Модны адпачынак са "Сталіцай"!

19.04.2013
"Звязда", 19 красавіка 2013 г.


Усе мы любім адпачываць. Адна з распаўсюджаных формаў адпачынку - турызм. Турызм выдатны тым, што кожны знаходзіць у ім тое, што жадае. Камусьці падабаюцца горы, камусьці рэкі, хтосьці любіць адпачываць на пляжы, а іншыя - выпрабоўваць сваю сілу ў водных, аўтамабільных, веласіпедных і пешаходных паходах, падарожжах і экскурсіях. У рубрыцы "Тур па Беларусі", якая выходзіць у суботу і нядзелю, вядучы Ігар Емельяновіч раскажа пра цікавыя мясціны роднай краіны.
Кожны будны дзень Алена Давыдава ў рубрыцы "Культпаход" знаёміць аўдыторыю з культурнымі падзеямі ў сталіцы: што паглядзець, паслухаць, што наведаць. А таксама з культурнымі анонсамі спектакляў тэатраў, фільмаў у кінатэатрах, мастацкіх выстаў, канцэртаў, імпрэз, прэзентацый, каб слухач быў у курсе цікавых культурных падзей.
З надыходам кожнага новага сезона ў многіх пачынаецца паніка - што будзе актуальна, з чым насіць тую ці іншую рэч і, нарэшце, дзе гэта купіць, каб не аддаць усю зарплату за ўльтрамодныя навінкі? Рубрыка "Модныя тэндэнцыі" аўтара і вядучай Алы Рыжэвіч падзяляе вашу цягу да моды і прапануе рацыянальны падыход да шопінгу. А таксама кожную нядзелю зранку дае слушныя парады, якія і дапамогуць вам скласці модны вобраз.
Кінастужкі. Чорна-белыя і каляровыя. Заслужаныя і прэм'ерныя. Дакументальныя і фантастычныя. Яны такія розныя! Але ў аўтарскай рубрыцы Марыны Савіцкай "Стоп-кадр" знойдзецца месца кожнай. Увечары па выхадных.