На "Тэлевяршыню" - па сцэнарыі

21.01.2012
"Культура", 21 января 2012 г.


Некалькі дзён таму Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пачало прымаць заяўкі на ўдзел ў VIII Нацыянальным конкурсе "Тэлевяршыня". У гэтым годзе намінацый стане на адну больш, чым летась.
Дадалася намінацыя "Лепшы сцэнарыст", вынікі па якой, дарэчы, ужо падводзіліся ў самым першым конкурсе. Як паведаміў "К" начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Уладзімір Ядрэнцаў, такі ход зроблены для таго, каб пашырыць спектр і ўплывовасць прэміі.
Усяго намінацый стала 22: лепшая інфармацыйная, грамадска-палітычная (публіцыстычная), культурна-асветніцкая, музычна-забаўляльная і спартыўная праграмы, лепшая праграма для дзяцей і юнацтва, лепшы тэлевізійны дызайн, лепшы дакументальны фільм, рэгіянальны праект года, лепшая праграма навін рэгіянальнага тэлебачання, сацыяльная рэклама, а таксама Гран-пры - "Тэлевізійны праект года". У "асабістым заліку" вызначаць лепшага вядучага інфармацыйнай, грамадска-палітычнай, музычна-забаўляльнай праграм, лепшага спартыўнага каментатара, вядучага рэгіянальнага тэлебачання, рэпарцёра, рэжысёра, аператара, сцэнарыста, тэлевізійнага прадзюсара.
Таксама сёлета прафесійнаму журы будзе дадзена магчымасць вызначыць уладальніка Спецыяльнага прыза, калі штосьці адметнае з матэрыялаў, пададзеных на конкурс, не будзе падпадаць ні пад адну з вышэй названых намінацый.