Музыканты з Гродна трапяць на "Еўрабачанне"

10.04.2015

"Звязда"

Праўда, толькі ў якасці гледачоў. Маладыя артысты сталі пераможцамі конкурсу кавер-версій песні "Tіme", які зладзілі Белтэлерадыёкампанія і афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі на конкурсе, дуэт Uzarі & Maіmuna.

З дзясяткаў дасланых версій кампазіцыі, якую перапявалі наноў аматары і прафесійныя музыкі з Беларусі, а таксама Украіны, Італіі, ЗША і нават Аўстраліі, спявак Юзары і скрыпачка Маймуна адабралі толькі 11 найлепшых. На пераасэнсаванне песні і запіс адметнай аранжыроўкі ахвотным, дарэчы, быў адведзены цэлы месяц, але гродзенскі музычны калектыў даслаў сваю заяўку літаральна ў апошні дзень і, што называецца, паспеў ускочыць у апошні вагон. Менавіта варыянт песні, запісаны гуртом Pіtch Mode разам з вакалістам пад сцэнічным імем Break The Sadness, найбольш спадабаўся радыёслухачам, якія вызначалі пераможцу конкурсу SMS-галасаваннем.

Гродзенскія музыкі ў выніку атрымалі галоўны прыз - 2 білеты на першы паўфінал "Еўрабачання-2015" 19 мая, у якім якраз і выступяць беларускія ўдзельнікі. Усяго ж, нагадаем, сёлета ў юбілейным 60-м песенным шоу, якое пройдзе пад дэвізам "Узводзячы масты", бяруць удзел прадстаўнікі 40 краін свету.

Тым часам падрыхтоўка да конкурсу набірае абароты. Ужо сёння ў Рызе адбудзецца прома-канцэрт, прысвечаны 60-годдзю "Еўрабачання". 24 красавіка запланаваны вялізны гала-канцэрт з удзелам 10 сёлетніх канкурсантаў (у тым ліку беларусаў), а таксама "зорак" шоу розных гадоў. Яшчэ два афіцыйныя маштабныя прома-мерапрыемствы адбудуцца ў Амстэрдаме (18 красавіка) і Лондане (26 красавіка).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.