На дзіцячым "Еўрабачанні" ад Беларусі жадалі выступіць расіяне

21.06.2013
"Звязда", 21 чэрвеня 2013 г.

 
Але правілы нацыянальнага адбору гэтага не дазваляюць.
Днямі сталі вядомыя імёны фіналістаў рэспубліканскага конкурсу "Песня для Еўрабачання", у фармаце якога ўжо традыцыйна адбываецца адбор беларускага ўдзельніка дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне". Прафесійнае журы на чале з народным артыстам Беларусі Эдуардам Зарыцкім разгледзела 48 заявак, але "дабро" дало толькі 10 з іх.
Насамрэч заявак у аргкамітэт паступіла крыху больш, у тым ліку 4 - з Расіі (па адной з Масквы і з горада Междурэчанска Кемераўскай вобласці і дзве з Новасібірска). "Гэтыя заяўкі журы не разглядала, - тлумачыць кіраўнік рабочай групы нацыянальнага адборачнага тура, выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 2" Людміла Барадзіна, - бо яны, на жаль, не адпавядаюць умовам, прапісаным у палажэнні конкурсу "Песня для Еўрабачання". У нас у правілах асобна ўказана, што да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства - але толькі ў тым выпадку, калі пражываюць у Беларусі пастаянна, не менш за 2,5 года". Яшчэ адну заяўку, расказала "Звяздзе" Людміла Афанасьеўна, арганізатары былі вымушаныя адхіліць з іншай прычыны: наша суайчынніца даслала песню з арыгінальным тэкстам, але на чыюсьці чужую музыку, што таксама супярэчыць правілам конкурсу.
Такім чынам, у фінале нацыянальнага адбору свае варыяцыі песні для "Еўрабачання" выканаюць 10 юных артыстаў: 5 мінчан, яшчэ 3 - са сталічнай вобласці, а таксама па 1 прадстаўніку Брэстчыны і Магілёўшчыны. Практычна ўсе адабраныя шчасліўцы - падлеткі ва ўзросце 11-13 гадоў, якія, калі меркаваць па назвах конкурсных песень, жывуць недзе паміж зоркамі і марамі:

Піпер Ангеліна (Брэсцкая вобласць, в. Астрамечава) - "Мы танцуем джаз";
Іваноў Уладлен (г.Бабруйск) - "Белые облака";
Волкаў Ілья (г.Мінск) - "Пой со мной";
Зайцава Ганна (г.Мінск) - "Мы помним";
Мажылоўская Юлія (г. Мінск) - "Мечты";
Місякова Надзея (г. Мінск) - "Деловая";
Церашонак Ксенія (г.Мінск) - "Под парусом мечты";
Асланаў Руслан (Мінскі раён, в.Тарасава) - "Звёзды зовут";
Мураўкін Ігар (Мінскі раён, п.Калодзішчы) - "Ищущие счастье" (гэта песня, дарэчы, гучыць на беларускай і англійскай мове. З гэтага года правілы міжнароднага конкурсу дазваляюць выкарыстоўваць да 25% англійскай мовы ў песнях);
Шаршавіцкая Даная (Мінская вобласць, г.Барысаў) - "Простой мотив".

Пакуль што ўсе юныя артысты, атрымаўшы ў якасці "хатняга задання" пэўныя заўвагі і парады ад прафесіяналаў, разышліся на летнія канікулы. Але ненадоўга. Ужо ў верасні яны зноў з'едуцца ў Мінск, каб на фінальным шоу ў прамым эфіры паспаборнічаць за галоўны прыз - пуцёўку на дзіцячае "Еўрабачанне", якое адбудзецца сёлета ў Кіеве. Пераможцу, як і раней, выберуць сумесна гледачы і журы.

Вікторыя ЗАХАРАВА.