Lіtеsоund: "Мы робім гэта не дзеля піяру, а дзеля гонару"

15.03.2012
"Звязда", 15 сакавіка 2012 г.


І на сённяшні дзень тэмай, якая найбольш абмяркоўваецца ў краіне, быў і застаецца конкурс "Еўрабачанне". Вы, вядома, ведаеце, што ў якасці прадстаўнікоў ад Беларусі на конкурс у Баку паедзе гурт Lіtеsоund. Мы пагутарылі з заснавальнікамі і па сумяшчальніцтве франтмэнамі групы - Дзмітрыем і Уладзімірам Каракінымі.

- Вы шмат разоў удзельнічалі ў конкурсе "ЕўраФэст". Чаму менавіта гэты конкурс вас так цікавіць?
Д.: Таму што лічым, што мы можам прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні" годна. Мы верым у нашу перамогу. Мяне часта пытаюцца, чаму мы не хочам паехаць ад іншай краіны на Еўрабачанне.

- І чаму?
Д.: У Беларусі нас любяць і шануюць. Мы робім гэта не дзеля піяру, а дзеля гонару, калі можна так сказаць.
- А якія наогул планы, акрамя "Еўрабачання"?
Д.: Акрамя "Еўрабачання", пакуль што планаў ніякіх няма.
У.: Не, насамрэч планы - гэта заўсёды вельмі цяжкае пытанне. Мы пра планы не гаворым, пакуль яны не становяцца рэальнасцю. Таму сёння наша рэальнасць - гэта тое, што мы маем: група едзе на "Еўрабачанне", і на гэтым рэальнасць пакуль што сканчаецца.

- Раскажыце, ці былі ў вас у дзяцінстве куміры са свету музыкі і кіно? Як яны паўплывалі на вашу творчасць?
Д.: У дзяцінстве мы слухалі тую музыку, якую слухала наша мама. Менавіта мама пачала фарміраваць наш музычны густ. Мы слухалі розныя класічныя творы: гэта былі оперныя арыі, творы розных класічных жанраў. Потым перайшлі на больш папулярную музыку, якую слухалі бацькі. Напрыклад, такія групы, як АBBА, Bоnеу M, пазней - Bеаtlеs.
Тынэйджарамі перайшлі на Nіrvаnа, гэта была наша любімая група. Потым неяк паступова пачалі самі музіцыраваць, займацца музыкай. Потым Вова паглядзеў фільм "Назад у будучыню" і вырашыў іграць на гітары, як і галоўны герой. Іграць на гітары было вельмі крута і класна.
У.: Я магу сказаць, што з часам, калі чалавек становіцца больш талерантным, можна пачуць нешта добрае ва ўсіх стылях музыкі. Тое ж самае адбываецца і з намі. Мы слухаем вельмі шмат самай рознай музыкі, пачынаючы з хіт-парадаў вядомых радыёстанцый, такіх, як MTV і гэтак далей, і заканчваючы класічнымі творамі. А я асабіста люблю слухаць саўндтрэкі да амерыканскага кіно...
Д.: І не толькі да амерыканскага.

- А ці паўплывала на вашу творчасць культура краін, у якіх вы жылі?
Д.: Мы прыехалі ў Кітай, калі мне было 15 гадоў, а Валодзю - 11. І мы, вядома, слухалі там кітайскую музыку, у тым ліку і мясцовы поп. Для нас гэта было цікава. А канкрэтна сказаць, што паўплывала, цяжка.

- Ну, можа быць, нейкім чынам хоць зацікавіла?
Д.: Нейкі лірызм у творчасці з'явіўся. Таму лірыка, уласцівая нам, яна, магчыма, і зарадзілася дзякуючы кітайскім музычным традыцыям.
У.: Але, я думаю, тут справа нават не ў гэтым. Тут важнае натхненне, якое дае вось гэты кітайскі дух, сам настрой, які там ёсць, невымоўная атмасфера жыцця Кітая, гэткага лірызму.
Д.: Туманаў, вадаспадаў і разважанняў. Вось гэты настрой, хутчэй за ўсё, і адбіўся.
У.: А праз год ужо былі ў Амерыцы і пражылі там дастаткова вялікі адрэзак часу. І, вядома ж, амерыканская музыка таксама на нас аказала вельмі вялікі ўплыў. Думаю, гэта можна пачуць у нашай творчасці.

- А што наогул натхняла падчас напісання апошняга альбома?
Д.: Мы пішам толькі тое, што сапраўды нас хвалюе і кранае. Немагчыма нейкім чынам пачуцці зымітаваць, таму што нашы перажыванні мы інтэрпрэтуем і паказваем і ў музыцы, і ў тэкстах.

- Адзін з удзельнікаў гурта Lіtеsоund - італьянец Якопа Маса. Скажыце, ці не ўзнікала цяжкасцяў у рабоце з ім? Ці паміж вамі пануе такое ж паразуменне ў творчым плане, як і ў жыцці?
Д.: Мы адразу ж пасябравалі, калі былі ў Італіі на конкурсе ў 2006 годзе. Усяго было 11 канкурсантаў. Мы з ім спачатку проста пагутарылі, потым на пляж схадзілі, у кавярні пасядзелі разам. Нямногія італьянцы добра валодаюць англійскай, але нам пашанцавала, што ён свабодна гаварыў. Ніякіх моўных бар'ераў не было.
У.: Многія людзі з боку могуць падумаць, што група наогул не беларуская, таму што мы ўтрох гаворым адзін з адным на англійскай. Часта ўзнікала нават такая кур'ёзная сітуацыя на "Новай хвалі": усе хадзілі і пыталіся: "А дзе канкурсанты з Беларусі? А потым высвятлялася, што канкурсанты з Беларусі якраз-такі і ёсць мы, тройка маладых людзей, якія ўвесь час размаўляюць па-англійску. Якопа вельмі падабаецца і руская, і беларуская мовы. Ён ужо ведае некалькі слоў на беларускай мове - уліваецца патроху ў нашу культуру.

- Ён збіраецца працаваць у далейшым тут, у Беларусі?
Д.: Усё залежыць ад будучых абставін. Нягледзячы на тое, што мы з'яўляемся цяпер адным калектывам, вельмі мала праводзім часу разам. Ён зараз заканчвае вучобу, як і мы. Ужо пасля яе заканчэння будзем думаць, як нам працаваць далей.

Як пазней напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Дзмітрый: "Мы ўсе лічым, што гэта - пачатак Новай Эры. Цяпер мы з упэўненасцю скажам - мы адзіны народ, мы выбіраем, мы дамагаемся сваіх мэтаў. Мы верым. Мы думаем. Мы незалежныя! Нам нельга навязаць чыю-небудзь думку. Мы імкнёмся да таго, каб беларусы ганарыліся сваімі героямі - нашымі спартсменамі, музыкамі, акцёрамі, навукоўцамі, рабочымі, настаўнікамі, будаўнікамі і ўсімі, хто можа дамагчыся свайго, нягледзячы ні на якія цяжкасці. Я кажу нам усім велізарны ДЗЯКУЙ. Кожны, хто робіць уклад у агульную справу - ГЕРОЙ. Менавіта пра гэта наша песня "Wе Аrе Thе Hеrоеs"! ТЫ - Я - ЯНЫ - МЫ - ГЕРОІ!!!".
Што ж, застаецца пажадаць хлопцам поспеху на "Еўрабачанні-2012" у Баку. Будзем усёй краінай верыць у нашых хлопцаў, групу Lіtеsоund. Мы пераможам!

Аляксандра Гайкевіч, Таццяна Задрэйка.