На экране - "Беларусь-ТБ"

28.01.2005
"Звязда", 28 студзеня 2005 г.


3 1 лютага ў эфіры на адну "тэлекнопку" будзе больш. Сваё вяшчанне пачне міжнародны спадарожнікавы канал "Беларусь-ТБ". Дзякуючы распаўсюджванню праз спадарожнік Intelsat 904 гэты канал будзе прымацца і на тэрыторыі нашай краіны, і за яе межамі - для ўсіх, хто хоча ведаць пра Беларусь больш і, што называецца, з першых вуснаў.
Паводле папярэдняй інфармацыі, аб'ём вяшчання новага канала складзе 16-17 гадзін на рускай і беларускай мовах. У сетцы праграм плануецца сабраць усё лепшае ад буйнейшых айчынных вытворцаў тэле-, кіна- і відэапрадукцыі: Белтэлерадыёкампаніі, АНТ, СТБ, нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Белвідэацэнтра. Стаўка робіцца практычна на бяспройгрышны варыянт - сканцэнтраваць на адным канале улюбёныя гледачамі перадачы, музычна-забаўляльныя і дзіцячыя праграмы, дакументальныя і мастацкія фільмы.
Так, у першы ж дзень свайго вяшчання "Беларусь-ТБ" прапануе ўвазе публікі перадачу пра Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", а таксама трансляцыю лепшых канцэртаў і прадстаўленняў з гэтага фэсту; хрысціянскую праграму "Існасць", маладзёжную інфармацыйна-забаўляльную праграму "5x5", гонар айчыннага кінематографа - культавую карціну "Белыя Росы", першую серыю эпапеі "Дзяржаўная граніца", а яшчэ надзвычай цікавы фільм "Мой пачатак" (частка праекта "Беларусь у асобах", якая расказвае пра дзяцінства вядомага мастака Марка Шагала)...
"Карцінка" на новым тэлеканапе будзе суправаджацца фірменным лагатыпам "Беларусь-ТБ", які стварыў мастак М.Стас (дарэчы, у стварэнні лагатыпа прымалі ўдзел пяцёра мастакоў-дызайнераў, якія вынеслі на суд мастацкага савета больш як 50 варыянтаў эскізаў!). Афармленне канала ў нацыянальных колерах Беларусі - белы, чырвоны і зялёны - не выпадковае. Паводле тлумачэнняў спецыялістаў, белы колер у дадзеным выпадку сімвалізуе стабільнасць, надзейнасць і вернасць традыцыям; суадносіны чырвонага і зялёнага такія ж, як на дэяржаўным сцягу нашай краіны. Своеасаблівае напісанне абрэвіятуры "ТБ" павінна характарызаваць тэлеканал як дынамічны, сучасны па стылю і спосабу падачы інфармацыі, які пастаянна развіваецца ў тэхналагічным плане. Тое ж самае, дарэчы, можна сказаць і наконт канцэпцыі "Беларусь-ТБ": традыцыі і сучаснасць, надзейнасць і дынамізм.
На дадзены момант больш як 170 кабельных аператараў з розных рэгіёнаў Расіі, Украіны, Казахстана і Прыбалтыкі выказалі сваю зацікаўленасць у рэтрансляцыі "Беларусь-ТБ". У планы Белтэлерадыёкампаніі на гэты год уваходзіць яшчэ арганізацыя і прэзентацыя новага тэлеканала ў Расіі, ва Украіне, Польшчы, іншых краінах блізкага і далёкага замежжа.
...Не забудзьцеся ўключыць тэлевізар!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.