. Бабулі кінуліся браць у яго аўтографы (як казалі, "для ўнучак"), сталі фатаграфаваць артыста... Аляксей зусім не чакаў такога прыёму, і было бачна, што яму тое вельмі прыемна.
Звычайна артысты эстрады вельмі натхняюцца паездкамі. Мы часта чуем словы падзякі, бо цікавым атрымліваецца ўсё: і сустрэча з калектывамі, і выбар песні, і гарачы прыём людзей, які звычайна апынаецца за кадрам... Выканаўцы ацэньваюць новы досвед, і многія з іх потым уключаюць абраную песню ў свой рэпертуар.
Але ёсць і тыя, хто адмаўляецца ад удзелу ў праекце: няма часу, ці проста не цікава. Ілья Міцько так нам і адказаў на прапанову: "Дзякую, але, выбачайце, мяне гэта не зусім цікавіць".

- А хто з артыстаў паказаў сябе "на вышыні"?
- Кожны, хто паехаў, ужо малайчына! Але калі ўзгадаць вось так, адразу, мяне ўразіла Venera, якая аказалася вельмі лёгкім у стасунках чалавекам, і Саша Нэма: ён здзівіў цудоўным пачуццём гумару.

- Колькі часу звычайна займае падарожжа?
- Мы вельмі прадуктыўныя ў гэтым плане. За дзень здымаем дзве праграмы: у першай палове дня едзем у адно месца, а ў другой - у іншую вёску паблізу. У сувязі з тым, што мой сувядучы Юрый Вашчук заняты на іншай працы - у Нацыянальным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, - мы пакуль ездзім, у асноўным, па Мінскай вобласці. Але бачым, што арэал паездак належыць пашыраць, і ўжо запланавалі падарожжа на Палессе і ў Брэсцкую вобласць: усім вядома, што аўтэнтычныя крыніцы фальклору трэба шукаць менавіта там.

- Наконт крыніц фальклору... Наколькі ахвотна ўдзельнікі фальклорных калектываў аддаюць свае музычных здабыткі?
- Аддаюць ахвотна: ансамблям цікава паўдзельнічаць у падобным эксперыменце. Але, магчыма, у сувязі з тым, што мы выязджалі недалёка, назіраем такую сумную тэндэнцыю: носьбітаў, якія маглі б падзяліцца сапраўды аўтэнтычным песенным матэрыялам, усё менш. Яны сыходзяць, а на змену ім прыходзяць таленавітыя выканаўцы, якія, на жаль, кіруюцца жаданнем выконваць больш сучасныя музычныя творы. Часам здараецца так, што калектывы бяруць за аснову аўтарскі рэпертуар, напісаны літаральна дзесяць - пятнаццаць гадоў таму. Сказваецца і ўплыў гарадской культуры, які, на жаль, выцясняе культуру традыцыйную. Нам артысты неаднойчы прапанавалі праспяваць "Чарку на пасашок" са шчырым жаданнем прэзентаваць добрую песню. Кампазіцыя цудоўная, але ж, вядома, нам больш цікавыя тыя песні, якія былі створаны, спяваюцца толькі ў гэтым месцы. Што зробіш? Будзем імкнуцца выязджаць шукаць музычныя скарбы далей за кола Міншчыны.

- Але чымсьці, напэўна ж, вас здзівілі мястэчкі ды гарады Мінскай вобласці. Да прыкладу, той жа гістарычнай спадчынай, якой вы таксама аддаяце ўвагу ў праграме...
- Памятаю, калі мы ездзілі ў Анопаль, нас прымала бабуля, у хатнім склепе якой... былая ўсыпальня Радзівілаў. Бачна, што гэта сапраўдныя сутарэнні, дзе захоўваліся астанкі славутага роду, і нават ёсць замураваны падземны ход. А сёння ў гэтым склепе гаспадыня трымае бульбу ды закаткі...

- Надзвычай цікава!
- А шматлікія легенды! Дарэчы, ведаеце, якая самая папулярная легенда ў Беларусі? Пра возера, на дне якога знаходзіцца старажытная царква. Кажуць, калі ты добры чалавек, то абавязкова пачуеш гукі званоў. Я сама родам з Карэлічаў і чула падобную легенду пра возера Свіцязь. Ды падчас працы над праграмай зразумела, што тая легенда добра "прыжылася" ў кожным раёне, дзе ёсць прыгожы вадаём...

- Бачу, падарожжа ў мінулае мае шмат неспадзяванак...
- Так. Але гэта не значыць, што нам становіцца не цікава. Будзем рухацца далей і запрашаць артыстаў даследаваць "новыя землі" ды беларускі фальклор. Мы распачалі праграму з выканаўцаў папулярнай музыкі, а цяпер плануем далучыць і хіп-хоп-каманды ды артыстаў іншых музычных кірункаў... 

За кадрам: Uzari
Ахвотна падзяліўся сваімі ўражаннямі ад падарожжа на беларускую песенную спадчыну выканаўца, кампазітар і аранжыроўшчык UZARI.
- Гэта неверагодна, што ў нас на Беларусі захаваўся традыцыйны фальклор, які ў кантэксце еўрапейскай культуры - з'ява сапраўды яскравая, значная і цікавая, - адзначыў артыст. - Важна, што наш фальклор існуе ў жывой традыцыі. Я яшчэ раз упэўніўся ў гэтым, калі пазнаёміўся з народным ансамблем "Суседкі". Мы гутарылі не толькі пра музычную спадчыну, але і пра звычаі, пра беларускую культуру ўвогуле. Прыемна быў здзіўлены і тым, што некаторыя ўдзельніцы ансамбля ведалі і пра маю творчасць... У рэпертуары маю кавер-версіі народных песен - "Лапці", "Касіў Ясь канюшыну". І абавязкова буду выкарыстоўваць песню "У зялёным лузе", з якой мяне пазнаёмілі ўдзельніцы ансамбля. Адзначу, што яе мы запісалі ў дуэце з мамай - салісткай Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Галінай Грамовіч.... 

За кадрам: Юрый Вашчук
На плечы, а калі быць больш дакладнымі - на вушы сувядучага праграмы "Наперад у мінулае", саліста Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра краіны Юрыя Вашчука прыпадае галоўная нагрузка ў праекце: ператварыць народны песенны твор у, так бы мовіць, сучасную кампазіцыю на аснове фольк-матэрыялу.
- Я не стаўлю сабе пэўных рамак, - распавядае пра падрабязнасці нараджэння эстраднай аранжыроўкі Юрый. - Усё ж такі ў кожнага выканаўцы, гурта ёсць пэўны стыль - і цікава зрабіць аранжыроўку такім чынам, каб знойдзены матэрыял арганічна ўвайшоў у рэпертуар. Не дзіва, што потым многія артысты выконваюць кампазіцыі, якія атрымаліся.
У цэлым, хачу адзначыць: я вельмі рады, што трапіў у гэты праект. На жаль, песні нашых бабуль сёння не часта пачуеш па тэлебачанні, па радыё, а вось "Наперад у мінулае!" дае такую магчымасць. Лічу, у праграмы - высокая місія, бо гэты пласт культуры сыходзіць, і хто ведае, што адбудзецца ўжо праз некалькі гадоў...
Мяркую, годным падвядзеннем вынікаў паўгадавога існавання праграмы можа стаць канцэрт, на якім прагучаць усе гэтыя песні... 

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.