Маладосць душы ў "Спадчыне"

09.01.2015

"Звязда", 9 студзеня 2015 г.

Новы год ужо распачаўся, а з ім - і фальклорныя вандроўкі ў кампаніі праграмы "Наперад у мінулае". Калі вам не ўдалося паглядзець выпуск любімай праграмы 4 студзеня, то ў бліжэйшую нядзелю, 11 студзеня, будзе магчымасць убачыць паўтор. Пачуць таленавітых людзей з вёскі Вуглы Калінкавіцкага раёна - калектыў "Спадчына" - і даведацца, які выбар зробіць госць праграмы Алена Грышанава.

Напрыклад, чым адметная фальклорная творчасць у вёсцы Вуглы. Дарэчы, сама вёска па пісьмовых крыніцах вядомая з ХVІІІ стагоддзя і не выпадкова носіць такую назву. Некалі тут людзі будаваліся сем'ямі, куточкамі. Тым самым займалі той ці іншы вугал, а вуліцы ад гэтага атрымліваліся вуглаватымі. Вось і далі адпаведную назву паселішчу. Сёння гэта маленькая вёска, дзе жывуць людзі з прыгожымі галасамі, якія могуць не толькі паспяваць, але і жыццёвымі гісторыямі падзяліцца. Калектыў "Спадчына" ўзнік пры аматарскім аб'яднанні, арганізаваным у клубе суседняй вёскі Беразнякі ў 1995 годзе. Самай старэйшай удзельніцы калектыву 85 гадоў - пагадзіцеся, не кожны можа ў такім паважаным узросце захаваць маладосць душы. Песні ўсе запісаны "ад людзей", ад жывых носьбітаў. Мясцовыя бабулі расказваюць, што песня заўсёды суправаджала і дапамагала па жыцці: з ёю і немаўля купалі, і жыта жалі, і Купалле святкавалі, і каравай на вяселле выпякалі. Тэмы таксама розныя: вясёлыя, жартоўныя, а сустракаюцца і сумныя. Перадавалі любоў да песні з пакалення ў пакаленне. Так і захоўваюцца да сёння набыткі песеннай культуры. На Каляды людзі самі збіраюцца, пераапранаюцца і віншуюць іншых. І моладзь, і дзеці маюць магчымасць бачыць і далучацца. Таму вы не губляйце магчымасці пазнаёміцца з гэтым таленавітым калектывам, уключайце "Беларусь 3" 11 студзеня ў 11.55.

А праз тыдзень вас чакае сустрэча і знаёмства з ансамблем "Радуніца" з аграгарадка Козенкі, удзельнікі якога будуць весяліць, дэманструючы ўласныя таленты ў песнях і танцах. А потым прадставяць сваю каверверсію песні з рэпертуару спевака Аляксандра Патліса. Таксама даведаецеся з праграмы пра мясцовыя легенды і паданні. Словам, падарожжа вас не расчаруе. Трэба толькі не забыцца пра эфір праграмы ў нядзелю, 18 студзеня, усё на тым жа канале.