Мелодыі на скрыжаваннях Еўропы

24.05.2003
"Культура", 24 - 30 мая, 2003 г.


Тэлефэст "На скрыжаваннях Еўропы" існуе друті год. За гэты час яго ўпадабалі гледачы - аматары сучаснай музыкі, якія сочаць за з'яўленнем адметных талентаў на небасхіле айчыннай эстрады. Пра тое, як развіваецца тэлепраект, пра новыя планы распавядае генеральны дырэктар канцэртна-прадзюсерскай дырэкцыі Першага нацыянальнага тэлеканала Геральд АВАКАЎ.

- На самым пачатку тэлевізійны фэст ладзілі Белтэлерадыёкампанія, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Палац Рэспублікі. Зараз праект цалкам ажыццяўляе БТ. Яно нясе і ўсе выдаткі па ягоным правядзенні. А трэба зазначыць, што гэта дарагі праект. Мы меркавалі, як зрабіць больш таннай рэалізацыю праграмы, шукалі розныя варыянты. Была думка адмовіцца ад арэнды вялікай залы Палаца Рэспублікі і перайсці ў больш таннае памяшканне, аднак кіраўніцтва Бэлтэлерадыёкампаніі, яе старшыня Ягор Рыбакоў не пайшлі на гэта, разумеючы, што выступленні на лепшай сцэне краіны даюць магчымасць нашым спевакам выявіць свой талент найболыш ярка. Дзеля фінансавай падтрымкі праекта праводзім камерцыйныя мерапрыемствы і за кошт атрыманых сродкаў пакрываем выдаткі. Першай такой ластаўкай стаўся канцэрт, дадзены расійскім музычным гуртом "Лесапавал" у Палацы Рэспублікі пры нашым садзейнічанні. Зараз мы перайшлі на новую сетку і ажыццяўляем штотыднёвы паказ удзельнікаў тэлефэсту. Праграма ідзе па суботах, па пятніцах транслюецца паўтор. Усе, хто жадае выступіць на вялікай сцэне, атрымліваюць такую магчымасць. Нават тады, калі выканальніцкі ўзровень спевака, як кажуць, не дацягвае, мы не адмаўляем, а просім звярнуць увагу на тую або іншую дэталь ягонага выступлення, ці памяняць стыль або песню. Як, пэўна, заўважылі гледачы, у нас рэгулярна, на кожным запісе прысутнічаюць дэбютанты, а таксама беларускія эстрадныя зоркі. Я лічу, што калі спявак шмат выступае на малых сцэнах і зусім не ўдзельнічае ў эстрадных шоу на вялікіх сцэнах, ён не здольны як след вырасці творча.

- Магчымасць выступаць нашым эстрадным спевакам прадастаўляецца бясплатна?

- Так, бясплатна. Яшчэ раз падкрэсліваю: усе выдаткі нясе Белтэлерадыёкампанія. Мы плоцім за святло, гук, аплочваем залу, запрашаем вядомых вядучых Алену Спірыдовіч і Сяргея Кузіна, высока прафесійных рэдактараў. Наш праект прадугледжвае таксама наладжванне ў летні перыяд гастроляў. Ужо прыйшлі заяўкі з Ліды, Магілёва з прапановай, каб удзельнікі тэлефэсту далі там канцэрты. Абраны намі шлях дапамагае станаўленню талентаў і развіццю нашай эстрады. Колішнія шчыльныя кантакты паміж спеваком і кампазітарам разбураюцца. Каб артыст выканаў твор таго альбо іншага кампазітара, трэба набыць гэты твор. Мы ж стараемся стварыць такія ўмовы, каб нашы кампазітары, якія жадаюць чуць свае песні з тэлеэкранаў, прапаноўвалі іх выканаўцам, у межах нашага праекта, бескарысліва. Нельга не зважаць і на тое, што фэст "На скрыжаваннях Еўропы" - адзін з трамплінаў трапіць на Еўрабачанне. У межах нашага фэсту пройдзе нацыянальны адборачны тур. Будзе выбірацца песня, а не выканаўца. Хто яе выканае, той і паедзе на конкурс Еўрабачання. Паводле яго правілаў, Белтэлерадыёкампанія адзіная ў Беларусі мае мандат на правядзенне гэтых мерапрыемстваў. Вядома, пры правядзенні нацыянальнага адборачнага тура мы будзем супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі арганізацыямі, у першую чаргу з Міністэрствам культуры.

- Калі пройдзе гэты адборачны тур і паводле якіх правілаў? Як вядома, 24 мая а 19-ай гадзіне адбудзецца прамая трансляцыя конкурсу Еўрабачання са сталіцы Латвіі - Рыгі.

- Паводле правілаў Еўрабачання, усееўрапейскі конкурс праводзіцца на наступны год у той краіне, песня якой перамагла ў мінулым. Пасля падвядзення вынікаў праз некалькі месяцаў Еўрапейскі Саюз абвесціць пра парадак правядзення конкурсу Еўрабачання ў 2004 годзе. Прыкладна ў жніўні мы плануем сумесна з Міністэрствам культуры абвясціць пра стварэнне журы, якое будзе адбіраць песні на нацыянальны конкурс. Усе, хто пажадае ўдзельнічаць, могуць дасылаць свае песні. Паводле правілаў Еўрабачання, а яны даволі жорсткія, журы складаецца з васьмі чалавек - чатырох прафесіяналаў і чатырох грамадскіх дзеячаў. Прычым, з гэтай кожнай чацвёркі - два чалавекі старэйшыя за трыццаць гадоў, а два - маладзейшыя за трыццаць гадоў. Такім чынам, яны прадставяць усе ўзроставыя слаі насельніцтва. Журы вызначыць лепшага з дваццаці пяці ўдзельнікаў нацыянальнага тура. Відаць, пройдзе ён у Палацы Рэспублікі, адтуль адбудзецца прамая трансляцыя. Гэта будуць 50 працэнтаў ад усіх патрэбных галасоў. Другая палова вызначыцца шляхам інтэрактыўнага апытання насельніцтва. I толькі пасля падвядзення вынікаў апытання журы і насельніцтва будзе вызначана песня-пераможца, якая і паедзе на конкурс Еўрабачання.

- На якой мове павінна гучаць песня на конкурсе Еўрабачання?

- Паводле, зноў-такі, правілаў Еўрабачання, песню можна выконваць на любой мове. Аднак, каб яе зразумелі, лепей спяваць па-англійску або па-французску. Наш вакаліст можа частку песні выканаць на сваёй роднай, беларускай мове, а частку - на англійскай ці той жа французскай. Існуе таксама дзіцячы варыянт Еўрабачання. Мы далі заяўку на ўдзел у ім. У нас тут вельмі вялікія шанцы, бо тэлефэст "Сузор'е надзей", які праводзіць Белтэлерадыёкампанія, знайшоў шмат юных талентаў, здольных заняць там годнае месца. Белтэлерадыёкампанія імкнецца падняць на дастаткова высокі ўзровень менавіта тэлефэст "На скрыжаваннях Еўропы", каб не толькі выяўляць новыя таленты, але і садзейнічаць развіццю нашай песні. Традыцыйна напрыканцы года мы праводзім выніковы запіс. Вызначаюцца лепшыя спевакі, лепшая песня. Лаўрэатам уручаецца наш арыгінальны прыз, прыдуманы рэжысёрам Валерыем Пеставым у выглядзе "нулявога кіламетра", які сімвалізуе сабой цэнтр Еўропы.

- Як вядома, на нашым тэлефэсце выступае шмат выканаўцаў з розных краін Еўропы.

- Мы рэгулярна запрашаем замежных артыстаў. У нас выступалі спевакі і музыканты з Польшчы, Галандыі, Германіі, Прыбалтыкі. Іх водгукі аб фэсце вельмі станоўчыя. Яны нават просяць, каб мы зрабілі для іх перазапіс выступленняў, ім падабаецца афармленне сцэны. Дарэчы, у нашых далейшых планах - змена, так бы мовіць, "апраткі" сцэны, якая не мянялася з 2001 года.

- Вы не маеце намеру стварыць на сваёй базе беларускую "Фабрыку зорак"? I ці будуць вашы ўдзельнікі выступаць на Маладзечанскім фэсце нацыянальнай песні і паэзіі?

- Што тычыцца Маладзечанскага фестывалю, дык Першы нацыянальны тэлеканал будзе актыўна працаваць на ім. "На скрыжаваннях Еўропы" і Маладзечанскі фестываль спрыяюць росту нашых талентаў развіццю нашай нацыянальнай музычнай культуры, культуры ў цэлым. А што да ўласнай "Фабрыкі зорак"... У нас ёсць кантакты з маскоўскай. Мы хацелі ў межах нашага тэлефэсту правесці выступленні маладых расійскіх талентаў, для пачатку, так бы мовіць, але не пацягнулі ў фінансавым плане.
 
- А самі арганізаваць штосьці падобнае не маеце намеру?

- Любая копія горшая за арыгінал. Мы можам узяць нешта лепшае ў "Фабрыкі зорак" і рэалізоўваць тут. Скажам, надзвычай плённыя сустрэчы маладых выканаўцаў з кампазітарамі - іх варта ўзяць на заметку. Увогуле ж, у "Фабрыкі зорак" і ў фэсту "На скрыжаваннях Еўропы" - розныя задачы. У нас - фэст, і гэтым усё сказана. А там ідзе паказ працэсу працы. Само сабою, вартыя ўвагі прынцыпы шчыльнага супрацоўніцтва кампазітараў і паэтаў са спевакамі, стварэння сцэнічнага іміджу, давядзення песні да узроўню, якога яна вартая. А яшчэ - вопыт супрацоўніцтва вакалістаў-пачаткоўцаў з зоркамі. Гэты накірунак таксама дастаткова цікавы.

- Што яшчэ будзе зроблена дзеля далейшай "раскруткі" вашага праекта?

- Мы паспрабуем у далейшым дапамагчы нашым зоркам у арганізацыі іх турнэ па Беларусі, Расіі, іншых суседніх краінах. Гэта нялёгка, пакуль мы і самі не вельмі цвёрда стаім на нагах, але спрабаваць будзем.
Вопыт работы паказаў што нам трэба пашыраць узаемадзеянне з калегамі з іншых еўрапейскіх краін. Правялі перамовы ў Польшчы і ў Літве, дамовіліся, што ў бліжэйшы час, яны правядуць свае тэлефэсты і запросяць на іх нашых спевакоў. Яны ўважліва сочаць за нашай працай. Такі ўзаемаабмен узбагаціць нашы стасункі.