Мазырская мiстыка

03.10.2006
"Звязда", 3 кастрычніка 2006 г.


2 снежня на дзiцячым "Еўрабачаннi-2006", што пройдзе ў сталiцы Румынii, беларускiя гледачы будуць падтрымлiваць 10-гадовага мазыранiна Андрэя Кунца. Менавiта ён з песняй уласнага сачынення "Новый день" перамог на адборачным конкурсе.
З кожнага правiла бываюць выключэннi. Iнакш чым растлумачыць, што трэцi год запар фаварытамi глядацкага галасавання робяцца прадстаўнiкi Мазыра? Заўважым, што першае месца сярод дзесяцi фiналiстаў Рэспублiканскага дзiцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання" Андрэю аддалi не толькi гледачы, але i члены прафесiйнага журы, сярод якiх кампазiтар Васiль Раiнчык, спявачка Iна Афанасьева, намеснiк мiнiстра адукацыi Таццяна Кавалёва, кампазiтары Леанiд Захлеўны i Эдуард Зарыцкi. А вось Святлана Стацэнка - мама пераможцы "Еўрабачання-2005" Ксюшы Сiтнiк i мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага цэнтра мастацтва iмя Ул. Мулявiна, салiстам якога з’яўляецца Андрэй Кунец, - была на конкурсе толькi кансультантам, i канчатковы выбар ад яе мала залежаў. Пэўна, справа ўсё ж у тым, што для 10-гадовага артыста цяперашнi адбор - не першае выпрабаванне, i ў ягоным творчым багажы ўжо ёсць Гран-пры конкурсаў "Залатая пчолка" i "Дружба народаў", а таксама першае месца на конкурсе "Зямля пад белымi крыламi".
Цiкава, цi спрацуе "выключэнне з правiлаў" у Бухарэсце, - магчыма, прадстаўнiкам нашай краiны ўдасца двойчы ўзняцца на вяршыню? Зрэшты, арганiзатары дзiцячага "Еўрабачання" заўжды падкрэслiваюць, што гэты конкурс - хутчэй свята сяброўства, чым творчае спаборнiцтва, i ў выйгрышы ў любым выпадку аказваюцца ўсе ўдзельнiкi...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.