Любіце прыроду!

15.04.2016

"Звязда"

Вядучыя "Беларусь 2" прымуць удзел у адкрыцці экасцежкі

16 красавіка, напярэдадні рэспубліканскага суботніка, тэлеканал "Беларусь 2", Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прыход храма ў гонар святога Мікалая Японскага і Цэнтр экалагічных рашэнняў правядуць сумеснае мерапрыемства па адкрыцці экалагічнай сцежкі "Каменная Горка".

У гэты дзень у сталіцы ў самым вялікім і густанаселеным мікрараёне Каменная Горка на тэрыторыі храма на вуліцы Лідскай з'явіцца экалагічная сцежка. Дарэчы, гэта першая экалагічная сцежка ў Беларусі на тэрыторыі праваслаўнай царквы.

У акцыі з боку арганізатараў прымуць удзел міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Каўхута, генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Кірыл Казакоў, настаяцель прыхода храма ў гонар святога Мікалая Японскага Мінскай епархіі БПЦ протаіерэй Павел Сярдзюк, кіраўнік рабочай групы па супрацоўніцтве Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў. Творча-працоўную каманду тэлеканала "Беларусь 2" будуць прадстаўляць папулярныя вядучыя Рустам і Равіль Насыравы, Ілья Конанаў, Мар'яна Муранкова, Арцеміс Ахпаш, Вікторыя Касянюк, Дзмітрый Карась.

Удзельнікі акцыі будуць задзейнічаны ў пасадцы дрэў. Таксама плануецца правесці добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Для ўсіх ахвотных правядуць аглядную экскурсію па экалагічнай сцежцы. Па завяршэнні пройдзе сумеснае чаяванне.

Стваральнікі і куратары праекта разлічваюць, што экасцежка стане добрай пляцоўкай для фарміравання ў дзяцей і моладзі свядомага ўспрымання навакольнага прыроднага асяроддзя, перакананасці ў неабходнасці беражлівых адносін да прыроды, разумнага выкарыстання яе рэсурсаў. У планах арганізатараў - далейшае развіццё экалагічнай сцежкі "Каменная Горка". За ходам мерапрыемства будуць сачыць здымачныя групы праграм "ПІН_КОД" і "Рэпарцёр". А гэта азначае, што гледачы "Беларусь 2" убачаць поўную справаздачу аб тым, як працавалі іх любімыя вядучыя.

Алена ДРАПКО.