"Litesound": курс на Баку

12.05.2012
"Культура", 12 мая 2012 г.


Сёння гурт "Litesound" выпраўляецца ў Баку, дзе пройдуць два паўфіналы і фінал "Еўрабачання". 24 мая ўключаць тэлевізар дарэмна: паўфіналы не трансліруюцца. Затое праз дзень можна будзе далучыцца да гэтага сусветна вядомага шоу і прагаласаваць за ўлюбёнцаў, акрамя, зразумела, прадстаўніка сваёй краіны.
Што ж павязуць браты Каракіны ў Азербайджан, акрамя сонечнага настрою і ўласна песні? Шмат сюрпрызаў. Адзін з іх - у тым, што версій конкурснай песні зроблена некалькі - у розных стылях. На сцэне, вядома, выконвацца будзе асноўны варыянт, ён жа ўвасоблены ў кліпе. Але джазавае прачытанне з аркестрам Аляксандра Ліпніцкага, якое змаглі пачуць і пабачыць журналісты на прэс-канферэнцыі перад ад'ездам гурта, - здаецца, яшчэ больш драйвавае, надзвычай стыльнае, аптымістычна артыстычнае і завадное. А ёсць жа яшчэ і "варыяцыі ў стылі блюз", і дыска, якое прымусіць не столькі слухаць, колькі танчыць, і нават... шансон - дарэчы, ледзь не самы запатрабаваны на канцэртах. Дзякуючы такой "варыятыўнасці", на разнастайных прома-акцыях і вечарынках, якіх на "Еўрабачанні" багата, нашы хлопцы могуць быць заўсёды новымі - і, у той жа час, пазнавальнымі. Бо галоўнае ў песні, на думку Дзмітрыя Каракіна, не стыль апрацоўкі, а - сама мелодыя.
Здымкі кліпа, разлічаныя паводле бюджэту на дзве змены, доўжыліся ажно адзінаццаць. Аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам выступіў Дзмітрый, аператарам - Уладзімір. Дапамагалі - усе. Але асаблівая ўдзячнасць - Міністэрству надзвычайных сітуацый. Бо без удзелу адважных і вынослівых выратавальнікаў увогуле нічога не атрымалася б. Здымкі вяліся на палігоне МНС пад Барысавам, дзе можна змадуляваць любую сітуацыю. Для кліпа, як распавёў дырэктар калектыву і бацька хлопцаў Юрый Каракін, змадулявалі ажно... канец свету. Ды справа не толькі ў тэхніцы, але і ў людзях. Супрацоўнікі МНС заступілі на службу а 4-й гадзіне раніцы, здымкі былі прызначаны на вечар, але зацягнуліся да раніцы наступнага дня. Людзі працавалі больш за суткі, даказаўшы, што беларускія выратавальнікі могуць папярэдзіць любую непрадбачаную сітуацыю, уключаючы праславуты канец свету. Да гэтай прафесіі, дарэчы, з вялікай пашанай ставяцца ва ўсіх краінах. Можа, гэтая акалічнасць таксама ўзніме колькасць галасоў ад гледачоў? Журы ж будзе выносіць свой вердыкт на суткі раней.
Самому ж "Litesound" гадзін у сутках відавочна не хапае. Братоў Каракіных прымушаюць не працаваць, а, наадварот, хаця б крыху паспаць. Прома-тур у іх быў адзін - у Брусель. Але тое, што фаны сустракалі іх са сцягамі Беларусі і іх партрэтамі, падпявалі ў многіх песнях, ведаючы не толькі мелодыю, але і словы, сведчыць, што разлік на папулярызацыю праз Інтэрнэт сябе спраўдзіў. Праўда, лічыцца, што для інтэрнэт-раскруткі патрабуецца больш часу, яна - доўгатэрміновая, і многае, што хлопцы хацелі б здзейсніць, зрабіць яны ўжо не паспяваюць. Што ж, будзем спадзявацца на іх маладосць, харызму - і шчаслівую, на думку Дзмітрыя, лічбу "5", пад якой ім давядзецца выступіць у другім паўфінале. Мяркуйце самі: на сцэне ў час беларускага выступлення будзе пяцёра ўдзельнікаў, усе яны - пяцікурснікі (дарэчы, Дзмітрыю з-за "Еўрабачання" даводзіцца пераносіць дзяржэкзамен, запланаваны на 25 мая). Дзень нараджэння Дзмітрыя, калі скласці лічбы дня і месяца, таксама дае ў суме "пяцёрку". Ну а колькі балаў атрымае іхняе выступленне - неўзабаве даведаемся.