Мая краіна - серыял

23.09.2003
"Звязда", 23 верасня 2003 г.


Сёння раніцай на Першым нацыянальным канале ўзяў старт новы - і без перабольшання унікальны - праект "Мая краіна", распрацаваны студыяй "Вока". Асаблівасць праекта ў тым, што далучыцца да яго зможа літаральна кожны жадаючы.
Па-першае, можна дасылаць на адрас тэлестудыі "Вока" незвычайныя жыццёвыя гісторыі - свае ўласныя, некім расказаныя ці нават падслуханыя - і ўдзельнічаць такім чынам у стварэнні сцэнарыя будучага серыяла "Мая краіна". Умова дпя аўтараў толькі адна: галоўнымі дзейнымі асобамі павінны быць маладыя людзі - Ён і Яна. Па-другое, у 18-25-гадовых беларусаў ёсць магчымасць паспрабаваць свае сілы ў якасці акцёра і сыграць гапоўную або эпізадычную ролю. Для гэтага трэба прыйсці на кастынг, які будзе праводзіцца ва ўсіх абласцях рэспублікі і асобна ў Мінску. Па-трэцяе, можна абраць для сябе ролю эксперта - і галасаваць па "гарачай лініі", хто з акцёраў-аматараў сыграў лепш. Такім чынам, на ўсіх этапах стварэння серыяла самі гледачы будуць кантраляваць сітуацыю і дыктаваць умовы - таму кіраўнік праекта "Мая краіна" Іван Пінігін мае ўсе падставы называць серыял "народным".

Увага! Свае рэальныя гісторыі ўсе без выключэння жыхары Беларусі могуць дасылаць на адрас: 220099 Мінск, вул. Брэсцкая, 18, тэлестудыя "Вока", альбо на е-maіl: okotv@tut.by. А больш падрабязна пра гэты праект "Звязда" раскажа ў адным з бліжэйшых нумароў.

Вiкторыя Целяшук.