Міжнародная версія тэлебачання ёсць!

28.05.2005
"Культура", 28 мая 2005 г.


Зусім нядаўна, у лютым 2005 года, на Беларусі пачаў дзейнічаць першы спадарожнікавы тэлеканал, які сваім вяшчаннем ахоплівае многія краіны свету. Яго існаванне сведчыць пра высокі, прынцыпова новы ўзровень існавання электронных СМІ ў нашай краіне. Пагадзіцеся, такая амаль рэвалюцыйная падзея заслугоўвае таго, каб падрабязна распытаць пра мэты, задачы, структуру і перспектывы далейшай дзейнасці "Беларусь-ТБ" у яго генеральнага прадзюсера.

- Віктар Уладзіміравіч, калі хто прыняў рашэнне пра стварэнне ў Беларусі спадарожнікавага тэлеканала?
- Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 13 лютага 2004 года было дадзена даручэнне па спадарожнікавым распаўсюджанні праграм Белтэлерадыёкампаніі. А 7 мая 2004 года быў ажыццёўлены ўздым праграмы Першага нацыяльнага тэлеканала на спадарожнік Intelsat 904. Гэты праект, сумесны з міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй "Мір", зрабіўся першым этапам у стварэнні міжнароднай версіі беларускага тэлебачання.

- Скажыце, а якім чынам - чыста тэхнічна - сігнал уздымаюць на спадарожнік?
- Вельмі проста. Дастаўляюць па оптыка-валакне да спадарожнікавай станцыі. Задача заключаецца ў тым, каб сігнал перапрацаваць у сістэму файлаў і па частотным канале, які маецца, адправіць на такі транспартны сродак, як спадарожнік. Для гэтага выкарыстоўвалася спадарожнікавая станцыя тэлекампаніі "Мір". У дадзеным выпадку слова "ўздым" аналагічнае слову "распаўсюджанне".

- Вы так свабодна разбіраецеся ў тэхнічных момантах работы тэлеканала... Вы часам не радыёфізіку заканчвалі?
- Не, я гісторык па адукацыі. Скончыў Гомельскі дзяржаўны універсітэт.

- ?..
- Тэлебачанне - гэта частка творчасці, якая патрабуе сур'ёзнай тэхналагічнай базы. Прынцыпы работы тэлебачання павінен ведаць любы журналіст.

- А што было ў вашым жыцці далей, пасля універсітэта?
- Пасля службы ў арміі тры месяцы працаваў у шматтыражцы "За высокую якасць". Потым дзесяць гадоў - рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання, шэсць гадоў - старшынёй Гомельскай абласной тэлерадыёкампаніі.

- Цікава, а з якой пасады прыходзяць на пасаду генпрадзюсера спадарожнікавага канала?
- У Мінску, у Белтэлерадыёкампаніі быў генеральным дырэктарам дырэкцыі прамаціравання, потым галоўным дырэктарам інфармацыйна-аналітычнага цэнтра і кіраўніком аддзела экспертнай ацэнкі дзейнасці Белтэлерадыёкампаніі.

- Але вернемся да асноўнай тэмы размовы. Як доўга ішла падрыхтоўчая праца (юрыдычная, арганізацыйная), перш чым пачалося вяшчанне на канале "Беларусь-ТБ"? Вопыт і структура спадарожнікавых каналаў якіх краін вывучаліся ў якасці ўзору?
- Уздым версіі праграм Першага нацыянальнага канала, якая прызначалася, скажам так, для ўнутранага спажывання, быў толькі першым этапам. Другім этапам з'яўлялася стварэнне тэлеканала.
Вы правільна пытаецеся наконт юрыдычнага боку справы. Паводле міжнародных норм аховы аўтарскіх правоў, трансляцыя асобных праграм у эфірных і кабельных сетках была абмежавана тэрыторыяй Беларусі. У сувязі з гэтым замежныя тэлегледачы не маглі бачыць мастацкія фільмы, трансляцыі спартыўных і іншых перадач. Стварэнне міжнароднага тэлеканала дазволіла вырашыць многія прававыя праблемы.
14 чэрвеня 2004 года быў створаны Прадзюсерскі цэнтр тэлеканала "Беларусь-ТБ". Найперш для таго, каб працягваць працу па ўключэнні праграм БТ са спадарожніка ў кабельныя сеткі замежных краін, а таксама падрыхтаваць ліцэнзійна вычышчаную версію міжнароднага тэлеканала. У снежні 2004 года Міністэрства інфармацыі афіцыйна зарэгістравала "Беларусь-ТБ" як СМІ на тэрыторыі рэспублікі. Стварэнне новага тэлеканала шмат у чым вызначалася ўзроўнем тэлевяшчання ў Беларусі, вывучаўся вопыт міжнароднага вяшчання Расіі і Украіны.

- У гледачоў якіх краін ёсць магчымасць прымаць перадачы канала "Беларусь-ТБ"?
- Мы маем магчьшасць распаўсюджваць перадачы ва ўсёй зоне вяшчання спадарожніка Intelsat 904: Расіі, Украіне, Казахстане, Літве, Латвіі, Эстоніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Туркменістане, Азербайджане, Грузіі, Арменіі, Узбекістане, Малдове (т. зв. зона ўпэўненага прыёму). Пры дадатковым абсталяванні тэлеканал могуць рэтрансліраваць кабельныя аператары Польшчы, Даніі, Румыніі, Турцыі, Ірака і Ірана.

- Асноўная задача "Беларусь-ТБ", наколькі я разумею, іміджавая, прадстаўнічая...
- Паводле распрацаванай канцэпцыі, "Беларусь-ТБ" - дзяржаўны некамерцыйны канал для замежных тэлегледачоў, найперш для руска- і беларускамоўных жыхароў постсавецкай прасторы, якія жадаюць аператыўна атрымаць усебаковую і дакладную інфармацыю пра нашу краіну. На сённяшні дзень гэта беларускі тэлеканал, які вяшчае за межы краіны і забяспечвае інфармацыйную сувязь этнічных беларусаў з гістарычнай радзімай. Як вядома, за межамі краіны іх пражывае да 1 мільёна 420 тысяч. У тым ліку ў адной толькі Расіі - больш за 800 тысяч чалавек, на Украіне - каля 448 тысяч, 96 тысяч - у Латвіі, 95 тысяч - у Казахстане, 54 тысячы - у Літве, 48 - у Польшчы, па 20 тысяч - у Эстоніі і Малдове.

- Ці можаце вы больш-менш дакладна сказаць, якіх памераў глядацкую аўдыторыю ахоплівае канал? Ці існуюць спосабы "замеру" аўдыторыі?
- Аўдыторыя канала - гэта, найперш, этнічныя беларусы, пра якіх я ўжо згадваў. Акрамя таго, грамадзяне іншых краін, якія звязаны з Беларуссю сваяцкімі ці прафесійнымі каранямі.
Як вядома, існуюць два спосабы прыёму спадарожнікавага канала. Першым карыстаюцца ўладальнікі "талерак" - сістэм індывідуальнага прыёму. Акрамя таго, існуюць калектыўныя карыстальнікі - кабельныя аператары, якія распаўсюджваюць сігнал для сваіх абанентаў. У кабельных аператараў замежжа сёння больш за 1 мільён абанентаў. 3 пачаткам вяшчання ў Інтэрнеце тэлеканал "Беларусь-ТБ" можна глядзець практычна ў любым месцы планеты. Аднак весці ў дадзеным выпадку якую-небудзь статыстыку аўдыторыі цяжка.

- Вяшчанне на канале ідзе кожны дзень, на працягу 17 гадзін. Гэта зусім нямала. Вы плануеце ў перспектыве выпускаць уласны тэлепрадукт або толькі выбіраць лепшыя перадачы, зробленыя на асноўных беларускіх каналах, - БТ, АНТ, СТВ, Лад?
- На "Беларусь-ТБ" прадстаўлены лепшыя праграмы буйнейшых беларускіх вытворцаў тэле-, кіна- і відэапрадукцыі - Белтэлерадыёкампаніі, "Другога нацыянальнага канала", "Сталічнага тэлебачання", Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага відэацэнтра. Калі фарміруецца сетка вяшчання, улічваецца культурна-гістарычная значнасць відэаматэрыялаў, рэйтынг праграм, узроставыя характарыстыкі магчымай аўдыторыі і г.д.
У будучым магчыма стварэнне і ўласных перадач тэлеканала "Беларусь-ТБ". Кожны канал павінен мець адну-дзве адметныя праграмы, якія вылучаюць яго сярод іншых. Хоць, з другога боку, афармленне канала, праграма і анонсы перадач - гэта наш уласны прадукт.

- Якія блокі ці асноўныя перадачы канала вызначаюць, на вашу думку, ягоны ўзровень? Якія перадачы, прысвечаныя пытанням культуры, ужо знайшлі трывалую прапіску на "Беларусь-ТВ"?
- Гэта тэлеперадачы, якія ўжо палюбіў беларускі глядач, - "Славянскі базар у Віцебску", "Добрай раніцы, Беларусь!", "Час кіно", "На скрыжаваннях Еўропы", "Час спорту", "Бум", "5x5", мастацкія і дакументальныя фільмы розных гадоў, праграмы, створаныя Агенцтвам тэлевізійных навін.

- Рэклама на вашым канале таксама будзе?
- У цяперашні час яна адсутнічае. Справа ў тым, што рэклама можа супярэчыць заканадаўству той краіны, у якой прымаецца спадарожнікавы канал. Рэклама ў тым выглядзе, у якім яе хочуць бачыць у нас, не заўсёды цікавая таму гледачу. А вось іміджавая рэклама, якая працуе на краіну на яе нацыянальныя брэнды, можа быць.

- Цікава было б атрымаць уяўленне пра арганізацыйную і жанравую структуру вяшчання новага тэлеканала.
- Працу канала "Беларусь-ТБ", у штат якога ўваходзяць 47 супрацоўнікаў забяспечвае прадзюсерскі цэнтр, што складаецца з прадзюсерскай групы, аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру маркетынгавага аддзела, дырэкцыі вяшчання (аддзел праграмавання і эфірны аддзел).
Што датычыць жанравай структуры тэлепраграм, дык яна была распрацавана ў агульнай канцэпцыі канала. Напрыклад, фарматы інфармацыйна-аналітычнага і грамадска-палітычнага вяшчання займаюць 25%, сацыяльна-культурнага - каля 20%, музычна-забаўляльнага - 15%. Кінапаказ (мастацкія і дакументальныя фільмы Беларусі, серыяльная прадукцыя СНД) займае 30-35% эфірнага часу.

- Скажыце, а колькі каналаў прымае тэлевізар у вашым рабочым кабінеце?
- Пятнаццаць. У тым ліку ўсе нацыянальныя каналы плюс SNN, ВВС - у замежных версіях краін-вяшчальніц.

- Цікава, з прагляду якога тэлеканала пачынаеце вы свой працоўны дзень?
- 3 Першага нацыянальнага і праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" На маю думку, гэта вельмі ўдалая брэндавая назва. Яна падкрэслівае, з аднаго боку, у якой краіне ты жывеш, а з другога, адлюстроўвае самае важнае з падзей, якія адбываюцца ў Беларусі.

- Вельмі цікава было б распытаць вас як генеральнага прадзюсера пра дзейнасць спадарожнікавых каналаў у іншых краінах, далёкіх ад Беларусі і блізкіх да яе. Напрыклад, як даўно ўзнікла спадарожнікавае тэлебачанне ў суседняй Расіі? Там яно дзяржаўнае або прыватнае?
- Ва ўсім свеце дзяржаўнае тэлебачанне, якое выконвае функцыю вяшчання на іншыя краіны, існуе як дадатак да камерцыйнага. У Расіі ёсць адна Усерасійская дзяржаўная тэлерадыёкампанія, у якую ўваходзяць каналы "Расія", "Культура", РТР-Планета, а таксама шэраг каналаў радыё.
Спадарожнікавае вяшчанне ўвогуле ўзнікла параўнаўча нядаўна, на пачатку 90-х гадоў. У Расіі яно пачалося са стварэння спадарожнікавых версій тэлеканалаў ГРТ (цяпер называецца "ГРТ міжнароднае") і "Расія" (спадарожнікавая версія - "РТР Планета").
Хоць, на мой погляд, з'яўленне беларускага спадарожнікавага канала - падзея рэвалюцыйная, але мы з ім крыху спазніліся. I ўсё-такі ідзём у кантэксце тых рэформ, якія адбываюцца ва ўсім свеце.
Функцыянаванне, фарматы, распаўсюджванне тэлеканалаў - гэта цэлая палітыка. Заўважу, што кожны канал арыентаваны на пэўную аўдыторыю. У свеце набярэцца ўсяго з дзесятак нават не нацыянальных, а транснацыянальных каналаў. Напрыклад, такія "монстры", як SNN, Euronews маюць разнастайныя версіі. Канал France Internationale ствараўся спачатку для былых французскіх калоній. А потым на еўрапейскай тэрыторыі пачалі распаўсюджвацца яго перакладныя фарматы, бо французскае кіно прымальнае ў любой краіне... Нямецкі канал Deutsche Welle мае свой падыход да вяшчання. Напрыклад, BBC World ствараўся для жыхароў былых англійскіх калоній. "Аль-Джазіра" - канал арабскага свету. SNN - наогул унікальны канал, ён выконвае стратэгічныя задачы. Невыпадкова Мадлен Олбрайт назвала яго 16-м членам Савета Бяспекі ААН. Яго мэта і задачы - уплыў на палітычную сітуацыю ў свеце, калі, напрыклад, ваенныя падзеі ў Югаславіі трансліраваліся фактычна ў прамым эфіры.
Нам бессэнсоўна канкурыраваць з такімі каналамі, як РТР, Deutsche Welle. 3 аднаго боку, яны вельмі спецыялізаваныя, з другога - па сваім якасным узроўні нашмат вышэй, таму што іх робяць сусветныя кампаніі. Беларусь - невялікая краіна, і магчымасцей у нас непараўнальна менш.
Што значыць "прыйсці ў Еўропу"? Гэта значыць ствараць прадукт зусім іншай якасці, які ўлічвае менталітэт народа той краіны, каму адрасуюцда перадачы. Акрамя таго, еўрапейскі эфір значна больш камерцыялізаваны, таму кабельнаму аператару пэўнай краіны нявыгадна "браць" адзін канал, лепей - пакет. Напрыклад, рускі, беларускі, украінскі спадарожнікавыя каналы. (Дарэчы, гэта ідэя, якая пакуль нідзе не рэалізавана).
"Прасоўванне" любога канала як тэлевізійнага брэнда - гэта спалучэнне прамаціравання і праграмавання. Важна, у якой ступені пісьменна расстаўлены перадачы ў праграме, на чым зроблены акцэнты.
Канал "Беларусь-ТБ" выклікае цікавасць таму, што адрозніваецца ад іншых. Мая задача - адлюстраваць у праграмаванні і фармаціраванні канала менталітэт, нацыянальныя асаблівасці беларусаў.

- Наколькі я разумею, калі вы - генеральны прадзюсер спадарожнікавага канала, дык або аўтар канцэпцыі яго развіцця, або адзін з аўтараў?
- Так.

- На сцяне вашага працоўнага кабінета бачу шэраг дыпломаў. Адзін з іх сведчыць, што вы з'яўляецеся правадзейным членам Еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыёвяшчання. Другі - дыплом пераможцы расійскага конкурсу "Менеджэр года-2004", які, я ведаю, адбыўся зусім нядаўна...
- Расійская акадэмія менеджмента, якая праводзіла конкурс, - салідная арганізацыя і мае сертыфікат ААН. У красавіку 2005 года конкурс прайшоў у Расіі ўжо восьмы раз, прычым намінацыя "Электронныя СМІ" была ўведзена ўпершыню. Вядома, прыемна, што мае прафесійныя здабыткі ацэнены такім прадстаўнічым журы. Узнагароджанне пераможцаў адбывалася ў Крамлёўскім палацы з'ездаў.

- I апошнія пытанні. Наяўнасць спадарожнікавага канала - дарагое задавальненне для краіны ці эканамічна выгаднае прадпрыемства? I па-другое. Якой бачыцца вам перспектыва далейшага развіцця першага беларускага спадарожнікавага канала?
- Стварэнне міжнароднага тэлеканала "Беларусь-ТБ" - не толькі чыста тэлевізійны, але і інавацыйны праект. Нацыянальнае тэлевяшчанне здзяйсняе пэўны тэхналагічны прарыў. Такім чынам, у Беларусі распачнуць шырока распаўсюджвацца стандарты тэлевяшчання, на якія арыентуюцца сёння ўсе еўрапейскія краіны.
Задача спадарожнікавага распаўсюджання тэлесігналу Белтэлерадыёкампаніяй увогуле вырашана, сам працэс уздыму на спадарожнік засвоены. I таму пашырэнне зоны яго распаўсюджвання - пытанне чыста тэхнічнае і фінансавае. Неабходна вызначыць, на якую частку планеты Беларусь зацікаўлена распаўсюджваць інфармацыю ў далейшым. I, адпаведна, колькі грошай на гэта можа выдаткаваць дзяржава...
Пры гэтым неабходна ўлічваць, што тэлевізійнае вяшчанне на іншыя краіны датуецца або поўнасцю фінансуецца за кошт дзяржаўных сродкаў ва ўсіх краінах свету. Паколькі размова ў дадзеным выпадку ідзе пра імідж краіны... А імідж, прывабнасць кожнай дзяржавы - гэта, як правіла, інвестыцыі, якія выдзяляюцца на працяглы тэрмін. Усё гэта непараўнальна больш сур'ёзная справа, чым асобныя рэкламна-камерцыйныя паступленні.

Гутарыла Таццяна МУШЫНСКАЯ.