Над горадам лунала песня

12.06.2012
"Рэспублiка", 12 июня 2012 г.


8-10 чэрвеня ў Маладзечне адбыўся XII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Ён быў прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкi Купалы і Якуба Коласа.
Заснаваны ў 1993 годзе, фестываль за гэтыя гады стаў не проста форумам, які ўслаўляе нацыянальную песню і паэзію. Гэта ўжо сапраўдны культурны брэнд.
...Над Летнім амфітэатрам прагучалі пазыўныя, і свята пачалося. Па традыцыi прывітальнае слова ўдзельнiкам i гасцям адрасаваў Прэзідэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка. Ад iмя кiраўнiка дзяржавы на афіцыйнай цырымоніі адкрыцця яго зачытаў прэм'ер-мiнiстр Беларусi Мiхаiл Мяснiковiч. Ён вiтаў удзельнiкаў i гасцей свята i падкрэслiў, што краiна, нацыя мае сiлу, гонар i павагу дзякуючы не толькi развiццю гаспадаркi, але i высокай духоўнасцi, нацыянальнай культуры, роднай мове. "У гэтым аснова нашага адзiнства, нашай сiлы. Гаворачы словамi славутага Якуба Коласа, у гэтым "наймацнейшая аснова" i "жыцця першая ўмова", - адзначыў Мiхаiл Мяснiковiч.
Адметна, што на фестывалi традыцыйна гучыць толькi беларускае слова i прынцыпова не выкарыстоўваецца фанаграма.
У канцэрце "Дзве яркiя зоркi" гучалi кампазiцыi на вершы вялiкiх беларускiх пiсьменнiкаў Янкi Купалы i Якуба Коласа. Ён стаў па-сапраўднаму унiкальным, бо Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кiраўнiцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга прадставiў амаль 80 працэнтаў новага музычнага матэрыялу.
З вялiкай цiкавасцю госцi назiралi за падзеямi, якiя адбывалiся падчас Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Барацьба была вельмi напружанай, прагучала шмат цiкавых творчых знаходак. Аднак Гран-пры - прыз iмя Уладзiмiра Мулявiна - у гэтым годзе, дарэчы, як i ў мiнулым, было вырашана канкурсантам не прысуджаць. Пераможцай конкурсу стала Дар'я Шульгiна з Гродна.
Падчас фестывалю прайшло шмат цiкавых лiтаратурных i тэатральных сустрэч, ён стаў сапраўдным святам музыкi i беларускага слова.
Центр города зрабiлi пешаходным. Амаль цэлы квартал быў аддадзены народным майстрам: гучалi народныя песнi, былi прадстаўлены рамёствы, нацыянальная кухня, святочны гандаль, прайшлi дэманстрацыя мадэляў адзення i шмат iншых цiкавых дзей.
За фестывальныя днi горад прыняў 20 тысяч гасцей, у тым лiку з Лiтвы, Украiны, Расii. З кожным годам яго папулярнасць расце, таму i было прынята рашэнне аб тым, што цяпер маладзечанскi форум будзе штогадовым. Як лiчыць Мiхаiл Фiнберг, гэта вельмi адказна, бо пачынаць працаваць над новымi iдэямi трэба ўжо зараз.
Заснавальнiкi форуму - Мiнiстэрства культуры Беларусi, Нацыянальны акадэмiчны канцэртны аркестр Беларусi, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанiя Беларусi, Мiнскi аблвыканкам i Маладзечанскi райвыканкам - упэўнены, што фестываль i надалей будзе натхняць новыя таленты, накiроўваць iх на прафесiйнае сталенне.

Марына БАРАДАЎКА.