"Музеум" - тэлехрам муз

23.11.2002
"Культура", 23 - 29 лістапада 2002 г.


Сёння, калі на беларускіх тэлеканалах паменела перадач, прысвечаных культуры, асабліва прывабліваюць праграмы, што вядуць расповед пра адвечнасць прыгажосці і гармоніі. Тэлепраграма "Музеум" Першага нацыянальнага канала прыцягвае гледачоў не толькі цікава пададзеным матэрыялам, глыбокім зместам, але і гучаннем беларускай мовы, мовы тытульнай нацыі краіны, якую чуць на беларускай тэлепрасторы і ў радыёэфіры даводзіцца чамусьці ўсё радзей. Пра гісторыю стварэння перадачы "Музеум" і яе тэлежыццё расказвае аўтар сцэнарыяў і кіраўнік праграмы Ганна ФУРС.

- Праграма "Музеум", якая выйшла ў эфір амаль год таму, была задуманая як своеасаблівая мастацкая тэлеэнцыклапедыя шэдэўраў беларускай культуры. Героі перадач - самыя розныя творы мастацтва, рэчы, нават з'явы, якія ўваходзяць у кантэкст паняцця "беларуская культура" ў яе спалучанасці з сусветнай культурай.
Напачатку меркавалася, што "Музеум" зробіцца як бы навукова-папулярным цыклам. У першых выпусках мы расказалі пра гісторыю твораў і з'яў з дапамогаю абазнаных людзей, якія прычыніліся да іх вывучэння і захавання. Але паколькі чалавеку-даследчыку важныя нейкія менавіта канкрэтныя моманты, праграма ў нечым стала нагадваць адукацыйную, амаль што ўрок. Пераважала апавядальнасць, бракавала займальнасці, інтрыгі, якія заўсёды прыцягваюць гледача. Пазней аўтарская група адмовілася ад гэтага сюжэтнага ходу і пачала будаваць праграму як аповед пра той ці іншы шэдэўр толькі з закадравым тэкстам, дзе ёсць свая драматургія.
Адпаведна адбыліся змены ў відэарадзе, па-іншаму прадстаўляюцца шэдэўры, якія захоўваюцца ў музеях. Напрыклад, мы цяпер, паказваючы рэч, дадаем здымкі месца яе ўзнікнення, бытавання або месца, звязанага з яе гісторыяй. У тэксце і ў відэрадзе даём акцэнты на тых загадках, якія заўсёды паўстаюць пры сустрэчы з шэдэўрам.
Мы імкнёмся да таго, каб паказ і расповед даносілі патаемную сутнасць таго, што мела прычыну зберагчыся праз стагоддзі і варта нашай увагі, захаплення і клопату. Бо тое, пра што мы гаворым, існуе, можна сказаць, па-за часам, сутнасць яго няўлоўная, як імгненне, якое акумулюе жыццё.

- Хто разам з вамі ў камандзе "Музеум"у?

- Над праграмай зараз працуюць разам са мной рэжысёр Галіна Самойлава, аператар Віталь Шхіньян, асістэнт рэжысёра Людміла Лісоўская. Праграма выходзіць пад кіраўніцтвам дырэктара Дырэкцыі мастацкага вяшчання Людмілы Барадзіной.
Хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці супрацоўнікам нашых музеяў, навукоўцам, проста людзям, захопленым нашаю спадчынай, якія шчыра дзеляцца ведамі пры падрыхтоўцы сцэнарыя.

- Як нарадзілася ідэя стварэння "Музеум"у?

-Я, увогуле, пачынала сваё працоўнае жыццё ў музеі старажытнай беларускай культуры, бо па адукацыі я мастацтвазнаўца, скончыла аспірантуру па тэматыцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Да "Музеум"у я працавала разам з калегамі над праграмай "Беларускі мерыдыян", потым - над "Нашым краем", якая выходзіла штотыднёва. Гэта былі тэлеперадачы, звязаныя з гісторыяй памятных мясцін Беларусі. А потым кожны з творчай групы вырашыў паспрабаваць свае сілы і напісаць новы праект. Нехта распрацоўваў праграму пра гісторыю прамысловасці ці развіццё банкаўскай сістэмы ў Беларусі. Я ж распрацавала сцэнарый, які прадстаўляу партрэты знакамітых людзей Беларусі. Ідэя, так бы мовіць, абрасла новымі знаходкамі, стварылася дырэкцыя, і праграма набыла новы імідж.
Кожнаму з нас Богам дадзена жыць на нейкім адрэзку, кавалачку, у краіне, якая з'яўляецца нейкай нашай нішай на зямлі і ў Свеце. Вось толькі тут мы можам сябе выявіць. Мне падаецца, што чалавек Свету - якраз той, хто усведамляе, што ён нарадзіўся тут і добра адчувае каштоўнасці менавіта гэтага месца, і які іх цэніць і шануе праз усё жыццё. Пазіцыя чалавека, які кажа: мне аднолькава добра ўсюды, я ўсюды ўсё люблю, мне не зразумелая. Відаць, для мяне Свет інакш адкрываецца. Я пазнаю іншыя народы, іншыя з'явы толькі праз сваё, роднае, крэўнае, карані якога - у гэтай, маёй зямлі.Толькі праз любоў да сваіх блізкіх можна палюбіць і людзей па-за межамі сваёй кватэры, па-за межамі сваёй краіны.
А назву праграмы падказаў часопіс "Музеум", які выходзіў пад эгідай ЮНЕСКО. У ім апісваліся вельмі цікавыя з'явы сусветнай культуры. Былі выпускі, прысвечаныя, напрыклад, цыганам альбо нейкаму аднаму традыцыйнаму рамяству. Гэта падказала думку, што для паказу ў праграме трэба браць з'явы вельмі важкія для нас, для краіны, для нашай культуры. "Музеум" - гэта адна з назваў музея, велічнага, сусветнага. Яна паходзіць ад грэчаскага слова "музеон," што азначае храм муз. Мне ўяўлялася, што гэта будзе наш, так бы мовіць, тэлехрам. Зараз, праўда, я больш схільная лічыць яго тэлеэнцыклапедыяй, якая распавядае пра музейныя рэчы ці з'явы, надзвычай важныя для нас. Што я маю на ўвазе?
Ёсць нейкія сусветныя, глабальныя, нават касмічныя рэчы, звязаныя з паняццямі любові, гармоніі, прыгажосці. Праз гэтыя рэчы нам дадзена Богам пазнаваць духоўныя законы. Кожны раз, звяртаючыся да іх, мы адкрываем праз іх нешта новае. Таму яны і захоўваюцца цягам стагоддзяў. Якім цудам збярогся, скажам, алтар сярэдзіны XVII стагоддзя ці алтарная карціна? Пра гэта ідзе расповед у перадачы "Пакланенне вешчуноў". Я часта паўтараю такія словы: гэта Боская апека, воля Бога, каб тая ці іншая рэч захавалася і ў нас час ад часу ўзнікала патрэба прычынення да яе, каб час ад часу мы ў яе ўглядаліся. Такая філасофская, калі казаць трошкі ўзвышана, канцэпцыя нашай праграмы.

- Ваша праграма, адзначаюць гледачы, нясе шмат цікавай, пазнавальнай інфармацыі. Адкуль вы яе чэрпаеце?

- Я ўдзячная музейным супрацоўнікам, бібліятэчным работнікам, якія дапамагаюць у маёй працы. Дарэчы, я заўсёды ў праграмах раблю спасылкі на тыя ці іншыя публікацыі. Вельмі значную работу праводзіць рэжысёр. I, вядома, насычаюць інфармацыяй праграму нашы госці, удзельнікі перадач, своеасаблівыя гаспадары прэзентуемых рэчаў. Мы часта запрашаем на экран гасцей, трымаемся гэтага прынцыпу, бо наша перадача - акадэмічная. Маецца на ўвазе акадэмічная, ці, больш дакладна, класічная форма тэлеаповеду.

- Над якімі тэмамі вы працуеце зараз?

- Для мяне было нечакана, калі наша творчая група наведала Ашмяны, пачуць ад супрацоўнікаў мясцовага музея, што яны з цікавасцю глядзяць нашу перадачу. Ім, напрыклад, спадабаўся тэлеаповед "Культавыя валуны Браслаўшчыны". I гэта мяне проста акрыліла. У мяне ёсць нейкае прыцягненне, відаць, чыста нацыянальнае, да камянёў, да легенд і паданняў пра іх. Нашай творчай групе нішто не замінае блукаць па лясах і палях і шукаць камяні. У нашых планах - стварыць цэлы серыял пра культавыя камяні Беларусі. Я раней працавала над перадачай пра беларускі Стоўнхендж на Віцебшчыне, хачу зноў туды вярнуцца. Мяне цікавіць і архітэктура, гісторыя яе асобных помнікаў. Хутка выйдзе перадача пра вельмі цікавы абраз "Троіца старазапаветная" з вёскі Дастоева. Тэлеперадача пра маляваныя дываны з калекцый Заслаўскага музея старажытнабеларускай культуры. Я карысталася публікацыяй журналісткі "Культуры" Святланы Ішчанка пры стварэнні перадачы пра рэдкую кнігу - "Гіпіку, альбо Кнігу пра коней" Крыштафа Мікалая Дарагастайскага, за што я вельмі ўдзячная аўтарцы. Колісь мы зрабілі перадачу пра слуцкія паясы. Зараз пачынаем працу над праграмай пра ўрэцка-налібоцкае шкло. У нас ёсць такі шэдэўр, як пераклад "Фауста" Гётэ, які зрабіў Васіль Сёмуха. Гэта, безумоўна, вартае перадачы.
Таксама ў нашых планах з'ездзіць у Крашын і пасля паказаць людзям знакамітую жырандоль Паўлюка Багрыма. Глядзіш на яе - і чуеш патаемную, неразгаданую мелодыю...
Планаў, як бачыце, нямала. Застаецца адно: ажыццяўляць іх.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА.