Культурны пульс

28.02.2014
"Звязда", 28 лютага 2014 г.

 

Першы сацыякультурны канал адзначыў сваю першую гадавіну. Сёння "Беларусь 3" смела замацоўвае свае пазіцыі ў статусе пазнавальнага, адукацыйнага, асветніцкага канала, дзе асвятляюцца тэмы культуры і гісторыі.
"З самых першых дзён, калі ў нашай краіне пачалося вяшчанне тэлеканала "Беларусь 3", з'явілася ўнікальная магчымасць уголас заявіць пра нашу культуру і спадчыну... Упэўнены, што ўжо зусім хутка тэлеканал стане паўнацэннай дыскусійнай пляцоўкай для людзей мастацтва, інтэлігенцыі, настаўнікаў, творчай моладзі, чыноўнікаў ад міністэрстваў культуры, інфармацыі і адукацыі. Адначасова з гэтым мы можам зрабіць "Беларусь 3" нацыянальным Dіscovery",?- адзначыў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.
Тэлеканал "Беларусь 3" разлічаны на аўдыторыю розных узростаў. А яго фармат дазваляе запрашаць розных гасцей і пашыраць жанравую разнастайнасць праграм. Так аснову будняў складае тэматычная падборка відавых фільмаў, дзе аб'ядноўваюцца лепшыя ўзоры тэле- і кінадакументалістыкі. На працягу дня ў эфіры транслююцца праграмы, разбітыя па рубрыках: "Кіно", "Тэатр", "Літаратура", "Музыка", "Асобы", "Гісторыя", "Навука", "Музеі" і шэраг іншых.
Лінейку кіно складаюць экранізацыі класічных літаратурных твораў, лепшыя карціны беларускай і замежнай вытворчасці, легенды савецкага кінематографа, фільмыўдзельнікі сусветных фестываляў, фільмы-біяграфіі і міні-серыялы.
Каманда канала ўвесь час працуе над стварэннем новых цікавых праектаў. Напрыклад, з верасня 2013 года ў эфір выходзіць праграма "Дыя@блог", галоўная адметнасць якога - інтэрактыўны дыялог з аўдыторыяй праз інтэрнэт-блогі вядучых, дзе можна не толькі даведацца інфармацыю, але і асабіста задаць пытанні. Нягледзячы на "юны" ўзрост, праект ужо набыў гледачоў і прыхільнікаў, і нават з'явіліся першыя ўзнагароды.
Маладых гледачоў радуюць у праграме "Дабраранак", дзе ёсць месца вясёлым прыгодам, мультфільмам, пазнавальным сюжэтам; не абыходзіцца без сустрэч з цікавымі гасцямі. А анонс цікавых прэм'ер і новых праектаў прадстаўляе "Культпрасвет". Арыгінальнымі з'яўляюцца таксама на "Беларусь 3" праграмы "Таямніца душы", "Сіла веры", "Наперад у мінулае".
Вядзецца праца і над шэрагам новых праектаў, якія пакуль што трымаюцца ў сакрэце, але верыцца, у хуткім часе папоўняць сетку вяшчання. Што немалаважна, у інтэрнэце тэлеканал мае свой сайт www.3belarus.by, дзе можна знайсці самую актуальную інфармацыю аб праектах і праграмах, а таксама глядзець выбраныя перадачы і фільмы ў рэжыме on-lіne.

Аляксандр Яфрэмаў, рэжысёр, народны артыст Беларусі:
- Вельмі прыемна, што такі тэлеканал у нас цяпер з'явіўся. Памятаю, у адным з іх праектаў паказвалі мае фільмы, яны ішлі недзе на працягу двух тыдняў. Гэта бясспрэчна парадавала, бо мы працуем для гледача, а не для таго, каб зняты фільм пыліўся недзе на паліцы. І тое, што пад такую ідэю аддалі цэлую праграму - проста здорава.
Неабходнасць такога тэлеканала, як "Беларусь 3", відавочная, бо ў нас багатая культура, якая мае свой узровень, і варта не саромецца яго, а дэманстраваць. У нас ёсць не толькі спорт, але і мастацтва. Трэба рабіць усё для захавання фільмаў, спектакляў...
Я выбіраю для прагляду тое, чаго не бачыў раней і што выклікае маю зацікаўленасць. Стараюся адсочваць опернае мастацтва, сімфанічную музыку, люблю дакументальнае кіно, фільмы, звязаныя з гісторыяй Беларусі, яркімі асобамі ў ёй. І менавіта дзякуючы каналу я маю магчымасць кампенсаваць тое, на што не заўсёды хапае часу паглядзець "жыўцом".

Алег Рыжкоў, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь:
- Калі казаць пра сутнасць тэлеканала "Беларусь 3", то вельмі важны момант у тым, што ёсць магчымасць быць не толькі староннімі назіральнікамі, але і ўдзельнікамі стварэння праграм і праектаў, якія з'яўляюцца на ім. Напрыклад, сёння мы разглядаем варыянты супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея з тэлеканалам і вядзём перамовы наконт новых праектаў. І, хочацца спадзявацца, мы знойдзем агульныя пункты судакранання і зможам рэалізаваць патэнцыял нашых фондаў, прымяніць веды навуковых супрацоўнікаў для папулярызацыі гісторыі і культуры нашай краіны.

Алесь Бадак, галоўны рэдактар часопіса "Нёман":
- Гэты тэлеканал заняў тую нішу, якая доўгі час пуставала на тэлепрасторы Беларусі. Канал адрасаваны ўсім, незалежна ад узросту, бо тут ёсць перадачы рэтра, праграмы абсалютна новыя, якія здольны зацікавіць і моладзевую аўдыторыю. Але самае галоўнае тое, што канал аб'ядноўвае ў плане духоўнасці. Гаворыць пра тыя рэчы, якія вельмі важна абмяркоўваць: на вялікі жаль, сёння многія тэлегледачы маюць магчымасць глядзець па пяцьдзясят і больш каналаў, але не заўсёды спыняюцца на такіх, як "Беларусь 3". Аддаюць часта перавагу забаўляльным праграмам і фарматам - фільмам, серыялам, ток-шоу.
Я, на жаль, не самы актыўны тэлеглядач у прынцыпе. Але рэгулярна гляджу "Беларусь 3", бо для сябе там знаходжу шмат цікавых перадач. Магу пераглядзець лепшыя фільмы. Тым больш калі гэта класіка, якую рэдка дзе сустрэнеш. Плюс да ўсяго тэлеканал вельмі стыльны. Ён не гоніцца за нейкімі моднымі праектамі, ток-шоу, дзе часта гавораць многа, а ты глядзіш, бывае, сорак хвілін і не можаш і зразумець, дзеля чаго страціў час. Факт і інтрыга ў аснове, а ў выніку ні пра што. А на "Беларусь 3" усё робіцца і паказваецца інтэлігентна, цікава, і гледача вымушаюць задумацца.

Алена ДРАПКО.