Млечным Шляхам Кузьмы Чорнага

08.05.2014
По сообщению zviazda.by, 8 мая 2014 г.

 
Гэтымі днямі мы ўсё часцей згадваем тую дату, якая для нас з'яўляецца сімвалічным падзелам паміж жыццём і смерцю, свабодай і нявольніцтвам. 70-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вяртае нас да мінулых суровых падзей, будзіць сумленне, а яшчэ спараджае шчырыя дыялогі альбо ціхі невыказны сум. Ён генетычна ўласцівы беларусам, бо мы на той страшнай вайне згубілі кожнага трэцяга, і ў кожным беларускім родзе - свой досвед вайны.
У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектаклей і пастановак паводле мастацкіх твораў пра вайну. І ў гэтым "ваенным летапісе" можна знасці імёны многіх беларускіх класікаў: І. Мележа і В. Быкава, І. Шамякіна і А. Адамовіча, К. Губарэвіча і І. Чыгрынава, М. Стральцова і А. Дударава. Спіс можна працягваць. Варта проста ўсвядоміць натуральнасць гэтай тэмы для розных пакаленняў беларускіх творцаў.
Некалі Віктар Астаф'еў заўважыў, што "ўсё лепшае ў літаратуры аб вайне створана тымі, хто ваяваў на перадавой". Васіль Быкаў яму адказаў: "Увогуле гэта справядліва, хоць я б не сцвярджаў так катэгарычна, згаджаючыся, аднак, з той часткай сцвярджэння, што асабісты вопыт вайны тут нельга замяніць нічым".
Кузьма Чорны задуму свайго рамана "Млечны Шлях" сфармуляваў як "беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у часе Айчыннай вайны". Пісьменнік закончыў гэты твор незадоўга да сваёй смерці, у год вызвалення Беларусі. Праз 70 гадоў упершыню паводле рамана здзейснена радыёпастаноўка.
9 і 10 мая на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў праекце "Тэатр Беларускага радыё" слухайце радыёспектакль у 2 частках "Млечны Шлях" паводле аднайменнага рамана К. Чорнага. Аўтар інсцэніроўкі для радыё П. Васючэнка, музыка кампазітара У. Саўчыка, рэжысёр А. Вінярскі, гукарэжысёр В. Бяляеў, рэдактар і кіраўнік праекта Г. Шаблінская. Ролі выконваюць: народны артыст СССР Г. Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі В. Манаеў, А. Памазан, М. Захарэвіч, М. Кірычэнка, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь А. Душачкін, У. Мішчанчук, артысты А. Гарцуеў, А. Ждановіч, А. Крывашэй.
Разам з удзельнікамі пастановачнай групы згадаем зараз, як рыхтавалася прэм'ера радыёспектакля "Млечны Шлях" паводле аднайменнага рамана Кузьмы Чорнага.

Пятро Васючэнка: - Чорным я займаўся даўно, не толькі інсцэніраваў "Млечны Шлях". Хаця галоўны ўнёсак у яго вывучэнне зрабіў у свой час А. Адамовіч, які адкрыў К. Чорнага не проста як майстра беларускай літаратуры, а майстра сусветнага значэння, які, будучы ўдзельнікам вайны, пісаў для чытачоў ХХІ стагоддзя. Бо толькі цяпер мы як след можам зразумець яго твор "Млечны Шлях". Гэта абсалютна еўрапейскі кароткі раман з вялікай канцэнтрацыяй зместу.
Сапраўды, у гэтым юбілейным годзе шмат што сышлося: і 100-годдзе Першай сусветнай вайны, пра якую Чорны таксама пісаў у рамане "Пошукі будучыні", і вяртанне пісьменніка ў 1944 годзе ў халодны і галодны Мінск, дзе ён ледзьве паспявае завяршыць раман "Млечны Шлях", канцоўку ўжо ў канспектыўнай форме. Памятаючы яго тастамент, сказ з дзённіка, напісаны за паўгадзіны да смерці: "Божа, напішы за мяне мае раманы...", вядома, з трапятаннем бярэшся за такі складаны для інсцэніроўкі матэрыял. І вельмі добра, што Беларускае радыё ажыццявіла гэты пастановачны праект. У нечым воля Кузьмы Чорнага выканана ўсім творчым калектывам, які працаваў над спектаклем.

Галіна Шаблінская: - У радыёп'есу "Млечны Шлях" вамі ўведзены вобраз аўтара К. Чорнага. З'яўленне постаці пісьменніка як дзеючай асобы дапамагло вырашыць асноўную ідэю твора?
Пятро Васючэнка: - Я спрабаваў уявіць сабе, як жыве аўтар у вызваленым Мінску, а яму было няпроста ў гэты час, пра што сведчаць дзённікавыя запісы, што я часткова выкарыстаў, малюючы вобраз пісьменніка. Атрымаўся такі раман у рамане. І сам аўтар, і стварэнне "Млечнага Шляху" на нашых вачах: роздум пра лёс чалавецтва, лёс цывілізацыі, унутраны дыялог, які вёў сам з сабою вялікі майстар пяра з думкаю пра Беларусь сярод еўрапейскіх суседзяў, пра будучыню.

Галіна Шаблінская: - Філасофія вайны была разгледжана і вырашана беларускім аўтарам у 1944-м годзе. Ён не ведаў, як будуць далей развівацца падзеі, але сіла таленту была такая, што, аказалася, пісьменнік усё прадбачыў...
Пятро Васючэнка: - Матэрыял для інсцэніроўкі вельмі складаны. Гэта ўсё-такі проза, прычым густая, насычаная маналогамі-споведзямі герояў, калі яны спавядаюцца перад маленькай дзяўчынкай Ганусяй. І давялося шчыльна папрацаваць.

Галіна Шаблінская: - Спецыяльна для радыёспектакля "Млечны Шлях" кампазітарам Уладзімірам Саўчыкам была напісана музыка. Што было важна сказаць слухачу музычнай мовай?
Уладзімір Саўчык: - Я быў уражаны глыбінёй рамана і адкрытасцю пачуццяў. Прычым, па-дастаеўску згушчаных. Гэта мяне настолькі натхніла, што я напісаў сімфонію. Яна складаецца з 4 частак і вымалёўвае і характары герояў, і характар сітуацыі, і сам дух рамана. З першых нот вы пачуеце святло Млечнага Шляху, які пасылае сваю нябесную мелодыю на Зямлю, ён размаўляе з намі моваю нашых продкаў і вечнасці і падтрымлівае нас, і штосьці раіць нам ды падказвае.
Мне было важна перадаць інтанацыю сардэчнасці, спавядальнасці аўтара, якая ёсць у Чорнага. Калі ўважліва прачытаць раман, то адчуеш, што аўтар як бы спавядаецца перад Усявышнім, перад кожным з нас. І для кампазітара гэта дае незвычайную форму выказвання, пранікнёнасці, даходлівасці да сэрца: музыка павінна ісці ад сэрца да сэрца, як і кожнае слова рамана. Складана выбудаваныя характары, глыбокі канфлікт у сітуацыі, калі вайна і жыццё і смерць - усе сплецена ў адзін вузел... Гэта вельмі цікавы матэрыял для кампазітара.

Галіна Шаблінская: - А яшчэ згадаем пра тое, што галоўныя дзеючыя асобы рамана - прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, розных краін. Як гэта адлюстравалася ў музычнай характарыстыцы персанажаў?
Уладзімір Саўчык: - Як кампазітар, шукаў розныя музычныя фарбы і для чэха, і для паляка, і для немца, і для беларуса Уладзіміра Ярмаліцкага. А разам яны быццам шматколерная вясёлка, якая ўзыходзіць над усёй зямлёй пасля навальніцы...

Галіна Шаблінская: - Пяць гадоў таму на Беларускім радыё адбылася прэм'ера радыёспектакля "Пастка" паводле аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. І вось сёння пастаўлены яшчэ адзін твор пра вайну - "Млечны Шлях" Кузьмы Чорнага. Рэжысёр - Алег Вінярскі. Чым захапіла новая работа? Ці сталася яна прынцыпова новай для рэжысёра?
Алег Вінярскі: - Рэжысёрская мэта гэтай работы для мяне была ў тым, каб зрабіць сімвалічны радыёспектакль. Таму што, па-першае, усе персанажы - сімвалы. Месца дзеяння - таксама сімвалічнае. Мы ведаем, што гэта Беларусь, але падобнае магло адбывацца і ў іншай дзяржаве. Але чамусьці ў беларускую хату прыходзяць усе героі - замежныя госці. Чаму? А таму, што міратворчая беларуская зямля заўсёды збірала пад сваімі дахамі людзей, якія хацелі далучыцца да сусветнай ідэі раўнапраўя народаў. Калі ўсе людзі -адна нацыя. І ў спектаклі такую ролю выконваюць беларуская дзяўчынка Гануся, яе бацька навуковец Сямага, студэнт Уладзімір Ярмаліцкі. Дзякуючы іх адкрытасці, чысціні, веры ў сапраўдную ісціну - адкрываюцца душы астатніх персанажаў, змучаных і змардаваных вайной, згубіўшых усялякую надзею і сябе таксама. Мне здаецца, Чорны супрацьпаставіў тут адзін сусвет - катастрофы, трывогі, страху - і другі, з якім мы кожны дзень сустракаемся - шчасця, мірнага жыцця, якое павінна быць для чалавека самым галоўным. І вось на мяжы гэтых двух сусветаў і адбываюцца ў нашым спектаклі гэтыя экспрэсіяністычныя падзеі. Сённяшнія тэхнічныя магчымасці абноўленых студый Дома радыё дазваляюць зрабіць і адпаведную гукавую карціну.
А што такое Млечны Шлях для кожнага з герояў? Гэта свой жыццёвы шлях, свая ісціна. І калі яны аб'ядноўваюцца, мы бачым сусветнае адзінства, сусветную мару чалавека пра шчасце. І гэта мне хацелася паказаць у спектаклі на падставе філасофскіх абагульненняў Чорнага, яго маштабу мыслення, яго такой дзёрзкай мары, што беларуская нацыя будзе жыць дастойна ў ХХІ стагоддзі разам са сваімі суседзямі.

Галіна Шаблінская: - Паслухаем зараз акцёраў, якія былі заняты ў спектаклі, у кожнага з іх свая філасофія ролі. Напрыклад, Андрэй Душачкін сыграў чэха Эдварда Новака, Віктар Манаеў - беларускага студэнта Уладзіміра Ярмаліцкага, Уладзімір Мішчанчук - немца. 

Андрэй Душачкін: - Я хачу сказаць, што гэта вельмі сур'ёзная прэм'ера, якую мы падрыхтавалі. Напэўна, нездарма Чорны аб'яднаў лёсы самых розных людзей, прадстаўнікоў розных народаў. Для мяне гэты матэрыял - не што іншае, як шлях людзей да Бога: праз вайну, праз гора, праз тыя абставіны, калі чалавек губляе сябе, але героі гэтага твора сябе знаходзяць, кожны па-свойму.
Мой персанаж - Эдвард Новак, чэх, доктар са сваім лёсам, які знаходзіць сябе ў любові, у шчырым імкненні выратаваць дзяўчынку Марыну, у жаданні вызвалення сваёй краіне. А яшчэ як акцёру мне было вельмі цікава працаваць у транскрыпцыі чэшскай мовы ў суаднясенні з беларускай. Гэта своеасаблівая мелодыка. Мы з рэжысёрам знайшлі інтанацыю майго героя, яго шчырасць, яго боль. Ведаеце, для мяне ў гэтым творы адкрылася такое прачытанне тэмы Вялікай Айчыннай вайны, якое ідзе практычна ва ўнісон з Адамовічам, з Быкавым. Гэта тая ж глыбіня думкі, такі ж сур'ёзны філасофскі погляд на ваенную тэму. І я вельмі рады, што гэтым спектаклем пачынаецца новы шлях Чорнага ў беларускай культурнай прасторы, на Беларускім радыё.

Віктар Манаеў: - Сутыкненне са словам, самабытным словам Чорнага, пашырае і твой чалавечы дыяпазон, і акцёрскі, і нават грамадскі. Бо, на жаль, у штодзёным жыцці мы з-за мітусні не так часта звяртаемся да класікі. Я думаю, пасля гэтага спектакля шмат у каго ўзнікне жаданне адгарнуць кнігу прозы Кузьмы Чорнага. Надзвычайнае беларускае слова, не падобнае да іншых. Яго не зблытаеш ні з кім. І не толькі слова, а псіхалагічная глыбіня. Маналогі майго героя - гэта цуд! Для акцёра такі матэрыял - як падарунак лёсу. І такі кранальны фінал...
Сапраўды, чым глыбей мастацкі твор, тым ён вышэй паэтычна. Вобразнасць Млечнага Шляху - яго вечнасць, бясконцасць і недарэчнасць вайны, якая агульнае зло для ўсіх. Сам запіс спектакля ў радыёстудыі нагадваў здымкі мастацкага кіно. Я цяпер успамінаю - усё было так грунтоўна і падрабязна, мы працавалі над гукавымі эфектамі...

Уладзімір Мішчанчук: - Я думаю, мы зрабілі добрую справу найперш для моладзі, для падлеткаў. Калі яны пачуюць нашу пастаноўку, яна застанецца ў іх сэрцах. Таму што ўсё зроблена з вялікай любоўю і гонарам за нашу радзіму, за наш народ. Хто толькі не таптаў нашу Беларусь, але яна выстаяла і па сёння з'яўляецца прыкладам у адносінах да Яго Вялікасці Чалавека, да яго сутнасці. І ўсё гэта ёсць у творы Чорнага, па якім пастаўлены радыёспектакль "Млечны Шлях".
Тое, што я сыграў у гэтым спектаклі ролю немца, для мяне непрывычна. І я хваляваўся, шукаў разам з рэжысёрам адпаведныя рашэнні гэтага няпростага вобраза. Праблемы, якія падняў некалі Чорны ў сваім творы, актуальныя і сёння.

Галіна Шаблінская: - Давайце абагульнім вобраз Млечнага Шляху, які вынесены Чорным і ў назву твора, і праходзіць, як галоўны вобраз, праз увесь раман і праз наш спектакль...

Пятро Васючэнка: - Я згодны з думкаю, што ў нейкім сэнсе Млечны Шлях з'яўляецца ўвасабленнем шчасця. Нашы продкі ў свой час лічылі, што Млечны Шлях - гэта дарога, якая вядзе ў вырай. Па якой накіроўваюцца птушкі кожную зіму і па якой калі-небудзь накіруюцца туды і чалавечыя душы, і добрыя, і не вельмі. Млечны Шлях - гэта тое, што аб'ядноўвае не толькі ўсіх персанажаў твора, але і тых беларусаў, якія жылі за часам вайны, часам Кузьмы Чорнага і нас, сучаснікаў, паколькі "ўсе мы глядзім на зоры адны і тыя ж", як кажуць героі рамана. Млечны Шлях, безумоўна, - сімвал, які мае шмат значэнняў. Гэта, на маю думку, адрас - Зямля ў сусвеце. Калі б мы накіроўвалі ліст да прадстаўнікоў іншых цывілізацый, як бы мы напісалі адрас? Беларусь, планета Зямля, Сонечная сістэма, Галактыка, Млечны Шлях.

Галіна ШАБЛІНСКАЯ.